Ва Уздзенскім раёне дачнікаў другі год тэрарызуе зграя бадзяжных сабак. Чыноўнікі нічога зрабіць не могуць
Кажуць, садовыя таварыствы павінны адлоўліваць іх за свой кошт.
Зграя дзікіх сабак ужо другі год тэрарызуе дачнікаў з садовых таварыстваў ва Уздзенскім раёне. Сабак сабралася ўжо больш за 20. Вонкава і паасобку яны не выглядаюць жахліва. Аднак, калі збіраюцца ў зграі, становяцца небяспечныя для навакольных, распавядае АНТ.
Сабакі з'яўляюцца ноччу і раніцай. Яны робяць падкопы, псуюць градкі, нападаюць на хатніх сабак.
Аднойчы нават напалі на мужчыну, цяпер ён аднаўляецца. Быў выпадак агрэсіі ў дачыненні да дзіцяці: на шчасце, паспеў уцячы, кінуўшы ровар.
Днём сабакі, мяркуючы па ўсім, уцякаюць у лес, дзе чакаюць да вечара.
Мясцовыя лічаць, што зграя стварылася пасля таго, як пару гадоў таму хтосьці прывёз шчанюкоў і выпусціў на волю. Дачнікі падкормлівалі сабак, але не прыручылі.
Больш за 60 чалавек з мясцовых садовых таварыстваў арганізавалі ініцыятыўную групу. Дачнікі напісалі лісты ва ўсе Уздзенскія выканкамы, райсаветы, ЖКГ, цэнтр гігіены і РУУС.
Чыноўнікі за патэнцыйны адлоў выставілі дачнікам непад'ёмную для пенсіянераў суму. Пры гэтым гарантый адлову ўсёй зграі ніхто даць не можа.
Старшыня Дзяшчанскага сельсавета Уладзімір Балцянкоў патлумачыў, што садовыя таварыствы — адасобленыя юрыдычныя адзінкі. І займацца адловам яны павінны за свой кошт.
«На тэрыторыі нашага сельсавета знаходзіцца 20 садовых таварыстваў. Кожнае з іх — адасобленая юрыдычная адзінка, таму адловам бадзяжных сабак на тэрыторыі населеных пунктаў займаецца сельскі савет (мы выступаем заказчыкамі, працы выконвае Уздзенская ЖКГ), а садовыя таварыствы адлоў сабак, як і іншае добраўпарадкаванне, робяць за кошт сваіх унёскаў», — адзначыў Балцянкоў.
Юрысконсульт Уздзенскага ЖКГ Генадзь Пазняк прытрымліваецца таго ж меркавання.
«Па звароце садовых таварыстваў Уздзенскага раёна мы правамерна адмовілі ім у аказанні паслугі па адлове, бо гэта не наша сфера. Яны знаходзяцца ў зоне адказнасці ў першую чаргу старшыні і саміх жыхароў», — адзначыў Пазняк.
Дачнікі пры гэтым не ўпэўненыя, што змогуць сабраць такую суму праз унёскі.
Каментары