Падчас абстрэлу Кіева было збіта больш за 20 крылатых і балістычных ракет
Абломкі ракет упалі ў чатырох раёнах Кіева, дзе загарэліся аўтамабілі і былі пашкоджаныя нежылыя памяшканні.
Кіраўнік Кіеўскай гарадской адміністрацыі Сяргей Папко распавёў, што падчас начнога абстрэлу Кіева сілы СПА збілі больш за дзесяць крылатых ракет і каля дзесяці — балістычных.
«Неверагодна вялікая колькасць балістычных ракет адначасова», — піша пры гэтым Папко.
Паводле яго інфармацыі, крылатыя ракеты (магчыма, Х-101) былі, хутчэй за ўсё, выпушчаныя каля трох гадзін ночы з расійскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў, якія знаходзіліся ў раёне Саратаўскай вобласці.
«На Кіеў гэтыя ракеты заходзілі пасля складаных манеўраў з паўднёвага напрамку», — сцвярджае кіраўнік Кіеўскай адміністрацыі.
«Адначасова з падлётам да сталіцы крылатых ракет вораг выпусціў па Кіеве і прыгарадах балістычныя ракеты KN-24/»Іскандэр-М». Да гэтага ўсяго яшчэ дадаўся адзін Ударны БПЛА», — дадае Папко.
З ягоных слоў, абломкі ракет упалі ў чатырох раёнах Кіева, дзе загарэліся аўтамабілі і былі пашкоджаныя нежылыя памяшканні.
Мэр Кіева Віталь Клічко ўдакладняе, што па стане на 06:25 па мясцовым часе па дапамогу да дактароў звярнуліся двое дарослых, адзін з якіх быў шпіталізаваны.
У Святошынскім раёне пашкоджаны чатыры аўтамабілі, двухпавярховы нежылы будынак, шапікі каля станцыі метро «Святошын» і шкляны ўваход у станцыю, піша Клічко. Сама станцыя працягвае працаваць, працягвае ён.
У Галасееўскім раёне пашкоджана кацельня, а ў Шаўчэнкаўскім «адбылося ўзгаранне на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў».
Каментары