«Паспалітае рушэнне» ўзначаліў колішні заснавальнік «Белага легіёну»
Пра тое, што былы вайсковец, заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба з 17 чэрвеня ўзначаліў «Паспалітае рушэнне», паведамілі ў тэлеграм-канале гэтай спартыўна-патрыятычнай арганізацыі.
Сам Бульба даў з гэтай нагоды інтэрв'ю «Белсату», адзначыўшы, што ў працэсе рэфармавання «Паспалітага рушэння» плануецца зрабіць нешта большае за мілітарную структуру.
«Нам трэба не толькі мілітарная структура, а менавіта дзяржаватворчая структура. Я бяру за прыклад свой досвед з «Белым легіёнам», дзе мы не імкнуліся распавядаць нейкую ідэалогію, напрыклад, сацыял-дэмакратыю ці нацыянал-дэмакратыю ці хрысціянскую дэмакратыю. Мы разумелі, што мы гадуем захавальнікаў дзяржавы. Надпалітычных. Не вельмі цікавае палітычнае, а менавіта цікавае дзяржаўніцтва.
То-бок я бачу пашырэнне. І тут мы вяртаемся да мадэлі дзяржавы будучыні, якую мы распрацоўвалі ў рамках праекту «Беларусь 2.0» пачынаючы з 2020 года. То-бок гэта зрошчванне разам некалькіх праектаў, якія, спадзяюся, будуць карысныя для Беларусі», — кажа Сяргей Бульба.
Паводле яго слоў, гэта будзе «фактычна ордэнская структура, дзе людзі могуць давяраць і разлічваць адзін на аднаго ў любой сітуацыі». І каб стаць сябрам арганізацыі, «трэба будзе здаць пэўныя іспыты, атрымаць давер ад людзей».
Бульба гаворыць пра вокны магчымасцяў, якія ў адпаведны момант абавязкова для беларусаў адкрыюцца, «і да гэтага моманту трэба быць гатовымі, але не толькі з мілітарнага ці спартовага гледзішча. Трэба мець мадэль дзяржаўную, з якой мы прыйдзем, падрыхтаваць менеджмент для рэалізацыі гэтага глабальнага праекту».
«Паспалітае рушэнне» ўзнікла ў верасні 2022 года як спартова-адукацыйная арганізацыя. Адной з яе мэтаў было адраджэнне беларускіх вайсковых традыцыяў. Першым яе кіраўніком быў унук мінскага падпольшчыка часоў Другой сусветнай вайны Мікалая Кедышкі Сяржук Кедышка, але ў верасні 2023 года ён аб'явіў, што пакідае арганізацыю, бо «зразумеў, і мушу канстатаваць гэта з сумам, што беларускаму грамадству ў эміграцыі, ці можа ўвогуле беларусам, «Паспалітае рушэнне» як структура не патрэбнае».
Сяржук Кедышка прапанаваў праверыць, наколькі беларусам патрэбна «Паспалітае рушэнне». А заадно паведаміў пра свой сыход з яго
Кіраўнік «Паспалітага рушэння» расказаў, чые загады яны гатовыя выконваць і з кім кантактуюць
Унук Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі стаў голасам Паспалітага рушэння, якое хоча «вызваліць Беларусь»
Каментары