Здымкі рэдкага насякомага прыслалі чытачы ў рэдакцыю выдання Newgrodno.by. Заўважылі пчалу на лецішчах у вёсцы Новікі Гродзенскага раёна.
«Буйная пчала цёмнага колеру адразу прыцягнула ўвагу. Здзівілі і колер, і яе памеры», — расказвае чытачка Newgrodno.by.
Пчала спакойна падпусціла людзей да сябе і нават папазіравала для фота. Дзякуючы гэтаму ўдалося яе добра разгледзець.
Хутчэй за ўсё, на лецішчы пад Гроднам прыляцела пчала-цясляр. Гэта вельмі рэдкі для Беларусі від пчол. За апошнія 10 гадоў пчалу-цесляра толькі некалькі разоў заўважалі ў Белавежскай пушчы.
Пчалу нездарма называюць цесляром. Яна будуе гнёзды толькі ў мёртвай і сухой драўніне. Любіць яна, напрыклад, старыя драўляныя хаты і нават слупы. Таксама яе можна сустрэць у старых лясах з сухастоем.
Джаліць гэтае насякомае, дарэчы, вельмі балюча. На месцы ўкусу з'яўляецца вялікі ацёк. Для алергікаў яе ўкус увогуле можа стаць фатальным.
Каментары