Манголія павінна адмовіць ва ўездзе прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну або арыштаваць яго, калі ён заедзе ў краіну, на падставе ордара Міжнароднага крымінальнага суда. Пра гэта гаворыцца ў заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch.
Пуцін павінен наведаць Манголію 3 верасня, каб узяць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 85-годдзю сумеснай перамогі савецкіх і мангольскіх войскаў над японскімі ўзброенымі сіламі на рацэ Халхін-Гол. Яго запрасіў прэзідэнт Ухнаагійн Хурэлсух, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
Гэта першая паездка Пуціна ў краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда, з сакавіка мінулага года — моманту выдачы ордара на яго арышт.
Прэзідэнта Расіі абвінавачваюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей на непадкантрольныя Кіеву тэрыторыі.
Па даных агенцтва Bloomberg, Улан-Батар запэўніў Пуціна, што яго не затрымаюць па прыбыцці ў краіну.
Праваабаронцы адзначаюць, што Манголія парушыць міжнародныя абавязацельствы як члена МКС, калі дазволіць наведаць краіну і не арыштуе яго там. На думку Human Rights Watch, прыём Пуціна не толькі абразіць многіх ахвяр злачынстваў расейскіх сіл, але і падарве найважнейшы прынцып вяршэнства закона.
Манголія стала членам МКС у 2003 годзе. Паводле дамовы, краіна абавязаная супрацоўнічаць з судом, у тым ліку арыштоўваючы і выдаючы любых падазраваных, якія ўязджаюць на яе тэрыторыю.
Калі Пуцін наведае Манголію, гэта будзе першы выпадак, калі краіна-чалец МКС прыме яго пасля выдачы ордара на арышт.
Human Rights Watch нагадвае, што ў жніўні мінулага года Пуцін павінен быў наведаць штогадовы саміт лідараў БРІКС у Паўднёвай Афрыцы, краіне, якая прызнае юрысдыкцыю МКС. Візіт расійскага прэзідэнта ў выніку быў скасаваны.
Дазвол на візіт Пуціна таксама будзе азначаць адмову Манголіі ад падтрымкі МКС, сцвярджаюць праваабаронцы.
Тым часам антываенная праваабарончая кааліцыя на платформе Change.org заклікала мангольскія ўлады затрымаць Пуціна. Сярод расійскіх апазіцыянераў, якія падпісалі дакумент, Уладзімір Кара-Мурза, філантроп Барыс Зімін, акцёр Артур Смальянінаў, журналіст Яўген Кісялёў.
«Калі вы гэта зробіце, Манголія вызваліць адразу тры краіны: Украіну, Беларусь і Расію. Чарада чалавечых пакут у гэтых краінах будзе спыненая, а вы назаўжды пакрыеце сябе славай збаўцаў», — гаворыцца ў петыцыі.
Каментары