Дырэктар беларускай IT-кампаніі Gurtam назваў галоўны сакрэт поспеху
Аляксей Шчурко, заснавальнік буйной і паспяховай IT-кампаніі Gurtam, даў вялікае інтэрв'ю знакамітаму літоўскаму гоншчыку ралі «Дакар» Бенедыктасу Ванагасу, дзе распавёў пра свае хобі, заробкі ў кампаніі, цяжкасці рэлакацыі і перспектывы ўласнага бізнэсу за мяжой.
На ютуб-канале літоўскага аўтагоншчыка Бенедыктаса Ванагаса, вядомага сваімі выступамі ў ралі «Дакар» у складзе каманды Toyota, выйшла вялікае інтэрв'ю з Аляксеем Шчурко, дырэктарам буйной і паспяховай беларускай IT-кампаніі Gurtam, якая рэлакавалася ў Літву пасля 2020 года.
Беларуская ІТ-кампанія Gurtam (англійская транслітэрацыя беларускага слова «гурт» у творным склоне) заснавана ў 2002 годзе Аляксеем Шчурко і ягоным бацькам Уладзімірам Шчурко. Кампанія стварыла платформу для спадарожнікавага маніторынгу і інтэрнэту рэчаў Wialon, а таксама платформу flespi для паскоранай распрацоўкі геалакацыйных рашэнняў. Да Wialon падключана больш за 3,5 мільёна машын і іншых аб'ектаў у больш чым 150 краінах свету.
Софт Gurtam выкарыстоўваюць сотні тысяч кампаній і больш за 4 мільёны кліентаў па ўсім свеце: ад сэрвісаў па дастаўцы піцы і таксапаркаў да нафтавых карпарацый і дзяржаўных службаў. Офісы кампаніі адкрытыя ў пяці краінах: Літве, Грузіі, ААЭ, Аргенціне, ЗША.
Gurtam пачаў рэлакавацца з Беларусі ў 2020 годзе і цалкам скончыў сыход у лютым 2023 года. У сакавіку 2022 кампанія прыпыніла продаж сваіх прадуктаў у Расіі, а ў снежні таго ж года ліквідавала расійскую юрыдычную асобу.
Аляксей Шчурко адзначае, што ягоная кампанія пры дапамозе ўласных тэхналогій імкнецца рабіць свет лепшым, ратаваць чалавечыя жыцці і берагчы экалогію. Распрацоўкі Gurtam, кажа Шчурко, дапамагаюць скарачаць шкодныя выкіды ў атмасферу, што па эфекту эквівалентна пасадцы каля 100 дрэў штодзень.
Сам бізнэсмен не займае пасаду генеральнага дырэктара кампаніі, называючы сабе толькі галоўным распрацоўшчыкам Gurtam. Ён тлумачыць гэта тым, што не хоча канцэнтраваць уладу ў руках аднаго чалавека і давярае іншым супрацоўнікам.
«Я проста хачу стварыць кампанію і дазволіць людзям працягваць яе будаваць. Я толькі паказваю ім правільны кірунак, а яны вызначаюць усё астатняе. Пры гэтым я мяняю свае ролі: на адным тыдні я інжынер-распрацоўшчык, на другім — менеджар, і толькі на трэцім — ужо дырэктар. Калі я інжынер, то не праводжу нарадаў у якасці кіраўніка кампаніі, а разам з астатнімі распрацоўваю стратэгіі, тактыкі, і мы проста шмат размаўляем.
Я працую па прынцыпе 50/50. Але нават падчас майго лідарскага тыдня я прысвячаю нарадам толькі тры дні на тыдзень, а два дні заўсёды пакідаю на працу ў ролі звычайнага інжынера. Хачу ў будучыні размяркоўваць 70% свайго працоўнага часу на стварэнне чагосьці новага, а 30% пакінуць на кіраванне кампаніяй», — дзеліцца Аляксей Шчурко ў інтэрв'ю літоўскаму гоншчыку.
Шчурко лічыць, што сакрэтны інгрыдыент ягонай паспяховасці — працалюбства і наданне сваёй прафесіі вялікай колькасці ўвагі і часу. Сваім галоўным хобі мужчына называе пілатаванне самалётаў, бо «палёт дарыць масу эмоцый і адчуванне свабоды».
Бізнэсмен пералічвае тры ключавыя крытэры эфектыўнасці Gurtam, якія кампанія павінна трымаць у прыярытэце: даход ад дзейнасці супрацоўнікаў, колькасць інжынераў-распрацоўшчыкаў і паказчыкі чыстага прыбытку.
«У нас ёсць тры вельмі простыя параметры. Яны патрэбныя нам для разумення таго, а ці ў правільным кірунку мы рухаемся да нашага бачання будучыні кампаніі. Першы з іх — даход ад дзейнасці супрацоўнікаў, які, па нашым плане, павінен складаць 200 тысяч даляраў (655 тысяч рублёў) у год на аднаго чалавека. Такі даход дазваляе нам выплочваць людзям высокія заробкі, на якія мы звычайна выдаткоўваем каля 60% ад агульнага кошту ўсіх нашых аперацый.
Другі параметр — гэта колькасць інжынераў-распрацоўшчыкаў у штаце Gurtam. Для прыбытковага і эфектыўнага існавання ў якасці тэхналагічнай кампаніі інжынерамі павінны быць 40% ад нашага агульнага штату супрацоўнікаў. Мы гэтых паказчыкаў яшчэ не дасягнулі, бо ў нас пакуль толькі 30%.
А трэці крытэр уяўляе сабой узровень чыстага прыбытку кампаніі. Ён павінен складаць ад 25 да 30% ад агульнага даходу і не быць меншым за 20%. Калі мы настолькі прыбытковыя, то зможам рабіць усё, што захочам, бо гэта паказчык нашай свабоды. Да таго ж, высокі прыбытак дае выдатную магчымасць падзякаваць супрацоўнікам, каб яны маглі адчуць сябе часткай кампаніі і зразумець, што яны не толькі ствараюць кошт кампаніі, але і могуць скарыстацца яе пладамі», — адзначае Шчурко.
Таксама прадпрымальнік упэўнены, што кампаніі трэба актыўна ўкараняць і развіваць сістэмы штучнага інтэлекту, «бо яны ствараюць новы рынак працы і пазбаўляюць чалавека ад руціны, даючы яму магчымасць прысвячаць свой час больш прасунутай дзейнасці, дзе важныя чалавечыя рашэнні».
Самым складаным прынятым рашэннем падчас кіравання кампаніяй Шчурко называе рашэнне аб рэлакацыі з Беларусі ў Літву ў 2020 годзе. Потым кампанія разарвала ўсе сувязі з Расіяй з-за вайны ва Украіне, што, кажа бізнэсмен, таксама стала цяжкім ударам, бо на расійскі рынак прыходзілася каля 20% ад агульнай міжнароднай выручкі Gurtam.
«Аднак, нягледзячы на цяжкасці, мы здолелі захаваць 70-80% нашых супрацоўнікаў і ўрэшце ва ўсёй гэтай сітуацыі засталіся ў выйгрышы», — падкрэслівае Шчурко.
Каментары
Ганарымся!