54-гадовай псіхалагіні з Маладзечна пагражае да 10 гадоў за падтрымку Украіны і «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»
Гэта як мінімум трыццаты грамадзянін Беларусі, якога судзяць па гэтым артыкуле.
Жанне Дашкевіч 54 гады. Родам яна з вёскі Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Жанна скончыла Бабруйскі медыцынскі тэхнікум у 1987-м, а ва ўзросце 41 год паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на псіхолага.
Мяркуючы па сацсетках, жанчына жыла ў Маладзечне, хоць яе ІП зарэгістраванае ў вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна.
У яе двое дарослых дзяцей — дачка і сын — і не менш за трое ўнукаў.
Жанчына займалася сеткавым маркетынгам, кансультавала па правільным харчаванні і ладзіла псіхалагічныя сеансы. У сацсетках яна пазіцыянуе сябе як «спецыяліста па ўсходняй медыцыне, нутрыцыёлага, псіхолага-практыка і нацыянальнага кансультанта кампаніі «Цяньшы» (Tiens)».
Невядома, калі Жанну Дашкевіч затрымалі і за што. Але яна перастала быць анлайн з кастрычніка 2023-га года, хоць раней актыўна вяла сацсеткі.
Суд над жанчынай пачаўся 3 чэрвеня 2024 года ў Мінскім абласным судзе. Жанну судзяць па двух артыкулах — «вярбоўка, навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў вайне, а таксама матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-3) і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361-1). Ёй пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.
Мы налічылі трыццаць чалавек, асуджаных за падтрымку Украіны па артыкуле 361-3. З іх не менш за сем жанчынаў.
@nashaniva Чаму ГУБАЗіК пачаў дзікае паляванне на івэнт-агенцтвы і вядучых святаў #беларусь #беларускаямова #минск #навіны #нашаніва #милициябеларуси ♬ Crime Scene - Avery Alexander
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары