Уладальнік расійскага судна, якое ішло ў Сірыю і затанула, заявіў, што гэта тэракт
Сухагруз, меркавана, накіроўваўся ў сірыйскі порт Тартус для вывазу расійскай вайсковай тэхнікі і рыштунку.
Аператар «Абаронлагістыка», уладальнік расійскага сухагруза «Урса Маёр, што затануў у Міжземным моры, заявіў, што ў дачыненні да судна адбылася тэрарыстычная атака. З правага борта сухагруза адбыліся тры выбухі.
Раней паведамлялася, што на борце расійскага судна «Урса Маёр», якое праходзіла па Міжземным моры паміж Іспаніяй і Алжырам, адбыўся выбух, цеплаход затануў. Двое членаў экіпажа прапалі без вестак, астатніх 14 удалося выратаваць.
Выданне Insider пісала, што сухагруз, хутчэй за ўсё, накіроўваўся ў сірыйскі порт Тартус для вывазу расійскай вайсковай тэхнікі і рыштунку.
Паводле даных іспанскіх СМІ, тых членаў экіпажа, якія выжылі, даставілі ў іспанскі горад Картахена. Выбух адбыўся ў машынным аддзяленні карабля.
Афіцыйным пунктам прызначэння судна значыўся Уладзівасток. Пры гэтым, як лічаць эксперты, «Урса Маёр» з трыма вялікімі дэсантнымі караблямі і яшчэ адным цеплаходам пад назвай «Спарта» накіроўваліся ў сірыйскі порт Тартус. Мэта місіі — вывезці вайскоўцаў, тэхніку і рыштунак і такім чынам канчаткова спыніць працу расійскай вайсковай базы.
Судна выйшла з Санкт-Пецярбурга 11 снежня. Паводле даных іспанскіх СМІ, яму пятнаццаць гадоў, яно было пабудавана ў 2009 годзе.
У Тартус сілы сірыйскай апазіцыі ўвайшлі 8 снежня, захапіўшы без бою будынкі дзяржаўных устаноў. На наступны дзень паступілі паведамленні, што расійскія вайсковыя караблі пакінулі пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ РФ у Тартусе. Гэта ж пацвердзілі спадарожнікавыя здымкі.
Тады ж расійскія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што лідары сірыйскіх паўстанцкіх груповак гарантавалі бяспеку расійскіх вайсковых баз і дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі краіны. У той жа час прадстаўнікі новай улады выказаліся супраць расійскай вайсковай прысутнасці ў краіне.
Каментары