Гайдукевіча трымаюць на апошнім месцы па колькасці намаляваных подпісаў
На беларускіх выбарах-2025 скончыўся этап збору подпісаў. Усе спарынг-партнёры Аляксандра Лукашэнкі дзяжурна заявілі пра тое, што сабралі патрэбныя 100 тысяч. Веры гэтаму няма ніякай, але спраўдзіць інфармацыю ва ўмовах цяперашняй Беларусі немагчыма.
На Аляксандра Лукашэнку працаваў увесь дзяржаўны апарат, работнікаў цэнтралізавана падпісвалі на прадпрыемствах і ў бюджэтных установах краіны. Абвешчаныя 2,5 мільёна подпісаў — ненавуковая фантастыка, аднак няма сумневаў, што патрэбны ліміт у 100 тысяч подпісаў за яго пераадолелі.
З яго спарынг-партнёрамі таксама ўсё адназначна — няма сумневаў, што ніводзін з іх не сабраў патрэбнай падтрымкі.
Тыя, хто пільна сачыў за працэсам, адзначаюць, што дзяжурных пікетаў было вобмаль, дый і тыя без чэргаў. Абыход кватэр фактычна і не пачынаўся.
У такіх рэаліях звесткі аб колькасці подпісаў, сабраных тым ці іншым кандыдатам — проста віртуальны лік, узяты з галавы. Тым не менш можна адсачыць, колькі намалявалі Алегу Гайдукевічу, колькі Ганне Канапацкай, а колькі невядомым камуністу Сяргею Сыранкову і Андрэю Хіжняку, чыю палітычную пазіцыю ўвогуле немагчыма патлумачыць праз адсутнасць гэтай самай пазіцыі.
На цяперашні момант свае лічбы назвалі Брэсцкая, Віцебская, Гродзенская і Магілёўская вобласці. Безумоўна, карціна няпоўная, бо традыцыйна найбольшую колькасць нібыта сабраных подпісаў кандыдаты малююць у Мінску. Тым не менш пэўныя тэндэнцыі адсачыць можна.
Вынікі «збору» подпісаў па чатырох абласцях:
№ | Прэтэндэнт | Брэсцкая | Віцебская | Гродзенская | Магілёўская | Агулам |
1 | Лукашэнка | 373308 | 276924 | 360490 | 406500 | 1 417 222 |
2 | Сыранкоў | 16225 | 17235 | 19864 | 21318 | 74 642 |
3 | Канапацкая | 18678 | 15627 | 15143 | 15002 | 64 450 |
4 | Хіжняк | 15394 | 17495 | 15314 | 15999 | 64 202 |
5 | Гайдукевіч | 4696 | 22951 | 10261 | 19951 | 57 859 |
Адметна, што пакуль Алега Гайдукевіча, які спрабуе прэзентаваць сябе як другога па папулярнасці палітыка Беларусі, трымаюць на апошнім месцы — нават ніжэй за нікому невядомага Хіжняка. Калі такі самы вынік Гайдукевічу пакінуць і на выбарах, гэта будзе выдатным указаннем на тое, як яго ўспрымаюць улады.
Аналізаваць канкрэтныя вынікі па абласцях не мае сэнсу. Хто-ніхто падышоў да справы творча і хаця б уключыў генератар выпадковых лічбаў.
А вось на Магілёўшчыне падышлі да пытання больш механічна. Трэба мець Гайдукевічу каля 20 тысяч? Добра, хай будзе 19951. Хіжняку рэкамендавалі мець 16 тысяч? Не будзем пісаць роўны лік, хай будзе 15999. У Канапацкай павінна быць 15 тысяч? Давайце напішам 15002.
Каментары