Санду заявіла аб беспрэцэдэнтных фальсіфікацыях і паабяцала зрабіць высновы
Прэзідэнт Малдовы Мая Санду лічыць, што на выбарах і рэферэндуме ў Малдове не было сумленнага палітычнага працэсу. Пра гэта яна заявіла ў выступленні ў сваім перадвыбарным штабе, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Санду сцвярджае, што ўлада мае доказы маштабнай пакупкі галасоў.
«Мы маем выразныя доказы таго, што гэтыя злачынныя групы ставілі за мэту купіць 300 000 галасоў», — заявіла яна, назваўшы гэта «махлярствам беспрэцэдэнтнага маштабу».
Адказваць на ўдакладняючыя пытанні яна адмовілася, але паабяцала вярнуцца з рашэннямі.
У сваёй прамове Мая Санду падкрэсліла, што «беспрэцэдэнтны напад на свабоду і дэмакратыю» працягваўся некалькі месяцаў, а таксама, што за гэтым стаяць злачынныя групоўкі і замежныя сілы, якія «атакавалі краіну дзясяткамі мільёнаў еўра, хлуснёй і прапагандай».
Раней улады Малдовы неаднаразова заяўлялі аб спробах «узлому выбараў» з боку групы Ілана Шора, асуджанага ў Малдове за крадзеж мільярда еўра з трох банкаў, а таксама ўладаў Расіі, дзе зараз хаваецца Шор.
Паводле даных ЦВК, па выніках падліку 98% галасоў, жыхары Малдовы прагаласавалі супраць еўрапейскага выбару — 49,9% за, 50,1% — супраць.
Таксама папярэдні падлік галасоў сведчыць, што Малдова ідзе на другі тур выбараў прэзідэнта, дзе Санду будзе супрацьстаяць прарасійскі Аляксандр Стаяногла.
Каментары
Рабіце высновы