На борце расійскага судна «Урса Маёр», якое праходзіла па Міжземным моры паміж Іспаніяй і Алжырам, адбыўся выбух, цеплаход затануў. Двое членаў экіпажа прапалі без вестак, астатніх 14 удалося выратаваць, паведамляе Euronews.
Раней выданне Insider паведаміла, што сухагруз, хутчэй за ўсё, накіроўваўся ў сірыйскі порт Тартус для вывазу расійскай вайсковай тэхнікі і рыштунку.
Паводле даных іспанскіх СМІ, тых членаў экіпажа, якія выжылі, даставілі ў іспанскі горад Картахена. Выбух адбыўся ў машынным аддзяленні карабля.
Афіцыйным пунктам прызначэння судна значыўся Уладзівасток. Пры гэтым, як лічаць эксперты, «Урса Маёр» з трыма вялікімі дэсантнымі караблямі і яшчэ адным цеплаходам пад назвай «Спарта» накіроўваліся ў сірыйскі порт Тартус. Мэта місіі — вывезці вайскоўцаў, тэхніку і рыштунак і такім чынам канчаткова спыніць працу расійскай вайсковай базы.
«Медыязона» адзначае, што два гэтыя цеплаходы да 2022 года выкарыстоўваліся ў складзе так званага «Сірыйскага экспрэса» для забеспячэння расійскай вайсковай групоўкі ў Сірыі.
Судна выйшла з Санкт-Пецярбурга 11 снежня. Паводле даных іспанскіх СМІ, яму пятнаццаць гадоў, яно было пабудавана ў 2009 годзе.
У Тартус сілы сірыйскай апазіцыі ўвайшлі 8 снежня, захапіўшы без бою будынкі дзяржаўных устаноў. На наступны дзень паступілі паведамленні, што расійскія вайсковыя караблі пакінулі пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ РФ у Тартусе. Гэта ж пацвердзілі спадарожнікавыя здымкі.
Тады ж расійскія СМІ са спасылкай на крыніцы пісалі, што лідары сірыйскіх паўстанцкіх груповак гарантавалі бяспеку расійскіх вайсковых баз і дыпламатычных прадстаўніцтваў на тэрыторыі краіны. У той жа час прадстаўнікі новай улады выказаліся супраць расійскай вайсковай прысутнасці ў краіне.
«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы
Ізраіль знішчыў вайсковы флот Сірыі
«Прыехалі на нашы КПП, стралялі ў паветра». Расійскія базы ў Сірыі цалкам ізаляваныя паўстанцамі
Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў Тартус, дзе знаходзіцца адзіная расійская ваенна-марская база ў рэгіёне
Расійскія вайсковыя караблі пакінулі базу ў сірыйскім Тартусе
«Катастрофа ў Сірыі набірае абароты». Расійскія ваенкары і эксперты ў шоку ад імклівага падзення гарадоў
Каментары