Грамадства2121

Камуніст са Шклова, у якога дзеці-вундэркінды ў 8-9 гадоў паступаюць у ВНУ. Хто такі Яўген Цеплякоў?

Яўген Цеплякоў, які хоча дарыць свету геніяў оптам, асоба супярэчлівая. Ён мае свой падыход і да адукацыі дзяцей, і да стварэння сям'і — бо калі дзяўчаты ў 15 гадоў могуць скончыць універсітэт, то і дзяцей можна пачаць нараджаць у гэтым узросце.

Сям'я Цепляковых у 2021 годзе. Фота: e1.ru

Зоркай СМІ розных краін Яўген Цеплякоў стаў у 2021 годзе, калі яго старэйшая дачка Аліса ва ўзросце 9 гадоў паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава вучыцца на псіхолага. На платнае — але вынік усё адно ўражвае, улічваючы той факт, што аднагодкі дзяўчынкі вучыліся ў трэцім класе.

Пасля гэтага сям’я Цепляковых літаральна купаецца ва ўвазе. Нехта захапляецца адданасцю бацькоў і тым, як яны займаюцца дзецьмі, нехта крытыкуе за тое, што ў малых забралі дзяцінства.

Але што ж адбывалася да гэтага?

Нарадзіўся ў Шклове, перамагаў у алімпіядах па беларускай мове (і не толькі)

У інтэрв’ю мужчына расказваў, што нарадзіўся ў Шклове і скончыў там першыя дзевяць класаў школы. 

— У восьмым ці ў дзявятым класе выйграў школьны этап [алімпіяды] па ўсіх прадметах: руская мова, беларуская мова, руская літаратура, беларуская літаратура, геаграфія, біялогія, гісторыя. Гэта была «абсалютка» — абсалютнае першае месца. Усяго дзевяць прадметаў, дзевяць першых месцаў. У класе мне рабіць не было чаго. Я проста чакаў, пакуль астатнія мяне дагоняць.

Дарэчы, у працэсе таго інтэрв’ю высветлілася, што Яўген не любіць творчасць Льва Талстога і з задавальненнем выкінуў бы «Вайну і мір» са школьнай праграмы.

Ці сапраўды Яўген у школьныя гады быў выдатнікам? Гэта ўзяліся высветліць журналісты выдання «Камсамольская праўда Санкт-Пецярбург». Яны даведаліся, што мужчына вучыўся ў школе №4 Шклова. А вось што расказала тагачасная дырэктарка навучальнай установы Алена Гарбачэўская (яна ўдакладніла, што некалі выкладала ў Яўгена геаграфію).

— Гэта сапраўды было адоранае дзіця, галоўнае — па ўсіх прадметах! Ён схопліваў злёту, меў нестандартны погляд на ўсё. Быў круглым выдатнікам, яго мама, дарэчы, таксама скончыла школу з залатым медалём. Так што Алісе ёсць у каго быць таленавітай.

Фота: pb.kp.ru

Класная кіраўніца Яўгена Галіна Дадыка казала пра былога вучня шмат прыемнага.

— У Жэні ў школе была мянушка «хадзячая энцыклапедыя», таму што ён выйграваў у нас ва ўсіх алімпіядах, конкурсах. Увогуле, ён быў зоркай нашай школы. Ён ведаў усё і па ўсіх прадметах. І ўсе прадметы былі ў яго любімымі. Ён вельмі шмат чытаў, дзякуючы гэтаму апярэджваў у развіцці сваіх аднагодкаў і мог расказаць пра ўсё, што б у яго ні спыталі.

Галіна Дадыка таксама згадала, што хлопец жыў з бабуляй (а аднакласнікі дадалі, што бацькі, здаецца, працавалі ў Маскве). Жанчына лічыла, што Яўген быў такім разумным ад прыроды, вучыцца яго ніхто не прымушаў.

Аднакласнікі Яўгена казалі, што яго нельга было назваць душой кампаніі, але і замкнёным школьнік таксама не быў.

Шклоў — Актау — Масква

Потым Яўген з бацькамі апынуўся ў Казахстане, бо яны вырашылі пераехаць да сваякоў у горад з эксперыментальнай атамнай электрастанцыяй. Дзясяты і адзінаццаты клас хлопец скончыў у горадзе Актау.

Фота: pb.kp.ru

Пасля гэтага два гады думаў, дзе хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, і актыўна займаўся спортам. У выніку вырашыў паступаць у ВНУ ў Маскве. Ён сцвярджае, што скончыў два факультэты МДУ імя Ламаносава (факультэт псіхалогіі і факультэт вылічальнай матэматыкі і кібернетыкі) з чырвонымі дыпломамі.

У 2014 годзе Яўген даў вялікае інтэрв’ю «Анлайнеру». У ім мужчына пахваліўся, што працаваў у маскоўскіх офісах «Яндэкса» і SAP, меў заробак $7 тысяч, які вырашыў прамяняць на вучобу ў Кітаі.

Яўген і Наталля Цепляковы. Фота: onliner.by

У той момант Яўген быў ужо жанаты з Наталляй (таксама выпускніцай МДУ), меў дачку Алісу. «Геній са Шклова», як яго назвалі беларускія журналісты, казаў, што мог разам з жонкай для эміграцыі абраць ЗША ці Канаду. Але не захацеў эміграваць у краіну, «якая займаецца бамбёжкамі нязгодных з ёй дзяржаў і ладзіць рэвалюцыі па прынцыпе залягання нафты». Яўген абраў для сваёй сям'і дзяржаву, якая будуе сацыялізм, — Кітай. Ён выйграў стыпендыю CAS-TWAS ад Акадэміі навук Кітая.

Асноўным даходам Яўгена стала стыпендыя памерам прыкладна $1300. Ён казаў у інтэрв’ю, што на гэтыя грошы можна шыкоўна жыць у Гуанчжоу. На той момант памер стыпендыі сапраўды быў вышэйшы за сярэдні заробак прыкладна ў 2,5 раза.

У Кітаі ў пары нарадзіўся сын Хеймдаль, а потым яшчэ дзве дачкі — Лея і Тэра. У Гуанчжоу сям'я здымала кватэру (125 квадратаў) у новым доме, з басейнам на ахоўнай тэрыторыі, з падземным паркінгам. Цепляковы маглі дазволіць сабе прыватны дзіцячы садок і няньку.

Фота: onliner.by

Мужчына, які ўжо тады называў сябе камуністам, захапляўся краінай. Вось што ён казаў «Анлайнеру», параўноўваючы Кітай з Беларуссю і Расіяй:

— Чаму Кітай у рэальным выражэнні з 1990 года вырас у дзесяць разоў, а мы ўсё больш адстаём? Дваццаць гадоў таму сярэднестатыстычны кітаец працаваў за кубак рысу. Цяпер у іх сярэдні заробак $800.

— А з улікам таго, што цэны ў Кітаі ніжэйшыя, чым у Расіі і Беларусі, то рэальны заробак у іх вышэйшы. Нам жа працягваюць расказваць, што кітайцы за $100 працуюць… Пры гэтым у Расіі і Беларусі ідзе рэальнае падзенне культуры і адукацыі. У школах вучаць усё горш. І на гэта заплюшчваюць вочы.

Мяркуючы па ўсім, Яўген і Наталля вельмі хацелі застацца жыць у Кітаі. Цеплякоў нават апублікаваў у сваім ЖЖ зварот да кітайскіх СМІ, у якім расказваў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца замежнікі ў Кітаі.

Аліса Цеплякова ў Кітаі. Фота: onliner.by

Мужчына скардзіўся, што нават праз тры гады жыцця ў адным і тым жа раёне сям’я не можа спакойна пайсці ў краму, бо за 10 хвілін з імі папросяць сфатаграфавацца не менш за 20 чалавек, а яшчэ 5-10 захоча пагладзіць дзяцей па твары.

— Нашы маленькія дзеці нарадзіліся і выраслі ў Кітаі, яны гавораць па-кітайску, яны думаюць, што сталіца іх радзімы — Пекін. Яны сапраўды такія ж, як усе кітайскія дзеці, акрамя колеру валасоў і вачэй. Пры гэтым кожны сустрэчны адмовіцца разумець іх, калі яны загавораць з ім па-кітайску, абавязкова скажа сваё «халоў», абавязкова паспрабуе сфатаграфаваць.

Яўген сцвярджаў, што ў дзіцячым садочку выхавальнікі трымаюць дзяцей замежнікаў як маленькі заапарк — як хатніх пандаў ці малпачак.

— З імі ніхто не размаўляе, ніхто не хоча іх вучыць па-сапраўднаму, усе лічаць іх пацешнымі звяркамі. Іх толькі кормяць і ўкладваюць спаць. Ім ніколі не даюць аднолькавыя заданні з кітайскімі дзецьмі, іх прымушаюць пісаць паўгода па два іерогліфы кожны дзень, лічачы, што замежнікі — не людзі, і не здольныя вучыцца ў прынцыпе.

У гэтым жа звароце Яўген пісаў:

«Нам вельмі падабаецца Кітай, мы ганарымся ягонымі навукова-тэхнічнымі, эканамічнымі і іншымі дасягненнямі. Мы бачым, як ён мяняе жыццё звычайных людзей да лепшага ад года да года. І мы б вельмі хацелі далучыцца да кітайскай мары, і будаваць сацыялізм разам з вамі».

Ведае, як зрабіць «больш Эйнштэйнаў»

Здаецца, ад кітайскай мары прыйшлося ўсё ж адмовіцца. Сям’я — ужо з чатырма дзецьмі — вярнулася ў Расію ў 2017 годзе. У адным з інтэрв'ю Яўген казаў:

— З пункту гледжання дэмаграфіі ў сям'і павінна быць хаця б пяць дзяцей. З пункту гледжання маралі лепш дзесяць.

І да гэтай лічбы Цепляковы ўпэўнена набліжаюцца. У жніўні Цеплякоў паведаміў пра тое, што ў іх нарадзілася дзявятае дзіця. Хлопчыку далі імя Альрык Фініст Альрыён. Акрамя яго, у Яўгена і Наталлі ёсць Хеймдаль, Фейлунг, Айлунг, Тэсей, Сулейман, Тэра, Лея і Аліса.

Дарэчы, Яўген афіцыйна працуе выхавацелем для сваіх дзяцей. У Расіі ў шматдзетных бацькоў ёсць магчымасць аформіць сямейны дзіцячы садочак (пры ўмове, што ў сям’і адначасова трое дзяцей дашкольнага ўзросту). Таму цяпер Яўген — выхавацель у сямейным дзіцячым садочку «Журавушка», які ён адкрыў разам з жонкай. У адным з відэа ён расказваў, што ягоны заробак штомесяц складае прыкладна 1750-2100 беларускіх рублёў.

Усе дзеці Цепляковых навучаюцца выключна дома па аўтарскіх методыках бацькоў. Старэйшай дачцэ Алісе (той самай, якая ў 9 гадоў паступіла ва ўніверсітэт на псіхолага) ужо 12 гадоў.

Дарэчы, сёлета сямігадовая Тэра Цеплякова скончыла 9 клас. А яе васьмігадовая сястра Лея стала самай юнай выпускніцай, скончыўшы 11 класаў. Хутчэй за ўсё, яна таксама спрабавала паступіць у МДУ, бо два месяцы таму шматдзетны тата расказваў, што падаваў ва ўніверсітэт дакументы яшчэ аднаго свайго дзіцяці.

Лея Цеплякова атрымлівае атэстат. Скрыншот відэа YouTube-блогу «Вучымся з Алісай»

У іншым відэа Цеплякоў казаў, што ягоны сын Хеймдаль паступіў ва ўніверсітэт ва ўзросце 8 гадоў. Ці працягвае ён вучобу, зразумець складана, бо бацька не называе ВНУ.

Сёлета сайт mogilev.news пісаў, што і Аліса, і Хеймдаль — студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў Магілёве.

Паводле інфармацыі выдання, Аліса завочна вучыцца па спецыяльнасці «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі», а яе брат Хеймдаль па спецыяльнасці «Электронны маркетынг» (таксама завочна). Апублікавалі нават фатаграфію экзаменацыйнай ведамасці групы. Невядома, ці з'яўляецца яна сапраўднай.

Фота: mogilev.news

Але Цеплякоў праз некалькі месяцаў пасля выхаду тэксту заявіў, што яго дачка «в Белоруссии» ніколі не вучылася. Па яго словах, яна працягвае навучанне ў МДУ.

Дакладна адно: адносіны ў сям’і з адміністрацыяй і выкладчыкамі МДУ складаныя. У YouTube-блогу «Вучымся з Алісай» Цеплякоў два месяцы таму расказваў, што яны судзяцца з ВНУ і дайшлі ўжо да Вярхоўнага суда Расіі.

Яўген дапускае, што калі ў дзяцей укладаць яшчэ больш сіл, то яны змогуць рабіцца студэнтамі яшчэ раней — у тым узросце, калі звычайна дзеці ідуць у першы клас.

У Цеплякова свой погляд не толькі на сістэму адукацыі (якой у Расіі ён шалёна незадаволены), але і на тое, якім чынам трэба паляпшаць дэмаграфічную сітуацыю. Ён зняважліва выказваўся пра феміністак, якія раскрытыкавалі прапанову віцэ-спікеркі Дзярждумы Расіі Ганны Кузняцовай нараджаць першае дзіця адразу пасля заканчэння школы.

— Многія радыкальныя феміністкі сталі адразу крычаць, што нараджаць прымушаюць школьніц — бедных-няшчасных. Але як вы разумееце на прыкладзе нашай сям'і, школьніцамі яны з'яўляюцца толькі таму, што вы іх выракаеце на разумовую адсталасць, аддаючы дзяцей у школу ў 7 гадоў. Ніхто не перашкаджае ўзяць на ўзбраенне нашы тэхналогіі і паскорыць працэс.

Цеплякоў настойвае, што дзеці могуць мець адукацыю ўзроўню магістратуры ўжо гадоў у 15-16.

— Для рэальнага развіцця эканомікі нам патрэбны навукова-тэхнічны прарыў. Неабходна павышаць сярэдні ўзровень адукацыі ў краіне. Калі ў вас будзе шмат фізікаў высокага ўзроўню, сярод іх знойдуцца Эйнштэйны. Каб былі спартсмены высокага ўзроўню, неабходны дзіцячы спорт. Спорт высокіх дасягненняў немагчымы без масавага спорту. Савецкі Саюз гэта паказальна дэманстраваў. Таму для таго, каб краіна ішла наперад, трэба высокая адукацыя, а не ПТВ.

У плане адукацыі Яўген прапануе раўняцца на Паўднёвую Карэю, Сінгапур, Макаа, Кітай. Крытыкуе ён ЗША, якія развіваюцца за кошт таго, што могуць прыцягваць высокакваліфікаваных мігрантаў з усяго свету.

— Дзіця, якое ў 15 гадоў скончыла ВНУ, можа — галоўнае слова «можа», бо ніхто яго не прымушае — будаваць сям’ю. У той час як у вашай схеме няшчасная дзяўчынка, якая паступіла ва ўніверсітэт у 18-19 гадоў, скончыла бакалаўрыят і магістратуру… Вось ёй 25 — і наперад нараджаць. Яна ўжо дастаткова старая. У яе ёсць некаторы вопыт у інтымным жыцці.

У 2020 годзе Яўген Цеплякоў спрабаваў тлумачыць расіянам, што адбываецца ў Беларусі: «Я разумею, вельмі складана паверыць у тое, што беларускі НАРОД проста прагаласаваў СУПРАЦЬ Лукашэнкі, але гэта праўда»

Цеплякоў сцвярджае, што ў такім выпадку на дзяўчыну будзе ціснуць грамадства, таму яна наўрад ці наважыцца нарадзіць хаця б тры-чатыры дзіцяці.

— Дзяўчыне будзе вельмі складана, бо ціснуць будуць фразай: «Навошта ты вучылася? Каб потым у дэкрэце сядзець?!» Нават пра дэкрэт не скажуць — проста: «Ты не працуеш! Ніхто цябе потым на працу не возьме, нікому ты не патрэбна са сваім багажом».

Матэматыка ў Яўгена простая: калі жанчына нараджае трох дзяцей, яна праводзіць у дэкрэце 6-9 гадоў, калі чатырох — 12.

— Калі дзяўчынка ў 18-19 гадоў пасля школы пойдзе ў дэкрэт на 12 гадоў, гэта сапраўды моцна ўдарыць па сітуацыі ў краіне. Таму што ў дзяўчынкі няма адукацыі, яна не зможа даць адукацыю сваім дзецям, бо ў яе няма каштоўнасці адукацыі. Ні пра які прарыў можна і не марыць. Можна марыць толькі, што мы ў нейкі момант абгонім Зімбабвэ.

Выйсце Цеплякоў бачыць у тым, каб дзеці мелі вышэйшую адукацыю гадоў у 15-16, а потым пачыналі займацца пытаннямі стварэння сям'і (пажадана, шматдзетнай).

Аліса Цеплякова з мамай Наталляй

Амаль кожнае сваё відэа на YouTube Яўген заканчвае пажаданнем гледачам «нараджаць новых Аліс».

Каментары21

  • о
    22.09.2024
    В книгу рекордов Гиннесса его что ли?
  • Валенты
    22.09.2024
    Ідэйныя - страшныя людзі. Бо дзеля сваіх ідэй замардуюць усіх, нават жонку і дзяцей.
  • Прау́да ёсць
    22.09.2024
    Проста трэш нейкі....
    Пачынаючы ад "Белоруссии", скончваючы усім астатнім.
    Яго у́ Навінках правяралі?....

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

У тыктоку знайшлі яшчэ адну 100% прыкмету беларусаў21

Навукоўцы не выявілі сувязі паміж выкарыстаннем сацыяльных сетак і псіхічнымі праблемамі

У цягніку Мінск-Брэст раптоўна памёр італьянец17

Пераходная адміністрацыя Трампа адмаўляе, што дарадца Ланза казаў пра Украіну ад яе імя20

Даследаванне ДНК ахвяр вывяржэння ў Пампеях разбурыла прыгожую легенду пра маці з дзіцем10

У Прыпяцкім нацыянальным парку адшукалі старажытныя курганы1

«Ва Украіне я ніхто!» Маргарыта Ляўчук не можа даць сыну імя праз абмежаванні, уведзеныя супраць беларусаў105

«Крыма больш няма». Амерыка пры Трампе не збіраецца дапамагаць Украіне вяртаць акупаваныя Расіяй тэрыторыі?40

Навуковец назваў два раёны Мінска, якія аблюбавалі кажаны2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Галоўнае
Усе навіны →