Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі
У новым выпуску ТОКу вядомы рэжысёр Мікалай Халезін расказаў пра сваё стаўленне да Віктара Бабарыкі.
«Я лёгка мог бачыць Бабарыку прэзідэнтам. (…) Я з многімі вельмі блізкімі да яго людзьмі пагаварыў. Я яго зразумеў як персону, зразумеў, пра што ён.
Па-першае, гэта чалавек добры першапачаткова. Гэта проста відавочна. Другое, гэта чалавек са стратэгіяй. То-бок, у яго стратэгія была на ўсіх фазах. Што б ён ні ўзначальваў, у яго была стратэгія»,
— разважае рэжысёр Мікалай Халезін.
«Калі казалі, што ён рускі, калі Пазняк нёс гэтую ўсю беліберду пра тое, што гэта маскаль, Газпром і гэтак далей… Пазняк проста гісторыю забыўся. Ён проста не памятае,
— заўважае рэжысёр і тлумачыць:
Бабарыка ўзначальваў Банк Алімп у той час, калі ў Беларусі была дыктатура, а ў Расіі была нібыта дэмакратыя. І хто хацеў бы аб'яднацца з «Газпрамам»? Усе банкі — кожны вазьмі! І кожны б сказаў: «Ды мы хочам, вядома».
Але гэты [Банк Алімп] змог прапанаваць канцэпт. Здолеў правесці перамовы. Змог дамовіцца і ўвайшоў у гэты пул. Натуральна, ён яго не мог потым ужо адкінуць. (…) Ужо памянялася сітуацыя ў Расіі, але ты ўжо не можаш выйсці з гэтага. Хоць, можа быць, ён і хацеў бы».
Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты Халезін называе самазабойствам. Але ён падкрэслівае, што гэта было рашэнне, прынятае з імкнення знайсці новы сэнс у жыцці пасля трагічнай смерці жонкі. Нагадаем, Марына Бабарыка загінула ў 2017 годзе падчас заняткаў дайвінгам на адпачынку на партугальскім востраве Мадэйра.
«Ён на гэта рашыўся, таму што пачаў выбіраць місію. (…) Калі ў цябе недарэчна сыходзіць з жыцця самы блізкі табе чалавек, ты хочаш нешта зрабіць, каб сабе прыдумаць новы сэнс.
І ён вось так і знайшоў гэты сэнс. Параіўся з сынам, параіўся з дачкой — і пайшоў. І вось дзе ён апынуўся. І зараз ён праходзіць той перыяд, які мала каму выпадае. Калі ты быў кандыдатам у прэзідэнты, а стаў зняволеным. І пры гэтым ты не здзейсніў нічога».
Халезін упэўнены, што ў Бабарыкі была стратэгія адносна правядзення перадвыбарчай кампаніі, і ён спадзяваўся на яе паспяховасць. У тым ліку на тое, што зможа дамовіцца з Масквой.
Халезін звяртае ўвагу, на тое, што Віктар Бабарыка лёгка можа інтэгравацца ў любую тэму. У якасці прыкладу ён прыводзіць калекцыю карцін «Белгазпрамбанка»:
«Не кожны набор нават дарагіх артэфактаў можна назваць калекцыяй. Калекцыя — гэта ў першую чаргу канцэпт. Гэтыя рэчы могуць быць недарагімі, але калі ў іх дакладна вытрымана канцэптуальная лінія, то гэта будзе добрае.
Не будучы куратарам, не будучы мастацтвазнаўцам, ён стварыў добрую калекцыю. Бо ён узяў вельмі вузкі сегмент, вельмі правільны, і сам адсочваў з'яўленне на аўкцыёнах артэфактаў. А значыць, ён можа інтэгравацца ў любую тэму. Ён можа вывучыць і прыняць правільнае рашэнне. Для мяне ён быў такім чалавекам. Напэўна, калі б галасаваў, першапачаткова я б за яго галасаваў».
Глядзіце цалкам:
Каментары