Грамадства77

Каліноўскі, Шрэк, Nokia 3310. Ціханоўская запоўніла анкету, як у дзяцінстве

Вядома, што Святлана Ціханоўская — выбраная прэзідэнтка, жонка палітвязня, маці дваіх дзяцей. Не сакрэт, чым яна займаецца. Але які яна чалавек? «Белсат» скарыстаўся метадам з дзяцінства: анкетай з простымі пытаннямі.

Фота: ОСЦ

Святлана Ціханоўская нарадзілася 11 верасня 1982 года — сёння ў яе дзень народзінаў, ёй спаўняецца 42 гады.

Больш як чатыры гады таму яна пайшла кандыдаткай у прэзідэнты замест зняволенага мужа Сяргея Ціханоўскага. Паводле дадзеных грамадскай кампаніі «Голас», яна перамагла ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў (што пацвярджае аналіз сфатаграфаваных бюлетэняў і пратаколаў), але замест прызнання паразы рэжым Аляксандра Лукашэнкі выдварыў Ціханоўскую з краіны і распачаў масавыя рэпрэсіі.

З таго часу Ціханоўская дала безліч інтэрв’ю (напрыклад, інтэрв’ю «Белсату» праз 12 дзён па выбарах), шмат расказвала пра сваю дзейнасць. Вакол яе склалася шырокая кааліцыя дэмакратычных сілаў, аб якой таксама вядома нямала.

Ды Ціханоўская — не толькі цэнтр дэмакратычнай кааліцыі, але і жывы чалавек. Каб даведацца, які менавіта чалавек, «Белсат» склаў анкету, падобную да тых, што ці не ўсе мы рабілі для сяброў у школах і дзіцячых садках. Пытанні і адказы такія:

  1. Імя: Святлана Ціханоўская.
  2. Дзень народзінаў: 11.09.1982.
  3. Рост: 168.
  4. Колер вачэй: Карыя.
  5. Колер валасоў: Цёмныя.
  6. Улюбёны колер: Белы.
  7. Найлепшы сябар: Сяргей Ціханоўскі.
  8. Самая важная рыса характару ў людзях: Сумленне.
  9. Улюбёны горад: Вёска Сінкевічы (месца дзяцінства).
  10. Улюбёная ежа: Катлеты )), бабулін суп рэзанкі.
  11. Улюбёны напой: Яблычны сідр.
  12. Улюбёнае надвор’е: Калі глядзець кіно, то пад дождж, а калі кудысьці ісці, то цёплае, камфортнае летняе надвор'е.
  13. З якой кветкай асацыюеш сябе: Сябе з кветкай не асацыюю, а ўлюбёныя кветкі — белыя пралескі.
  14. Улюбёны прадмет у школе: Усе. Калі вылучаць адзін — матэматыка.
  15. Улюбёны фантастычны персанаж: Шрэк.
  16. Улюбёны гістарычны персанаж: Кастусь Каліноўскі.
  17. Кнігі, якія ўсім варта прачытаць: «Зэкамерон» Максіма Знака.
  18. Улюбёны паэт і / або верш: Уладзімір Высоцкі «Ён не вярнуўся з бою».
  19. Улюбёны фільм / серыял: Шмат. «1+1».
  20. Улюбёны актор / улюбёная акторка: Кевін Спэйсі.
  21. Улюбёная музыка — песні / гурт, спявак ці спявачка: «Naviband», уся беларуская музыка.
  22. Улюбёная крыніца навінаў: СДЖ, «Зеркало».
  23. Улюбёны спосаб адпачынку цяпер: Супольны прагляд мультфільмаў з дзецьмі.
  24. Якім быў бы ідэальны адпачынак: Ляжачы + актыўны — 50 на 50.
  25. Якія хобі цяпер: Самастойна вучуся граць на фартэпіяна.
  26. Якія хобі былі раней: У дзяцінстве збірала фанцікі.
  27. Улюбёны спорт: Няма.
  28. За якую каманду / спартоўца заўзееш: За Беларусь.
  29. Улюбёная мадэль аўта: Hummer.
  30. Улюбёны брэнд адзення: Я гэтым не вельмі цікаўлюся.
  31. Улюбёная мадэль тэлефона: Nokia 3310.
  32. Згушчонка — глыбоцкая ці рагачоўская: Не буду вылучаць, а то паб’яцеся.

Некаторыя адказы варта растлумачыць.

«Катлеты» — смех з таго, што праціўнікі Ціханоўскай выкарыстоўваюць супраць яе. На перадвыбарчым мітынгу ў Гомелі 26 чэрвеня 2020 года Ціханоўская казала, што яна не палітык, што не хоча ўлады і што хацела б толькі «мужа, дзяцей і далей смажыць свае катлеты». Праціўнікі як з боку рэжыму Лукашэнкі, так і з «апазіцыі да апазіцыі» пасля яшчэ шмат разоў згадвалі тыя катлеты з намёкам на тое, што «месца Ціханоўскай на кухні».

«1+1» — так у беларускім, расейскім і ўкраінскім пракаце звалася французская камедыя 2011 года Intouchables (даслоўна — «Недатыкальныя»). Пазней выйшла некалькі рэмэйкаў фільму, самы вядомы з якіх — амерыканскі The Upside (даслоўна — «Перавага») 2017 года, які ў беларускім, расейскім і ўкраінскім пракаце зваўся «1+1: Галівудская гісторыя».

Любімы акцёр Ціханоўскай Кевін Спэйсі ў 2017 годзе трапіў у шэраг скандалаў: яго вінавацілі ў сексуальным гвалце. Абвінавачванні выглядалі настолькі рэалістычна, што ад Спэйсі адвярнуўся амаль увесь Галівуд. Нават у серыяле «Картачны домік» (House of Cards), дзе Спэйсі цягам пяці сезонаў выконваў галоўную ролю прэзідэнта Злучаных Штатаў, яго замянілі, выправіўшы персанажа «ў адстаўку». Але Спэйсі апраўдалі ў судах: у 2022 годзе ў Нью-Ёрку і ў 2023-м у Лондане.

СДЖ — «Страна для жизни», медыяпраект Сяргея Ціханоўскага. Найбольш папулярны ў гэтай сетцы — Youtube-канал «Страна для жизни», але праект прадстаўлены таксама ў Telegram, Instagram і іншых сацсетках. Паралельна з медыяпраектам дзейнічае фонд «Краіна для жыцця», які займаецца дапамогай палітвязням і іхным сем’ям, падтрымкай валанцёрскага руху і грамадзянскай супольнасці.

Hummer — амерыканскі брэнд аўтамабіляў-пазадарожнікаў на базе вайсковай машыны HMMWV. Гэта можа быць адсылкай да даўняга мему: не раз жартавалі, што пераможца трыумфальна ўязджае кудысьці ўжо не на белым кані, а на белым «Хамеры» ці на белым танку Abrams. Тым больш, у 2021 годзе лукашэнкаўская прапаганда распавядала, што праціўнікі Лукашэнкі рыхтавалі напад з Літвы на «150 джыпах з буйнакалібернымі кулямётамі». 

Nokia 3310 — дзве розныя мадэлі тэлефонаў. Класічная мадэль фінскай кампаніі Nokia выйшла ў продаж у 2000 годзе і стала адной з самых папулярных у гісторыі: тых класічных Nokia 3310 прадалі 126 млн апаратаў (рэкорд у іншай мадэлі — пазнейшую Nokia 1100 прадалі аж 250 млн). Мадэль «3310» славілася надзейнасцю і стала мемам: жартавалі, што такім тэлефонам можна калоць арэхі. Ды тэлефонны бізнэс Nokia аказаўся не такім надзейным: не перажыў канкурэнцыі са смартфонамі на iOS і Android, у 2014 годзе тэлефонную частку бізнэсу прадалі Microsoft (сама кампанія Nokia засталася з іншымі напрамкамі дзейнасці ў тэлекамунікацыях). У 2016 годзе пад брэндам Nokia сталі выпускаць тэлефоны, распрацаваныя фінскай HMD Global. У 2017 годзе на рынак выйшаў новы тэлефон пад назвай Nokia 3310, які меў сучасны дызайн з адсылкамі да класічнай мадэлі «3310» і быў не смартфонам, а менш функцыянальнай «званілкай». Класічныя Nokia 3310 цяпер можна купіць хіба ў калекцыянераў, а версія 2017 года дагэтуль сустракаецца ў продажы ў звычайных крамах.

Каментары7

  • Віншуем
    11.09.2024
    З Днём народзінаў!
    Няхай шчасціць!
  • Жора
    11.09.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Кэвін Спэйсі
    11.09.2024
    Дзякуй, спадарыня Прэзідэнт!

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне11

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Усе навіны →
Усе навіны

Мікрааўтобус жорстка сутыкнуўся з легкавіком у Брэсце, магчыма, ёсць пацярпелыя

Куды падзець яблыкі, альбо Яблычны кекс з сырам4

Беларус закінуў беларусу шайбу ў Канадзе ВІДЭА3

Элітная 155-я брыгада Ціхаакіянскага флоту Расіі страціла 80% складу пад Вуглядарам5

На Эверэсце знайшлі парэшткі альпініста, які знік 100 гадоў таму2

18 чалавекам стала млосна ад сцэн жорсткага сэксу падчас оперы ў Германіі19

«Для працяглага жыцця гэта краіна, напэўна, не падыходзіць». Чым Грузія робіцца падобнай да Беларусі і чаму беларусам лепш у Польшчы13

Экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч пасадзілі на 15 сутак24

Беларусаў вярбуюць у расійскае войска праз інстаграм9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне11

Коля Лукашэнка гастралюе па краіне

Галоўнае
Усе навіны →