У Светлагорскім раёне дзяўчынкі 8 і 10 гадоў спустошылі пчальнік і скралі 20 кг мёду
У Светлагорску прайшло пасяджэнне Камісіі па справах непаўналетніх, падчас якога разгледзелі гэтую незвычайную справу. Перад членамі камісіі паўсталі дзве дзяўчынкі — 8 і 10 гадоў.
Як патлумачылі на пасяджэнні, жыхар адной з вёсак раёна звярнуўся ў міліцыю. Ён прасіў прыцягнуць да адказнасці невядомага выкрадальніка, які разбурыў ягоны пчальнік.
Пры гэтым зніклі 11 рамак з мёдам, былі перакуленыя вуллі, і загінулі пчаліныя семʼі.
У выніку міліцыя ўстанавіла, што мёд выкралі гэтыя дзяўчынкі.
Іх маці нічога ўцямнага патлумачыць не змагла. Сказала, што гісторыя не падалася ёй дзіўнай: маўляў, дзяцей пачаставала знаёмая жанчына. А гэта, прынамсі, паводле выдання «Гомельская праўда», каля 20 кг мёду.
Шкоду пацярпеламу жанчына не кампенсавала, той будзе звяртацца ў суд.
Каментары