Расія можа рыхтаваць дыверсію на важным вайсковым аэрадроме ў Германіі
Вайсковая база нядаўна ўжо трапляла ў навіны — праз меркаванае атручванне вады.
Расія можа рыхтаваць дыверсію на адным з вайсковых аэрадромаў у Германіі.
Германія атрымала ад адной з замежных разведак надзейныя звесткі «пра падрыхтоўчыя дзеянні да меркавана расійскай дыверсіі супраць базы НАТА з выкарыстаннем беспілотніка», паведамляе Bild.
Мяркуючы з усяго, гаворка ідзе пра аэрадром і базу ВПС НАТА ў Гайленкірхене. Паўтара тыдні таму база ўжо трапляла ў навіны: тады яна была ачэпленая праз падазрэнні ў дыверсіі, а менавіта ў атручванні пітной вады. Асцярогі гэтыя, зрэшты, не пацвердзіліся.
Праз некаторы час там жа быў затрыманы чалавек, які спрабаваў пранікнуць на тэрыторыю казармаў.
На базе размешчаныя самалёты Awacs — «лятаючыя сістэмы ранняга папярэджання». Яны выкарыстоўваюцца для назірання за паветранай прасторай ва ўсходніх рэгіёнах альянсу. У выпадку атакі Awacs павінны загадзя паведаміць пра яе камандаванне НАТА.
Самалёты таксама здольныя наводзіць на аб'екты праціўніка сродкі паражэння і ўдзельнічаць у кіраванні дзеяннямі войскаў.
Каментары