Грамадства22

«Добраахвотна і свабодна пакінуў Беларусь». Балгарыя адмовіла беларускаму ЛГБТ-актывісту ў атрыманні статусу ўцекача

Беларус Андрэй 10 гадоў таму пабраўся шлюбам у Даніі са сваім партнёрам Аляксеем. Цяпер абодва жывуць у Балгарыі, але Андрэю не далі там прытулку і могуць дэпартаваць, піша Радыё Свабода.

Сафія. Фота: Wikimedia Commons

Расейскі журналіст Аляксей Бачынскі з 2011 году жыў у Расеі са сваім партнэрам зь Беларусі Андрэем (прозьвішча не называем па просьбе героя дзеля бясьпекі). У 2014 годзе пара пабралася шлюбам у Даніі. Беларусь і Расея не прызнаюць аднаполых шлюбаў. Пасьля поўнамасштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе сужэнцы вырашылі выехаць з РФ.

«Я працаваў журналістам у апазыцыйным праекце «Каспаров.ру», які цяпер закрылі ўлады. Мне і раней прыходзілі пагрозы — на тэлефон, у мэсэнджарах. Але пасьля лютага 2022 году пагрозы сталі рэгулярнымі», — тлумачыць у размове са Свабодай Аляксей.

У верасьні 2022 году ў Расеі пачалася мабілізацыя, пайшлі чуткі, што мяжу закрыюць. Аляксей кажа, што зразумеў, што трэба ехаць, не адкладаючы. Але візы тады грамадзянам Расеі атрымаць было цяжка, даводзілася доўга чакаць. Таму Аляксей зрабіў візу ў Баўгарыю, гэта заняло тры дні. Андрэй паехаў рабіць баўгарскую візу ў Беларусь.

«Я ў 2020-м прыяжджаў на выбары і пасьля ўдзельнічаў у пратэстах. Мяне не затрымлівалі, але ж я мог «засьвяціцца» на здымках з пратэстаў. Мы ж ведаем такую практыку. Таму ў 2022 годзе паехаў у Беларусь рабіць візу на аўтамабілі, каб ня трапіць на праверкі, тады іх не было на мяжы Беларусі і Расеі», — зазначае Андрэй.

Так пара апынулася ў Баўгарыі. Кажуць, што ўдзельнічалі ў антываенных акцыях, Андрэй выходзіў зь бел-чырвона-белым сьцягам. Ён кажа, што ў Баўгарыі мала беларусаў, тым больш палітычна актыўных. Таму ім не ўдалося сабраць мітынг салідарнасьці «чыста беларускі».

Аляксей падаў дакумэнты на статус уцекача ў 2022 годзе і праз паўтара года атрымаў яго. Андрэй таксама прасіў прытулку, але яму адмовілі — і агенцтва па ўцекачах, і два суды, апэляцыйны і Вярхоўны.

Непрызнаны шлюб

Андрэй расказвае, што пара спадзявалася на супольны разгляд іхных кейсаў. Бо хоць Баўгарыя не прызнае аднаполых шлюбаў, але па правілах Эўразьвязу гэта не распаўсюджваецца на ўцекачоў.

«Калі ўцекачы ў аднаполым шлюбе, то ён мусіць разглядацца як звычайны. Але трэба сказаць, тут і разнаполыя шлюбы разглядаюць асобна. Агенцтва па ўцекачах не захацела мяне да Аляксея далучаць паводле працэдуры «ўзьяднаньне сям’і»», — кажа беларус.

У выніку Аляксея і Андрэя зарэгістравалі як нежанатых, хоць Аляксей прасіў далучыць да справы пасьведчаньне аб шлюбе (дакумэнт ёсьць у рэдакцыі).

Калі Андрэй падаваўся на статус уцекача ў Баўгарыі ў 2022 годзе, у Беларусі яшчэ не было «закону пра ЛГБТ», ён зьявіўся ў 2024-м. Міністэрства культуры пашырыла азначэньне парнаграфіі, уключыўшы ў яго і дэманстрацыю «нетрадыцыйных стасункаў». Такім чынам, улады крыміналізавалі дэманстрацыю гома– і бісэксуальных стасункаў, паставіўшы іх у адзін шэраг з зоафіліяй, нэкрафіліяй, садызмам, эксгібіцыянізмам.

Мы для Беларусі і Расеі не зьяўляемся ў афіцыйным шлюбе, гэта не праходзіць па ўнутраных дакумэнтах, няма штампа ў пашпарце. Адпаведна, паводле крывой лёгікі Міграцыі, я нічым не рызыкую і не падзяляю рызыкі Аляксея, бо я яму не афіцыйны муж. Калі коратка, то на ўсе мае аргумэнты міграцыя піша, што «вы падманваеце»», — дзеліцца Андрэй.

Як пазначана ў афіцыйных адказах баўгарскіх органаў, атрыманых парай, Андрэй прыехаў у Баўгарыю з асабістых прычынаў, усьлед за сваім прыяцелем.

У Баўгарыі таксама прынялі закон пра забарону «прапаганды ЛГБТ», гэта адбылося ўжо пасьля таго, як Аляксей з Андрэем прыехалі сюды шукаць прытулку.

«Тут моцны ўплыў крамлёўскай прапаганды на звычайных баўгараў. Да ўцекачоў з Расеі і Беларусі тут ня надта добра ставяцца. Многія лічаць, што ў Расеі ўсё добра. Гэта проста ад неабазнанасьці», — кажа Аляксей.

Дублінскае пагадненьне

На сёньня пара ня можа перабрацца ў іншую краіну. Аляксей атрымаў прытулак у Баўгарыі, ён можа падарожнічаць. Андрэй жа ня мае на руках пашпарта — ён дагэтуль у чыноўнікаў. Аднак нават з пашпартам выехаць з Баўгарыі і папрасіць прытулку ў іншай краіне было б складана. Паводле Дублінскага пагадненьня, беларуса мусяць вярнуць у Баўгарыю. Ці таксама адмовіць у прытулку, бо Баўгарыя як першая краіна ўезду ўжо адмовіла яму ў такім статусе.

«Многія краіны лічацца дэмакратычнымі і цывілізаванымі. Але гэта тычыцца іх грамадзян. Калі гаворка заходзіць пра ўцекачоў, то часта гуманнасьць зьнікае. Многія расейцы атрымалі адмовы ў Баўгарыі, прычым нават тыя, хто мае крымінальныя справы. Міграцыя цытавала Пуціна, што ў Расеі бясьпечна і ўсё там добра», — патлумачыў Аляксей.

Андрэй будзе спрабаваць падаваць дакумэнты на статус уцекача па другім разе. Таксама ён зьбіраецца зьвяртацца з дапамогай адваката ў Эўрапейскі суд у правах чалавека.

«Неаднаразова пакідаў і свабодна вяртаўся»

У адмове на наданьне статусу ўцекача Агенцтва ў справах уцекачоў Баўгарыі піша (дакумэнт ёсьць урэдакцыі Свабоды. — РС), што «праявы дыскрымінацыі ў сувязі з сэксуальнай арыентацыяй асоб існуюць і ў краінах з разьвітай дэмакратыяй». Чыноўнікі прыйшлі да высновы, што Андрэй «неаднаразова пакідаў Беларусь і Расею і свабодна вяртаўся ў гэтыя краіны, не зазнаўшы перасьледу, хоць і афішаваў свае адносіны з асобай таго ж полу ў сацыяльных сетках і ў сваім сацыяльным асяродзьдзі».

Дакумэнт таксама зьмяшчае выказваньні аб тым, што ў Беларусі няма ўзброенага канфлікту і, хоць Беларусь і дала сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну і дапамагала расейскаму войску рознымі спосабамі, але «Лукашэнка заявіў, што беларускія ўзброеныя сілы ня ўдзельнічаюць і ня будуць удзельнічаць у вайсковай апэрацыі Расеі ва Ўкраіне».

Агенцтва ў справах уцекачоў Баўгарыі і суд у выніку вырашылі, што беларус «не адпавядае патрабаваньням закону аб наданьні статусу ўцекача, бо яго не перасьледавалі паводле прыкметаў расы, нацыянальнасьці, рэлігіі, прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы ці палітычных перакананьняў». Свабода зьвярнулася з запытам у Агенцтва ў справах уцекачоў Баўгарыі, але адказу пакуль не атрымала.

Каментары2

  • Суседка на лавачцы
    01.10.2024
    А чаго яго муж не бароніць? Га? Навошта тады замуж выходзіў. Цемната.
  • joy
    01.10.2024
    Ну зараз кожны, хто хоча атрымаць прытулак, можа заяўляць, што ўдзельнічаў у пратэстах. Не адмаўляю, мажліва, сапраўды ўдзельнічаў. Тады павіне прадэманстраваць доказы. А так нас не павінна хваляваць жаданьне кагосьці знайсьці спосаб застацца ў Балгарыі толькі таму, што ён нетрадыцыйнай арыентацыі. Хапае такіх і з традыцыйнай арыентацыяй. У мяне аднакляснік - гомасэксуаліст спакойна жыве і працуе ў Беларусі, ніхто яго не турбуе, бо да пратэстаў дачыненьня ня мае. Усе навокал ведаюць, і нікому да яго арыентацыі справы няма. Нават сябрам з КДБ.

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны4

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Усе навіны →
Усе навіны

Падлеткі ў Баранавічах стварылі чат для булінгу аднагодкаў, але ён трапіўся на вочы сілавікам4

Расійскага шпіёна падлавілі на гарачым. Ім аказалася 16-гадовая дзяўчына2

Дарослы мінчук ездзіў па школьным бясплатным праязным. Зараз заплаціць салідны штраф2

Беларускаму баскетболу настойліва параілі не мець спраў з легендарным трэнерам Анатолем Буяльскім

Лаўрэата прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» судзяць за сэксуальны гвалт1

У Грузіі камандзіры сілавікоў масава сыходзяць у адстаўку — сышоў і начальнік дэпартамента, які плануе разгоны5

«Давайце дамаўляцца». Ці пойдзе Трамп на здзелку з Мадурам, раз ціск выніку не меў?1

Стала вядома, чым зараз займаецца былы міністр замежных спраў Украіны Кулеба

Некалькі дзён таму ў цэнтры Мінска заўважылі пацукоў. Цяпер ім шукаюць дом, бо могуць загінуць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны4

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Галоўнае
Усе навіны →