У Мёрах падлетак украў трактар, каб замацаваць веды, атрыманыя на ўроках кіравання
Навучэнец каледжа зладзіў сабе начны ўрок кіравання і атрымаў крыміналку.
Кіраўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў у Мёрах аднойчы раніцай заўважыў, што ў гаспадарцы не хапае аднаго трактара. Пра знікненне ён паведаміў у міліцыю, тэхніку неўзабаве знайшлі ў полі непадалёк.
Аказалася, што трактар скраў 17-гадовы навучэнец каледжа. Той ноччу ён вырашыў на практыцы адпрацаваць навыкі кіравання, атрыманыя на занятках. Хлопец прыйшоў на пляцоўку, дзе захоўвалася тэхніка, знайшоў пад капотам аднаго з трактароў ключы.
Падлетак паспрабаваў адчапіць ад трактара прычэп, але не змог: з гідраўлічнага шланга палілася вадкасць, і хлопец спалохаўся. Ён вырашыў, што прычэп яму не перашкодзіць, і паехаў катацца на трактары. Калі скончылася паліва, хлопец кінуў тэхніку каля лесу і пайшоў спаць.
Цяпер падлетка будуць судзіць за ўгон. У міліцыі папярэдзілі аб адказнасці і службовых асоб прадпрыемства — за тое, што дапусцілі такі крадзеж.
Каментары