Жанчыну, якая змагалася з «педафільскім лобі», адправілі на прымусовае лячэнне ў псіхбальніцу
Жыхарка Валожына Наталля Мікуліч тры гады спрабавала давесці, што зяць гвалтаваў яе ўнучку. Яна хваліла Аляксандра Лукашэнку і Алега Гайдукевіча, але гэта не дапамагло вырашыць праблемы. У выніку на жанчыну завялі некалькі крымінальных спраў, ёй пагражала да пяці гадоў калоніі.
Наталлі Мікуліч вынеслі прысуд 11 верасня. У абноўленым спісе «экстрэмістаў» ад МУС, з'явілася і яе імя. Там сказана, што жанчыне прысудзілі «прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем».
Прымусовае лячэнне з узмоцненым назіраннем можа адбывацца ў мінскіх Навінках. Там ёсць асобны будынак, дзе знаходзяцца закрытыя камеры для хворых. Людзі, якія там знаходзіліся, кажуць, што гэта падобна на рэжым у СІЗА, але расклад больш жорсткі.
Не радзей, чым кожныя паўгода, медыцынская камісія вызначае, ці можна адпусціць чалавека дадому.
52-гадовая Наталля Мікуліч родам з Вілейкі, але ўрэшце асела ў Валожыне. Выйшла замуж, нарадзіла дачку. Прынамсі раней Наталля займалася дробным бізнэсам, у яе была крама адзення.
Апошнія гады Наталля прысвяціла таму, каб пакараць зяця. Жанчына пераконвала грамадства ў тым, што ён гвалтаваў сваю дачку — адпаведна, унучку Наталлі.
Падчас змагання з зяцем Наталля Мікуліч абрала цікавую стратэгію — яна стала зацята падкрэсліваць сваю адданасць Аляксандру Лукашэнку, спадзеючыся, што той дапаможа, пісала яму лісты. Таксама яна ўступіла ў партыю ЛДПБ. Алегу Гайдукевічу яна перыядычна дзякавала ў сацсетках за падтрымку.
Яе сцверджанні не пацвердзіліся, а зяць выйграў некалькі пазоваў за паклёп. Але Наталля не супакоілася і працягвала атакаваць зваротамі дзяржаўныя органы, дайшла да асабістай сустрэчы з Кубраковым.
У выніку на яе завялі крымінальную справу. Судзілі жанчыну па трох артыкулах — «распальванне варожасці або разладу» (ч. 1 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «паклёп» (арт. 188 КК).
Ёй пагражала да пяці гадоў са штрафам, але суд вырашыў, што жанчына не магла адказваць за свае дзеянні.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары