Беларуска Вольга Мазуронак выйграла марафон у ЗША з найлепшым вынікам у кар'еры
Беларуская бягуха-марафонка Вольга Мазуронак, якая цяпер у ЗША, стала пераможцай Grandma's Marathon — штогадовага марафону, які праводзіцца ў горадзе Дулут (штат Мінесота).
Мазуронак, якая ўвесь час лідзіравала, прабегла класічную марафонскую дыстанцыю 42 кіламетры 195 метраў за 2 гадзіны 23 хвіліны і 51 секунду.
Гэта найлепшы вынік у гісторыі марафонаў у Дулуце і асабісты рэкорд беларускі. Раней яна не бегала хутчэй за 2 гадзіны 23 хвіліны і 54 секунды, а папярэдні рэкорд быў пастаўлены ў ужо далёкім 2016 годзе ў Лондане.
Раней сёлета, 17 сакавіка, Мазуронак заняла другое месца на дыстанцыі 42 кіламетры 195 метраў у Лос-Анджэлесе.
Вользе Мазуронак 35 гадоў, яна была чэмпіёнкай Еўропы ў марафоне 2018 года, двойчы (у 2016 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра і ў 2021-м у Токіа) займала пятае месца на Алімпійскіх гульнях) і аднойчы — тое ж пятае месца на чэмпіянаце свету 2019 года ў катарскай Досе.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе Вольга Мазуронак падпісала ліст свабодных спартсменаў супраць гвалту.
Каментары