60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне
Беларускаму добраахвотніку ва Украіне з пазыўным Бача сёлета споўнілася 60 гадоў. Ён правёў два з лішкам гады на фронце, дзе ў дзень 59-годдзя ледзь не загінуў ад «прылёту» за пару метраў ад сябе. Сярод іншага, Бача ўмацоўваў дысцыпліну сярод маладых салдат і нават спрабаваў увесці абавязковае выкарыстанне беларускай мовы. Пра свой досвед на вайне i не толькі добраахвотнік расказаў у інтэрв’ю «Трыбуне».
— У Беларусі, у Брэсце, я працаваў у свой час 10 гадоў на будоўлі, быў кранаўшчыком — не адстойваў свае правы, пра палітыку нічога не гаварыў. Пасля ў мяне быў пэўны перапынак у працы, у які я быў актывістам прафсаюза РЭП. Далей вярнуўся на будоўлю, але іншым чалавекам, які ўжо ведаў, што такое правы, як іх абараняць.
У 2019 годзе, калі Лукашэнка чарговы раз паехаў у Маскву, я выйшаў на цэнтральную плошчу ў Брэсце і прастаяў адзін з другой да трэцяй гадзіны дня з бел-чырвона-белым сцягам. Побач ездзіў бус з таніраваным шклом, мяне быццам бы фатаграфавалі, але ніхто не забраў. А выйшаў я таму, што быў супраць «рускага свету». І я быў супраць Саюзнай дзяржавы, цалкам супраць таго, каб Беларусь увязвалася ў сяброўства з Расіяй. Таму што шмат стагоддзяў яна нас па факце гнаіць.
З 2014 года Пуцін — гэта вайна. А цяпер ужо і Лукашэнка — гэта вайна. І дурню павінна быць зразумела, што за яго галасаваць у студзені значыць галасаваць за вайну. Але, на жаль, дурняў у Беларусі хапае.
У 2020-м я таксама быў актыўным, паказваў сваю пазіцыю. Хацеў трапіць у выбарчую камісію. У чэрвені падаў заяўку, але мне адмовілі па нейкіх фармальных прычынах. У адказ на гэта я зноў выйшаў у Брэсце з БЧБ-сцягам, накінуў яго на сябе і стаяў з другой да трэцяй дня. Калі стаў каля скрыжавання, машыны сігналілі, людзі мяне віталі.
Наконт выбараў не здаўся — акрэдытаваўся назіральнікам. У першы дзень датэрміновых выбараў мне дазволілі пабыць на ўчастку ў школе. Члены камісіі тады нават налiчылі столькi ж выбаршчыкаў, колькi i я.
На другі дзень прыйшоў хвілін за 20 да адкрыцця ўчастка, а там ужо народу шмат, назіральнікі. Калі зачытвалі спіс тых, хто павінен зайсці, мяне не аказалася, спасылаліся на «кавідныя абмежаванні». Таму што ведалі, што я буду ўважліва за ўсім сачыць, правяраць. Я пачаў абурацца — прыгразілі міліцыяй. І так працягвалася ўсе днi датэрміновых выбараў.
У ноч на 9 жніўня я не спаў да раніцы, шмат думаў, як выказаць свой пратэст.
Да 8-й раніцы пайшоў на ўчастак. У руках былі мае медалі за Афганiстан. Адзін медаль толькі, баявы, пакінуў, бо хацеў яго кінуць у твар пракурору, калі мяне будуць судзіць. Тады абвінаваціў членаў камісіі ў тым, што яны скралі выбары, і кінуў медалі ім пад ногі, сказаў, каб вярнулі iх грамадзяніну Лукашэнку.
Там спалохаліся, зноў выклікалі міліцыю, мяне вывелі. Потым выдалі «ўзнагароду» — пратакол, у якім апісана, як я сябе паводзіў на ўчастку, што кінуў медалі, што казаў. І што за гэта я пазбаўлены акрэдытацыі назіральніка. Адна з настаўніц прыносіла мне медалі назад, але я не ўзяў.
А ў тую нядзелю я ж усё адно цэлы дзень назіраў за ўчасткам, лічыў людзей. Нават сфатаграфавана, як я з белай павязкай на галаве стаю на табурэтцы з біноклем і гляджу ў акно ўчастка. Калі шчыра, то так нічога не было відаць, але я хацеў прыцягнуць увагу, неяк іх прымусіць панервавацца. Дачакаўся, што яны закрылі ралеты, тады пайшоў.
Вярнуўся дадому, а 10 жніўня на першым аўтобусе паехаў на дачу — жонка казала, што агароды высахлі, а я тут адпачынак узяў для выбараў сваіх. Так што толькі праз некалькі дзён даведаўся, што рабілася ў Беларусі пасля выбараў. Натуральна, быў у шоку.
З 16 жніўня пастаянна быў на маршах. Пасля аднаго мяне забралі і далі 13 сутак. Адсядзеў частку ў Брэсце, частку ў Драгiчыне. Сярод сукамернікаў былі філосафы, айцішнікі, інжынеры. Хадзіў я ўсюды, акрамя таго марша, пасля якога пачалі судзіць людзей па «карагоднай справе». Проста ў той дзень быў у камандзіроўцы ў Баранавічах, а так бы дакладна пайшоў і «заляцеў». Але і ў Баранавічах на кран павесіў бел-чырвона-белыя шарыкі.
— Калі і чаму вы з’ехалi з Беларусі?
— У траўні 2021-га мяне затрымалі па «справе Аўтуховіча», я быў з ім знаёмы. Правялі ператрус, нічога не знайшлі, пратрымалі трое сутак у ІЧУ, але адпусцілі, нічога так і не прад’явіўшы. На працы мяне прымусілі напісаць заяву «па ўласным жаданні».
У чэрвені ці ліпені ў мяне быў другі ператрус, зноў нічога не знайшлі, але я зразумеў, што ад мяне дакладна не адстануць. Плюс на працу не бралі, даводзілася недзе падзарабляць нелегальна. Так працягвалася некалькі месяцаў, да снежня 2021-га.
І вось неяк убачыў у інтэрнэце, што нейкая беларуская фірма набірае кранаўшчыкоў для працы ў Польшчы. Звязаўся, у вынiку мне зрабілі працоўную візу, і я легальна выехаў з Беларусі. Працаваў на фірме ў Сахашчыка.
— Цi верылі вы, што ва Украiне пачнецца вайна?
— У мяне палякі на працы пыталіся, ці будзе вайна, i я заўсёды адказваў, што не, маўляў, Пуцін жа не дэбіл. Памыляўся. Ён увогуле кончаны, абсалютнае зло.
— З Афганiстана вы ведаеце, што такое вайна. Як вырашылi адправiцца на яе зноў?
— 28 лютага 2022-га я напісаў заяву Сахашчыку, што сыходжу, бо лічу сваім абавязкам ісці ваяваць, абараняць Украіну. Гэта быў сур’ёзны выбар і крок. Калі прымаў гэтае рашэнне, не спаў амаль. Але падумаў: «Магу я выехаць з Польшчы і дапамагчы ўкраінцам? Магу. Рукі, ногі ёсць. Калі загіну, дык хоць з разуменнем, што пражыў жыццё не дарма».
Паехаў у Варшаву, дзе фармаваўся беларускі батальён, і ў пачатку сакавіка ў другім канвоі адправiўся ва Украiну. Там атрымаў зброю, прайшоў навучанне. Быў у беларускай роце пры «Азове», батальёне «Волат», потым — у Палку Каліноўскага. З цягам часу нам УСУ прапанавалі кантракты.
Дарэчы, сям’я так і не прыняла маё рашэнне — з iмi я цяпер не маю зносiн.
— Кім вы думалі быць на вайне?
— Пра гэта не задумваўся. Разлічваў, што мне ў любым выпадку дадуць зброю, заданне. Ехаў выконваць тое, што скажуць. За плячыма ў мяне інжынерныя войскі.
— Таму вы і добра капаеце акопы, як мне расказвалі?
— Можа быць. Але, паверце, іх сапраўды трэба ўмець капаць. Аднойчы гэта мяне выратавала ад пагібелі на ўкраiнскiм фронце. Знаходзіўся ў сваiм акопе i якраз прысеў, каб паесці чарнасліву. I тут літаральна за пару метраў ад мяне прыляцела міна. Мяне толькі ўдарнай хваляй абдало, а калі б не выкапаў добры акоп і не прысеў, то мы б з вамі цяпер не размаўлялі.
Гэты прылёт здарыўся ў мой 59-ы дзень нараджэння, дык мне падарылi хваставік ад таго снарада, ён у мяне з сабой.
— Гэта быў момант, калi смерць падышла блiжэй за ўсё?
— Адназначна. А так кулі часта побач свісталі — але разумеў, што калі яны пралятаюць, значыць, не мае. Здараўся ў нас, дарэчы, і «дружалюбны агонь», быў такі форс-мажор.
— Якое ў вас было першае баявое заданне?
— Адна з аперацый у Херсонскай вобласці. «Кіт» прыязджаў і адгаворваў нас, казаў, што мы ідзем на непазбежную смерць. «Ваўкалак» яму адказваў: «Я прыехаў забіваць рускіх, а ты тут мяне адгаворваеш». Я таксама хацеў пайсці. Падчас той аперацыі мы ўзялі рускіх у палон і трапілі пад абстрэл.
Не разумею да гэтага часу, як нас не пакасіла. Але «Ваўкалака» кантузіла. Ды палкоўнік украінскі на міне падарваўся, яму нагу адарвала. Яго трэба было эвакуяваць, але я не падахвоцiўся — разумеў, што проста фізічна не пацягну, падумаў, што ёсць маладзейшыя хлопцы, мацнейшыя.
— Дарэчы, калі вы ішлі на вайну, былі асцярогі ў сувязі з узростам і фізічным станам?
— Наогул ніякіх. Я выдатна сябе адчуваў. Не куру, не ўжываю алкаголь. Як практыка паказала, я не пралічыўся. Цяпер здаецца, што мне не 60, а менш. У любога спытайце, як я хадзіў у паходы на вайне — ад маладых ніколі не адставаў. Часам людзі бралі мой заплечнік і не разумелі, як я яго нясу — такі ён быў цяжкі. І падтрымліваць форму мне было лёгка: рабіў нейкія практыкаванні, маладых прасіў, каб бралі з мяне прыклад. А калі ішлі на заданні, я часта маладым казаў: «Вы мае сыны, і я вас буду прыкрываць, калі раптам нешта здарыцца».
— Вы гатовыя былі ахвяраваць сабой дзеля маладых?
— Так, і я шчыра называў іх сваімі дзецьмі. Людзі казалі, маўляў, навошта гэтыя геройствы. Але я ад свайго не адступаўся. Проста ёсць такое iмкненне аднекуль знутры. А калі мы былі на баявых заданнях, я заўсёды прагаворваў кароткія малітвы, ад чыстага сэрца маліўся, калі навокал усё лётала.
— Вы ва Украіне стралялі з «Джавелінаў», ПЗРК. Ці лёгка было ў вашым узросце?
— Калі шчыра, я ў асноўным быў зараджаючым, стралялі маладыя. Праблем не было, я ўсяму навучыўся, але мне трэба было надзець акуляры, навесці прыцэл. Казаў хлопцам, што ім жа прасцей, хутчэй. Калі трэба — я шмальну, а так пакуль буду зараджаючым. І гэта таксама адказная справа.
Аднойчы праходзілі ў нас на Данбасе навучальныя стрэльбы. Увогуле мне яны не цікавыя: вось па фактуры, па рускіх — гэта з задавальненнем, а па хлявах не хачу. Але вось прызначыў мне камандзір байца-інструктара, каб навучыў мяне страляць з адной зброі.
Падыходзім да стрэльбішча, а там украінскія салдаты. Убачылі ў нас заходнюю зброю і адразу папрасілі паглядзець, стала ім цікава. Я кажу аднаму: «Слухай, аддам табе гэты гранатамёт, але толькі калі ты з яго стрэліш у бок рускіх, а не проста па хляве». Той так і зрабіў, а з інструктарам дамовіліся, што я нібыта стрэліў па кароўніку.
Мне яшчэ не падабалася, калі падчас вучэнняў проста падымалi ўверх аўтамат і выстрэлiвалi пару ражкоў. Навошта? Гэта ж пустое марнаванне боекамплекта. Маладым абы пашмаляць, а мне шкада боепрыпасы.
— Які дзень на вайне быў самым страшным?
— Нават не ведаю. Наогул, не скажу, што было так ужо страшна. А вось па маладых было бачна, што яны рэальна баяцца. Бачна, што большасць з іх не ваявалі ніколі, ды ўжо не разумеюць, што робяць на фронце. Памятаю, як да мяне ноччу на варце падышоў малады хлопец і папрасіўся пастаяць побач, хаця гэтым ён агаліў фланг. Я гляджу на яго: «Ты што робіш?»
На фронце я нават пісаў рапарты на імя камандзіраў, каб мяне не пасылалі на заданні з некаторымі маладымі байцамі, таму што не мог ім давяраць. У падраздзяленні прыязджаюць усякія раздзяўбаі. А армія і вайна — гэта дысцыпліна, адказнасць і давер. Калі гэтага няма, дык нічога добрага не будзе.
Пісаў я таму, што проста словы — гэта нішто, калі ёсць дакумент — ужо зусім іншая справа. Праз мае паперы мяне празвалі яшчэ «Рапарт». А ў Беларусі называлі «Кодэкс», таму што на працу хадзіў з працоўным кодэксам.
Сваёй настойлівасцю я дабіўся, каб у падраздзяленні былі штовячэрнія сходы, абмеркаванні сітуацыі, дыскусіі. Тады можна было б убачыць стан байцоў і даведацца праблемныя пытанні. На адным сходзе я ўвёў правіла, што за п’янку на першы раз трэба пазбаўляць 50% грошай за месяц, другі раз — 100%, а на трэцi раз выганяць наогул, таму што п’яніцам не месца на вайне. А за марадзёрства — па законах ваеннага часу, хаця слова «расстрэл» i не сказаў. Але калі ў нас загінулі два байцы восенню 2023-га, то ўсе гэтыя сходы сышлі на нішто.
Памятаю, мне адзін камандзір казаў: «Бача, калі ты будзеш так паводзіць сябе з маладымi, то яны ўсё разбягуцца». На што я задаваў пытанне: навошта тады ўвогуле яны прыехалі на вайну? Калі прыехалі, то гэта трэба шанаваць і быць моцнымі.
— Ва Украіне цяпер ёсць тыя, хто пазбягае мабілізацыі, не хочуць ісці ваяваць. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Лічу гэта ганьбай. Наогул не разумею, калі чалавек так робіць. Плаціць падаткі і абараняць Радзіму — гэта твой абавязак. Хто будзе бараніць краіну? Але, лічу, у гэтым вінаватая ўкраінская ўлада, якая загразла ў карупцыі. І людзі зняверыліся ў ёй, таму і не ідуць на фронт.
— Вы атрымлівалі раненні?
— Не, ні разу. Як казаў мой камандзір, я фартовы — на дзвюх войнах ні раненняў, ні кантузіі.
— Цi забівалі вы кагосьцi на дзвюх войнах, якiя прайшлi?
— У Афганiстане страляў па ворагах, але асабіста не бачыў, каб у кагосьці трапляў. Ва Украіне тое ж самае. Калі стралялі з «Сапага», я быў зараджаючым, потым прыходзілі пацвярджэнні, што снарад прылятаў у нару да рускіх.
— Ці па-рознаму вы ўспрымалi смерць у Афганістане i ва Украіне?
— Так. У Афганістане я баяўся загінуць. Быў малады, у мяне нават дзяўчыны на той момант не было. Забралі мяне ў войска ў 18-19 гадоў, неўзабаве адправілі ў Афганістан. Дарэчы, мяне туды не прымушалi ехаць, але гэта выглядала проста выратаваннем ад дзедаўшчыны ў нашай часці. Яна была такой, што я нават траўмаваў сабе рукi, каб не зашываць нічога «дзядам» па начах, казаў, што дамкрат які-небудзь упаў на руку.
У Афганістане я меў баявыя заданні. Неяк мы ўзялі нават у палон замежнага карэспандэнта, які здымаў выбух каля нас. Было страшна, калі гранаты надалёка ад нас прыляталі. Неяк нас накрыла моцна, засыпала пяском, але, на шчасце, усё абышлося.
Ва Украіне ж не скажу, што зусім не страшна, але неяк прасцей стаўлюся. Больш фаталізму. Таму што ёсць устаноўка: «Калі нешта здарыцца, то я не дарма пражыў жыццё».
— Якое ў вас увогуле цяпер стаўленне да вайны ў Афганістане?
— Гадоў з 10 таму ці нават больш я напісаў ліст паслу Афганістана ў Маскве і папрасіў за сябе асабіста дараваць мне за ўсе пакуты афганскага народа, у якіх я браў удзел. Гэтая вайна была несправядлівая, ганебная і нікому не патрэбная.
— Самыя гарачыя кропкі, у якіх вы ваявалі?
— Севераданецк, Бахмут, Нью-Ёрк.
Памятаю, эвакуяваліся з Севераданецка. Мост быў разбамбаваны, дык мы праз раку на нейкім плыце плылі. Неяк даплылі. Нас мянялі ўкраінцы. Але калі ўбачыў іх, проста прыйшоў у жах: яны былі літаральна з голымі рукамі: нейкія аўтаматы — i на гэтым усё! Хлопцаў літаральна на забой кінулі. Мы аддалі ім усё, што ў нас было: гранатамёты, гранаты і гэтак далей.
— Ці сустракалі вы пабрацімаў, старэйшых за вас?
— Былі аднагодкі толькі. Але я быў самым крутым «дзедам», мяне ўсе ведалі.
— Як мне расказвалі, вы былі самым шумным і гучным, калі заходзілі, напрыклад, у сталовую.
— Так. Заўсёды гаварыў «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» Потым мне рот пачалі затыкаць, прасіць супакоіцца. Але мне хацелася нейкіх лозунгаў, песень. Нават хацеў увесці правіла, каб раз на тыдзень абавязкова на працягу дня ўсе размаўлялі на беларускай мове, але не падтрымалі маю ініцыятыву.
Наогул, у мяне быў спіс з 20 пунктаў, як я бачу, каб палепшыць жыццё ў палку, падцягнуць дысцыпліну. Паслаў камандзірам, але ніякага адказу не атрымаў. Але рабіць усё адно трэба было нешта, таму што праблем у Палку дастаткова. У тым лiку яшчэ ў Польшчы трэба рабіць адсеў добраахвотнікаў больш строга і старанна. А то прыязджаюць часам зусім праблемныя, якія ўжываюць алкаголь, наркотыкі. Трэба не за колькасцю бегчы, а за якасцю.
— Чаму вы з'ехалі з Украіны?
— УСУ не заключаюць кантракты з байцамі з іншых краiн, якім за 60. Мне прапаноўвалi далей служыць у тыле, але мне такое не патрэбна. Ды яшчэ ў апошнi год пачаліся праблемы са спіной, я ледзь нагу цягаў. Сілай адправілі мяне ў Кіеў, дзе зрабілі МРТ, выявілi праблемы з хрыбетнікам. Тады я вырашыў, што ў 60 гадоў пайду ў адстаўку — менавіта так і напісана ў вайсковым білеце.
Праслужыў я 26 месяцаў. Калі ішоў на вайну, была чамусьці ўстаноўка, што пакуль мне споўніцца 60 гадоў, мы пераможам. Але не здарылася. Калi з’язджаў, то казаў, што калі спатрэблюся, то магу вярнуцца і падцягнуць дысцыпліну (смяецца).
З ад’ездам увогуле былi праблемы — польскай візы ў мяне не было. Звязаўся з «Вясной», яны мяне нiбыта запісалі на гуманітарную візу, але час ішоў — i нiчога. Тады выйшаў на Сахашчыка, і на працягу двух тыдняў у мяне з’явілася працоўная віза. Па ёй ў траўні 2024-га выехаў у Польшчу, дзе падаўся ўжо на бежанства.
— Як вы ставіцеся да сітуацыі з Васілём «Пацуком» Верамейчыкам, які з-за праблем з легалiзацыяй не змог застацца ў Лiтве ды паехаў у В’етнам, дзе яго затрымалі i выдалi ў Беларусь?
— Я б на яго месцы захапіў вежавы кран, падняў бы кіпіш. Была б увага, СМІ, пра «Пацука» б гаварылі. Калі ты прыцягваеш увагу, змагаешся — гэта працуе. Але ён зрабіў, як беларус — праглынуў, калі яго адфутбольвалі, не стаў змагацца за свае правы.
— Наколькі ведаю, вы з ім служылі. Што ён за чалавек?
— Мы рэальна яго паважалі, шанавалі. Ён адслужыў, звольніўся і паехаў у Еўропу, але потым у нас прайшла чутка, што Васiль вернецца і стане ў нас камандзірам. Памятаю, мы тады вельмі ўзрадаваліся, падбадзёрыліся. Але гэтага не адбылося, на жаль.
— Як вы адчуваеце, ці ёсць справа беларусам да ветэранаў вайны ва Украіне? На каго яны могуць разлічваць?
— Толькі на сябе.
— Вы верыце, што вайна скончыцца ў хуткім часе?
— Не магу сказаць. Устаноўка, што мы атрымаем перамогу да маіх 60 гадоў, была ружовымі акулярамі. Не атрымалася, бо Амерыка і Захад кінулі Украіну. Так, давалі зброю, але па чайнай лыжцы. Трэба было ўсё і адразу, тады б усё атрымалася.
— Чаму цяпер Украіна працягвае губляць тэрыторыі?
— Рускія бяруць колькасцю, кладуць шмат людзей для акупацыі. Пуцін жа зусім вар'ят, ён нікога не шкадуе. Але веру, што сітуацыя памяняецца — Украіна пераможа. Няма ў краіны іншага варыянту. Дабро заўсёды перамагае.
А Беларусь трэба адгарадзіць ад Расіі, ад гэтага «рускага свету», захопніцкага і бязлітаснага. Пры пэўных абставінах баявыя дзеянні могуць пачацца i ў Беларусi — Пуцін проста справакуе. І Беларусь стане шэрай зонай. Таму Украіна павінна перамагчы. Тады і наша краіна будзе свабоднай ад «рускага свету». Свабода Беларусі — гэта свабода Украіны.
Вярнуўся з вайны, уладкаваўся ў Варшаве, пасварыўся з усімі — і знік. Прыяцелі пра экс-каліноўца Максіма Ралько, якога затрымалі ў Беларусі
«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем
Полк Каліноўскага абвясціў калядную акцыю для дзяцей загінулых ваяроў
«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам
Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?
Каментары
Калі б ён (мо з падтрымкай Сахашчыка) узяўся за арганізацыю дапамогі беларускім добраахвотнікам-ветэранам у Польшчы, з задавальненнем заданаціў бы.
Жытло на першы час, псіхалагічная дапамога, праца, дапамога ў адаптацыі, лекі і медыцына - вось гэта ўсё для тых, хто з пекла вайны пераехаў у Польшчу і вяртаецца ў нармальнае жыццё. Чалавек, які сам праз ўсё гэта прайшоў і лепш за многіх іншых разумее, як і чым лепей дапамагчы.