«Вы ж самі разумееце». Горкі маналог беларускага настаўніка
Паўгода таму Мікалаю (імя змененае) прыпомнілі маршы і подпісы 2020-га: зладзілі адміністратыўку і крыміналку, звольнілі з любімай працы ў школе. Цяпер пакуль што былы настаўнік расказвае, чым жыве беларуская школа ў 2024-м — і гэта вусцішны аповед.
Мікалай працаваў настаўнікам больш за 10 гадоў, ён выкладаў гуманітарную дысцыпліну ў школе буйнога беларускага горада. Некалькі месяцаў таму яго затрымалі па палітычнай адміністратыўцы, а пазней завялі і крыміналку. Мужчыну выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе — ён скарыстаўся магчымасцю і разам з жонкай ды двума дзецьмі перабраўся ў Польшчу.
Каб дапамагчы Мікалаю ў замежжы, «Байсол» адкрыў збор — паўдзельнічаць можна тут.
«У школе ўвялі міліцэйскую ахову, і бацькам цяпер нельга туды ўваходзіць»
«Цяпер працаваць стала складаней, чым было раней. У школе з’явілася больш ідэалогіі, вучоба для дзяцей перанеслася на другое месца.
Сёння галоўная задача школы — каб нічога не здарылася, а то дырэктару і настаўнікам надаюць па шапцы. Гаворка ўжо не пра адукацыю, а пра тое, каб нікуды не ўляпацца, раней таксама гэта было, але не настолькі.
Што значыць «уляпацца»? Напрыклад, гэта калі нехта трапіўся ў стане алкагольнага ап’янення ці па наркатычным артыкуле, напісаў не той каментар у сацсетках, зламаў нагу на ўроку. Існуюць рэйтынгі школ, яны залежаць у тым ліку і ад гэтых рэчаў. Гэты рэйтынг уплывае на заробкі школьнай адміністрацыі. Калі здарылася нешта экстраардынарнае, то вышэйшае кіраўніцтва, відаць, пазбаўляе іх прэміі, і яны пачынаюць дзяўбаць настаўнікаў. Гэта сацыялістычнае спаборніцтва, як у Савецкім Саюзе.
Выкладчыкі вельмі баяцца нешта сказаць ці зрабіць не так. Напрыклад, калі гучыць гімн, трэба, каб ён не перапыняўся. А калі ўздымаюць сцяг — каб усё прайшло ідэальна. Усім страшна — толькі каб нічога не здарылася! Калі праходзіць урок фізкультуры, важна не тое, каб дзеці бегалі і дурэлі, а каб ніхто нічога сабе не зламаў. Робіцца пазашкольная праца — тлумачаць дзецям, каб ніхто не напіваўся, не ўтапіўся, абы было ціха.
На бацькоўскія сходы пастаянна прыходзяць супрацоўнікі МУС, расказваюць пра экстрэмізм, наркотыкі. Раней, па-мойму, такога не было, а цяпер міліцыянер там ледзь не галоўны чалавек. У школе ўвялі міліцэйскую ахову, і бацькам цяпер нельга туды ўваходзіць. Павесілі міліцэйскія камеры распазнання твараў — магчыма, таму што гэта выбарчы ўчастак, але там і свае камеры засталіся.
Палітыка ў школе? Дык я па ёй і атрымаў праблемы. У 2020-м падпісваў петыцыі і хадзіў на маршы, і мяне спачатку выклікалі да сябе дырэктар і завуч. Прамывалі мазгі — маўляў, так нельга, трэба думаць зусім па-іншаму, займацца сям’ёй. Напісаў ім тлумачальную, што трымаюся курсу Радзімы, але сёлета на мяне завялі крыміналку.
Ідэолагі збіраюць дзяцей і расказваюць ім пра палітыку, але ад настаўнікаў трэба толькі, каб яны маўчалі. Баяцца, што нехта настучыць ці скажа нешта няправільнае — маўляў, не лезьце ні ў якую палітыку, гэта не ваша справа.
Мяне проста забівала, як дырэктар мне кампасціраваў мазгі па палітыцы. Якая табе ўвогуле розніца?!
Як мяне звальнялі — асобная гісторыя: пазванілі праз пару дзён пасля таго, як выйшаў з сутак, і сказалі, што «вы ж самі разумееце». І ўсё, нікога не хвалюе, што я рабіў шмат працы. Загадалі тэрмінова прыехаць і прапанавалі сысці па ўласным жаданні або па артыкуле.
«Падчас канікулаў гарбацішся на фізічнай працы: робіш дробны рамонт, можаш нешта цяжкае прынесці або аднесці»
Мне праца заўжды падабалася, я таму і заставаўся ў школе, бо гэта маё. Дзеці ж не такія, як мы, заўсёды можна не толькі іх павучыць, але і ў іх нечаму навучыцца. Гэта класная праца, вось толькі, на жаль, не надта добра аплачваецца, і ёсць шмат сваіх нюансаў. Але калі б атрымалася, я і далей бы працаваў настаўнікам.
Атрымліваў максімум 1200-1300 рублёў, і гэта пры тым, што маю вышэйшую катэгорыю і больш за 10 гадоў стажу. Рабіў дадаткова шмат працы, і мне казалі, што абавязкова яе аплацяць, але ніхто гэтага ніколі не рабіў. Так не толькі ў беларускай школе, але і на прадпрыемствах: кажуць, што мусіш нешта зрабіць, што не ўваходзіць у твае абавязкі, а потым ты гэта робіш заўсёды.
Пастаянна сутыкаўся з неадэкватнымі патрабаваннямі. У школе, дзе я працаваў, мужыкоў тры з паловай чалавекі, ды амаль усе яны — пенсіянеры. Таму падчас канікул, калі ўсе адпачываюць, мусіш яшчэ гарбаціцца на фізічнай працы: робіш нейкі дробны рамонт, можаш нешта цяжкае прынесці або аднесці. Калі захварэў нехта з выкладчыкаў па вайсковай падрыхтоўцы, а трэба некуды ісці — пойдзеш замест іх, і для гэтага могуць сарваць табе занятак. Прыязджаюць у школу госці — таксама ідуць па цябе.
Мяне вельмі прыгнятала, што ты не толькі не займаешся сваёй працай, але яшчэ і мусіш рабіць нешта іншае. Паперамі завальвалі, канечне.
Бацькі ставяцца да настаўнікаў па-рознаму, некаторыя лічаць, што настаўнікі ім абавязаныя — маўляў, вы павінны, вам за гэта плацяць.
Што да саміх дзяцей, то яны бываюць розныя. Ёсць вельмі добрыя і разумныя, а ёсць тыя, хто нічога не хоча. Але ў цэлым яны выклікаюць аптымізм, дзеці — яны паўсюль дзеці.
Настроі сярод настаўнікаў? Нехта баіцца, нехта рады здаць іншага. Настаўнікі таксама бываюць розныя. Пра іх кажуць, што яны на выбарах лічаць галасы, але гэта робяць далёка не ўсе. Мяне ўвогуле не пусцілі [працаваць] на выбарчы ўчастак, абы чаго не здарылася. Некаторых настаўнікаў заклікаюць у выбарчую камісію пад пагрозамі, некаторыя проста баяцца.
Я гутарыў з калегамі, якіх туды ўключалі. Яны казалі мне — маўляў, нас гэта задзяўбала, але мы не маглі адмовіцца, ты ж сам разумееш. Чалавека цалкам зрываюць з працы і заняткаў, прымушаюць некалькі тыдняў сядзець у гэтай камісіі, а працу і паперкі ніхто не адмяняў. А калі ў цябе ёсць і іншая праца, што з ёй рабіць?
Не ведаю канкрэтна, хто там лічыць галасы, шмат каго туды проста не дапускаюць. Настаўнікі на выбарах — масоўка, проста сеў сабе і сядзі. Усе разумеюць, што там адбываецца, але ніхто нічога не робіць. Чуў пра настаўніцу з нашага горада, якая ў 2020-м не хацела падпісваць пратакол падчас выбараў, але неяк яе прымусілі. Цяпер такое немагчыма ўявіць.
«Навошта нешта тлумачыць дзіцяці, калі можна проста накрычаць на вучняў, што яны дэбілы?»
У школе шмат настаўнікаў пенсійнага ўзросту. Мне каля 40 гадоў, дык я быў ледзь не маладым спецыялістам. Знайсці адэкватных маладых настаўнікаў практычна нерэальна, у педагогіку амаль ніхто не ідзе. Матэматыка, фізіка, фізкультура — проста не знайсці настаўніка, раней мужчыны ішлі ў фізрукі і трудавікі, а цяпер праблема і з фізрукамі, і з трудавікамі.
Ёсць настаўнікі, якія працуюць па размеркаванні, але гэта адзінкі. Часта яны сыходзяць пасля адпрацоўкі.
А яшчэ ёсць вялікая цякучка. Штогод нехта прыходзіць і нехта сыходзіць, на некаторых кафедрах можа палова складу змяніцца. Проста патрабаванні да настаўнікаў высокія, але ніхто не хоча плаціць. Заўжды абяцаюць — маўляў, мы вам дапаможам, мы заплацім, вы ж самі разумееце. А калі плацяць, гэта не тыя грошы, за якія варта так працаваць. Шмат хто жыве па прынцыпе «як мне плацяць, так я і працую».
Ды і настаўнікі бываюць розныя: нехта добры, а некага вучні ненавідзяць, бо гэты чалавек працуе не там, дзе трэба. Ходзяць на працу раззлаваныя, кажуць вучням у твар — маўляў, вы дэбілы, ні халеры не ўмееце. Хаця можна было проста патлумачыць нешта вучню ці надзяліць яму трохі ўвагі. Дзяцей не падманеш.
Кадраў не хапае, і сітуацыя пагаршаецца. Раней дзяўчаты-выдатніцы ішлі ў педагогіку і хацелі працаваць з дзецьмі, а цяпер у педагагічных ВНУ змрок. Адкуль школе браць нармальныя кадры? Тыя настаўнікі, якія ёсць цяпер, папрацуюць яшчэ некалькі гадоў, а што далей? Будзе проста кадравы голад. Завучы, дырэктары — гэта ж кіраўнікі, і калі не будзе каму працаваць, ім не будзе кім кіраваць.
Шмат хто з настаўнікаў з’ехаў, так робяць найлепшыя. А прыходзяць у школу спецыялісты, якім толькі б адседзець заняткі і атрымаць заробак. Яны проста не зацікаўленыя ў сваёй працы.
Кажуць, што ў сітуацыі, якая цяпер склалася ў Беларусі, вінаватая школа, але школа — гэта люстэрка, якое паказвае рэальнасць. У школе ёсць розныя людзі, і, на жаль, большасць настаўнікаў сёння не матываваныя працаваць. Але тое, што там адбываецца, проста паўтарае стан у грамадстве.
Чаму нармальны чалавек будзе добра працаваць, калі яму за гэта ніхто не плаціць? Навошта ў такім выпадку нешта тлумачыць дзіцяці, калі можна проста накрычаць на вучняў, што яны дэбілы?
Але нізкія заробкі — адгаворка, каб нічога не рабіць і не цікавіцца сваёй прафесіяй. Чакаеш, пакуль табе ўпадуць нейкія грошы, працуеш не на будоўлі ці заводзе, а ў цяпле. А што будзе далей і чаму ты можаш навучыць — гэта зусім іншая гісторыя. Цяпер школа — гэта наша бяда.
Каб дапамагчы Мікалаю ў замежжы, «Байсол» адкрыў збор — паўдзельнічаць можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары