«Часам яна выпадала з рэальнасці». Былая сукамерніца ўдавы Зельцэра распавяла пра яе шмат дэталяў
Дзяўчына, якая сядзела на Акрэсціна з Марыяй Успенскай, удавой айцішніка Андрэя Зельцэра, расказала ў інтэрв'ю «Белсат» пра яе затрыманне і жыццё да турмы.
Ганна (імя зменена) кажа, што яны сядзелі ў двухмеснай камеры, але там было 15 чалавек. Сама Ганна трапіла ў тую камеру на трэці дзень пасля затрымання Марыі Успенскай.
«Маша расказвала, што прывезлі яе на Акрэсціна без абутку. Бо яшчэ дома, калі пачалі пілаваць дзверы, яна была ў халаце. Спехам надзела наверх штаны і швэдар, але засталася без майткоў. Толькі на Акрэсціна адна з сукамерніц пазычыла ёй шкарпэткі і майткі. Спала Маша пад батарэяй», — расказвае былая палітзняволеная.
У канцы верасня 2021 года ў Мінску было вельмі холадна, але батарэя ў камеры да пэўнага моманту грэла добра. Як пазней распавяла Марыя, наступным ранкам па яе затрыманні на Акрэсціна (тады ў камеры былі толькі тры асобы) прыехалі супрацоўнікі КДБ, адкрылі камеру і загадалі выносіць «на прадол» усе рэчы. Жанчыны падумалі, што будзе звычайны «шмон», вынеслі рэчы на калідор, у тым ліку ўсё цёплае адзенне (адзетыя былі лёгка, бо камера была нацепленая). Але «шмону» не адбылося — супрацоўнікі КДБ проста зачынілі дзверы, маўляў, рэчы забераце потым. Праз некаторы час Марыя Успенская заўважыла, што батарэя пачынае халаднець і пад вечар зусім «згасла». І зразумела: іх «хочуць дабіць холадам».
«Марыя распавядала, што, каб не змерзнуць, яны налівалі гарачую ваду ў вядро і засоўвалі па адной назе кожная. Парылі ногі, надзявалі шкарпэткі і ўтраіх, скруціўшыся абаранкам, спалі», — гаворыць Ганна.
Наступным днём, як расказвала Марыя, сілавікі вярнуліся. Калі жанчыны паскардзіліся, што ў камеры вельмі холадна, адказалі: «А яму не холадна?..» Мелі на ўвазе забітага кадэбэшніка Федасюка.
«Гэта ты, поскудзь, яго забіла», — паўтаралі колькі разоў, звяртаючыся да Марыі Успенскай. І зачынялі дзверы.
Ганна ў камеры шмат размаўляла з Марыяй.
«Часам яна выпадала з рэальнасці і казала: «А як жа я зараз буду аплачваць рахункі за кватэру? Я не ведаю, як гэта робіцца, 10 гадоў не рабіла гэтага». Вось такія рэчы. Быццам нічога не здарылася — проста мужа не стала. А потым у нейкі момант вярталася ў свядомасць і пачынала дзіка рыдаць.
Але было ўражанне, што не магла аплакваць мужа — аплаквала сітуацыю, якая здарылася. Пачынала думаць пра дзіця, дзе яно і як. З таго, што я пачула, вынікае, што Маша заўжды без пярэчанняў выконвала загады Андрэя. І ў той дзень, калі ён сказаў «стой і здымай», яна так і зрабіла…» — расказвае Ганна.
Заўважае, што калі Марыя пазнаёмілася з Андрэем, то была ягонаю кіраўніцаю — займала пасаду начальніка эканамічнага аддзела фірмы, куды ўладкаваўся працаваць маладзейшы за яе на 10 гадоў Зельцэр. Марыя ўжо разводзілася тады з першым мужам. Калі сышлася з Андрэем Зельцэрам, звольнілася з фірмы і нідзе не працавала аж да 2020 года. Як расказвала Ганне, яе «дэкрэт плаўна перарос у хатнюю гаспадарку».
У 2020 годзе ў жанчыны здарыўся глыбокі крызіс асобы, які перарос у сур’ёзную дэпрэсію. Адбылося гэта яшчэ да выбараў і да палітыкі мела хіба ўскоснае дачыненне (агульная атмасфера ў краіне ўплывала на кожнага).
Марыя звярнулася па дапамогу да псіхатэрапеўта, прымала даволі моцныя антыдэпрэсанты. Потым псіхолаг параіў ёй уладкавацца на якую-небудзь простую працу. Пайшла працаваць прадавачкай у «Мілу». Як расказвала Ганне, там ёй падабалася. Але антыдэпрэсанты прымала аж да восені 2021-га.
«Яна называла прэпараты, але я не стану агучваць. Вельмі сурʼёзныя. За адзін момант з такіх прэпаратаў не саскочыш. Яна паволі зніжала дозу. І, як казала, толькі за пару тыдняў да таго, як здарыўся інцыдэнт са стралянінаю, перастала іх ужываць. Не аднавілася яшчэ, а тут такое. І я думаю, тое, што яе прызналі ў Навінках несвядомай, адпавядае праўдзе», — мяркуе былая палітзняволеная.
Пакуль Ганну не этапавалі на Валадарскага, яна прабыла побач з Марыяй Успенскай на Акрэсціна сем дзён.
Успенскую абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, але судзілі як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне ў стане несвядомасці». 16 чэрвеня 2022 года суд прызначыў ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары «да выздараўлення» (тэрмін судом не вызначаецца).
Каментары