Тры гады таму айцішнік Андрэй Зельцэр аказаў супраціў сілавікам, якія прыйшлі да яго дахаты
Зельцэр застрэліў гэбіста — адзіны такі выпадак узброенага супраціву за перыяд рэпрэсій. Зельцэра застрэлілі ў адказ. Яго ўдава ад пабачанага і перажытага на допытах звар'яцела. Сотні людзей, якія выказалі абурэнне дзеяннямі сілавікоў, былі арыштаваныя, падданыя катаванням і асуджаныя на працяглыя тэрміны зняволення.
У 2020—2024 гадах за патрабаванні сумленнага падліку галасоў, пратэст супраць вайны або выступы супраць лукашызму былі арыштаваныя дзясяткі тысяч людзей. І толькі адзін з іх сустрэў сілавікоў, якія прыйшлі яго арыштоўваць, са зброяй у руках. Гэта здарылася 28 верасня 2021 года на вуліцы Якубоўскага ў Мінску.
Дагэтуль няясна, чаму да Зельцэра прыйшлі — з вобшукам ці арыштоўваць. Дзверы да яго ў кватэру выбівалі гэтаксама, як у тысячы іншых кватэр. Але 31-гадовы айцішнік сустрэў брыгаду сілавікоў са стрэльбай у руках. Першым стрэлам ён пацэліў у свайго аднагодка, супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка з пазыўным «Нірвана».
Лукашэнкаўцы апублікавалі відэа штурму кватэры, якое здымалі сілавікі. Кадраў, знятых на тэлефон жонкай Зельцэра, Марыяй Успенскай, яны так і не апублікавалі.
Ператрус у Зельцэра быў адной з тысяч такіх акцый падчас масавых рэпрэсій. Але гэта быў адзіны выпадак, калі ахвяра сустрэла сілавікоў са зброяй у руках.
Гэтая беспрэцэдэнтная падзея выклікала ў беларусаў буру эмоцый, а таксама шмат пытанняў.
Лукашэнкаўская адміністрацыя скарысталіся сітуацыяй, каб правесці кампанію застрашвання. За каментарыі з асуджэннем дзеянняў сілавікоў завялі сотні крымінальных спраў.
Сярод іншых, быў затрыманы журналіст «Камсамольскай праўды» Генадзь Мажэйка — за станоўчы артыкул пра Зельцэра ў дзяцінстве. Тады ж быў заблакаваны сайт kp.by і спыненая дзейнасць беларускай рэдакцыі.
Андрэя Зельцэра пахавалі на Лясных могілках у мінскім мікрараёне Шабаны. Цела Андрэя прывезлі на могілкі проста з морга, бо ўсім рытуальным залам загадалі адмовіцца праводзіць цырымонію развітання.
Прадпрымальнік і прапаведнік-пратэстант Сергій Мельянец у сваім інтэрв'ю «Нашай Ніве» сярод іншага расказаў, як адбывалася тое пахаванне. Паводле яго слоў, «там было самае сумнае пахаванне, якое я бачыў у жыцці».
Дзмітрыя Федасюка Аляксандр Лукашэнка пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам «За асабістую мужнасць». На яго магіле паклалі муляж металічнага шлема. Ці Федасюк яшчэ неяк удзельнічаў у падаўленні пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і ў рэпрэсіях пасля 2020-га, невядома.
Пра Федасюка цяпер прапаганда не асабліва гаворыць. Магчыма, палічылі, што сам напамін пра той выпадак нагадвае, што нехта выбраў супраціў са зброяй у руках.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла Андрэя Зельцэра Медалём Ордэна «Пагоні», нароўні з групай палітычных вязняў і беларускіх байцоў.
Марыі Успенскай, жонцы Андрэя Зельцэра, прысудзілі прымусовае лячэнне. Яна была вызваленая ад крымінальнай адказнасці «за ўчыненыя ёю ў стане непрытомнасці грамадска небяспечныя дзеянні».
У пары застаўся 10-гадовы сын. Падчас трагедыі хлопчык знаходзіўся ў школе, яго забрала бабуля.
Жанчына, якая сядзела ў адной камеры з Успенскай на Акрэсціна, пазней расказала журналістам: «…прывезлі яе на Акрэсціна без абутку. Бо яшчэ дома, калі пачалі пілаваць дзверы, яна была ў халаце. Спехам надзела наверх штаны і швэдар, але засталася без трусоў. Толькі на Акрэсціна адна з сукамерніц пазычыла ёй шкарпэткі і трусы. Спала Маша пад батарэяй, але тую батарэю не ўключалі, — расказала былая палітзняволеная. — Каб не змерзнуць, яны налівалі гарачую ваду ў вядро і засоўвалі па адной назе кожная. Парылі ногі, надзявалі шкарпэткі і ўтраіх, скруціўшыся абаранкам, спалі», — расказала яе сукамерніца.
Яе сукамерніцы расказвалі, што Марыя цяжка перажывала тое, што адбылося ў яе на вачах.
На пратэсты 2020 года лукашысты адказалі масавымі рэпрэсіямі. Праз затрыманні прайшлі дзясяткі тысяч людзей, сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць Беларусь. На сёння праваабаронцы налічваюць каля 1400 палітвязняў.
Каментары