Менавіта гэтая краіна вырабляе самалёты сямейства Embraer. Астана адмовілася ад ідэі перадаць чорныя скрыні Міжнароднаму авіяцыйнаму камітэту СНД, якую лабіравала Расія.
Міністэрства транспарту Казахстана паведаміла, што «чорныя скрыні» самалёта Embraer авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які выконваў рэйс «Баку — Грозны» і разбіўся каля Актау, будуць адпраўленыя для аналізу ў Бразілію, дзе было выраблена паветранае судна.
«Улічваючы рэкамендацыі ІКАО і праведзеныя кансультацыі з авіяцыйнымі ўладамі Азербайджана і Расіі, Камісіяй па расследаванні авіяцыйнага здарэння, якую ўзначальвае міністр транспарту РК Марат Карабаеў, прынята рашэнне накіраваць бартавыя самапісцы («чорныя скрыні») у Цэнтр расследавання і прадухілення авіяцыйных здарэнняў Бразіліі (CENIPA), якая таксама з'яўляецца краінай-вытворцам паветранага судна Embraer», — паведамілі ў Мінтрансе.
Удакладняецца, што CENIPA мае «неабходныя тэхнічныя магчымасці, заяспечана адпаведным абсталяваннем і сертыфікаванай лабараторыяй для счытвання дадзеных».
Раней паведамлялася, што прэс-служба прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева паведаміла, што самалёт «падвергся знешняму фізічнаму і тэхнічнаму ўздзеянню».
Каментары