Прызналі «экстрэмісцкім» сайт Grodno.in, які раней змусіў прабачацца Бондараву
Суд Ленінскага раёна Гродна ўдарна папрацаваў, прызнаўшы экстрэмісцкімі папулярны ў горадзе бізнэс-партал Grodno.in і ўсе сацсеткі, з ім звязаныя, а таксама шэраг іншых інтэрнэт-рэсурсаў.
Акрамя ўласна сайта Grodno.in, «экстрэмісцкімі» прызналі два звязаных з ім тэлеграм-каналы, а таксама старонкі ў тыктоку, інстаграме, фэйсбуку, X, «Укантакце» і «Аднакласніках».
Раней Grodno.in уступіў у канфлікт з вядомай гродзенскай даносчыцай Вольгай Бондаравай, адносна якога яна ў сваім тэлеграм-канале рабіла закіды, называючы яго «экстрэмісцкім», хоць такога статуса выданне тады не мела. Журналісты падавалі на Бондараву ў суд, але справа да яго тады не дайшла — бакі дамовіліся праз медыятара. Даносчыцы прыйшлося публічна абвяргаць адзін са сваіх пастоў.
Цяпер жа, праз больш чым паўгода пасля таго выпадку, гэты статус выданне «дагнаў», і Бондарава з гэтага ўжо цешыцца, не хаваючы, што сама прыклала да гэтага руку.
Апрача таго, «экстрэмісцкім» прызналі старонкі ў фэйсбуку праваслаўнага святара Георгія Роя, які цяпер прыналежыць да Усяленскага патрыярхату ды жыве і працуе ў Вільні, і цяперашняй галоўнай рэдактаркі тэлеканала «Белсат» Аліны Коўшык.
Таксама пад забарону трапіш акаўнт у інстаграме пад назвай autapolk.
А суд Лідскага раёна тым часам прызнаў экстрэмісцкім тыкток-акаўнт denroy86 Дзяніса Чашчавіка.
Каментары