Грамадства

«Пісаў лісты студэнтам-вязням, у якіх апісваў фізічныя цікавыя факты». Што вядома пра навукоўца Юрыя Адамава, асуджанага за данаты

Калегі і сябры распавялі «Новаму часу» пра фізіка, аднаго са стваральнікаў навукова-папулярнага часопіса «PAMYŁKA» Юрыя Адамава, якога пазаўчора асудзілі да трох гадоў калоніі за данаты беларускім фондам салідарнасці.

Юрый Адамаў. Фота: сацсеткі

У сакавіку 2023 года быў арыштаваны Юрый Адамаў. Паводле праўладных медыя, ён затрыманы за 24 ахвяраванні фондам «Байсол» і «Байхэлп» на 1590 даляраў. 24 ліпеня 2023 года суддзя Дзіна Кучук прысудзіла яму тры гады калоніі паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Юрый вучыўся тэарэтычнай фізіцы ў БДУ, пасля атрымаў PhD ва ўніверсітэце Уорыка (Англія) на кірунку «фізіка кандэнсаваных станаў». Ён працаваў над Postdoctoral-даследаваннем у Брукхейвенскай нацыянальнай лабараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленні лічбавага мадэлявання для моцна карэляваных сістэм. І яшчэ над адным Postdoctoral-даследаваннем у тэорыі фізікі кандэнсаваных станаў у Тэхаскім універсітэце A&M (ЗША).

Калегі Юрыя, якія пажадалі захаваць ананімнасць, распавялі, што з 2012 па 2018 год Юрый Адамаў быў выкладчыкам Linux Development Courses. Гэта была ініцыятыва Epam на базе БДУІР для распаўсюду і папулярызацыі АС Linux і Open Source сярод распрацоўшчыкаў і студэнтаў. Ён удзельнічаў у стварэнні матэрыялаў і выкладанні курса ад пачатку да завяршэння.

Курсы былі бясплатныя для неабмежаванага кола асоб, гэта значыць, што гэта не былі тыповыя курсы для ўладкавання на працу. Часам слухачы казалі, што працуюць у іншых галінах і не збіраюцца мяняць працу.

Аўтары курса мэтанакіравана выклалі ўсе адукацыйныя матэрыялы курса ў адкрыты доступ

«Я даўно ведаю Юру Адамава праз мінскія лінуксоўкі MLUG, мерапрыемствы для лінуксойдаў LVEE і мінскі хакерспэйс. Часам мы перасякаліся на розных мерапрыемствах, — распавяла Святлана Волчак, фізік, былая выкладчыца факультэта радыёфізікі БДУ, звольненая ў 2020 годзе за палітычныя погляды.

— У 2015 Юра дапамагаў давезці скрыні з прыладамі для мэш-сетак, якія мы разгортвалі ў моладзевай арганізацыі «Фаланстэр» на мерапрыемстве LVEE, ад Мінска да месца пад Гародняй, дзе адбывалася мерапрыемства.

І часам мы гутарылі пры сустрэчах. Было бачна, што Юра такі чалавек, які гатовы дапамагчы».

Святлана кажа, што наступным разам убачыла Юрыя, калі вызвалялася з турмы ў Жодзіне 12 лютага 2021 года. Ён сустракаў вызваленых вязняў.

«Так як мяне звольнілі з працы ў БДУ з факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, то ў мяне вызваліўся час, каб пісаць пра фізіку папулярна ў сацсетках. І аднойчы Юра пракаментаваў мой пост і напісаў, што ў яго багата кніг на англійскай мове і што ён можа мне прынесці.

Так мы сустрэліся, і ён перадаў некалькі кніг Рычарда Фейнмана на англійскай і рускай мовах. Для мяне гэта было вельмі крута, бо здабыць кнігі на англійскай мове пра фізіку ў Беларусі амаль немагчыма, — узгадвае Святлана.

— Тады ж мы літаральна 10 хвілін пагутарылі, і ён распавёў, што піша лісты вязням, напрыклад, асуджаным па «справе студэнтаў». Паказаў паштоўкі, якія ён надрукаваў з выявамі космасу, спампаванымі з сайта NASA. (Выявы пад свабоднымі ліцэнзіямі, таму кожны можа іх выкарыстоўваць). Таксама запрапанаваў мне раздрукаваць мае выявы на паштоўках… У тым ліку ён распавёў, што піша лісты ад рукі студэнтам-вязням, у якіх апісвае фізічныя і матэматычныя цікавыя факты.

І дадаў, што шкадуе, што няма ніякіх часопісаў пра навуку на беларускай мове, бо можна было б даслаць часопіс. 

На гэта я адказала: «Дык чаму б нам не зрабіць часопіс аб прыродазнаўчых і тэхнічных навуках! Гэта выдатная ідэя».

Як мінімум у часопіс маглі б пайсці лісты Юры, якія сапраўды былі як артыкулы, я б магла штосьці напісаць… І так пакрысе мы назбіралі б на нумар.

Святлана Воўчак з часопісам

Я прапанавала стварыць зін [некамерцыйны часопіс], бо сама ўдзельнічала ў стварэнні зіна «Забей», і стварала, і вярстала шэраг дапаможнікаў у нашай моладзевай арганізацыі: дапаможнік актывіста, дапаможнік раварыстаў, вікі-дапаможнік… Я ведаю, як ствараць разам зін, і таму гэта на той момант тэарэтычна было нескладана».

Так паўстаў навукова-папулярны часопіс на беларускай мове «PAMYŁKA». Першы нумар выйшаў увесну 2023, другі — у ліпені, калі адзін са стваральнікаў часопіса Юрый Адамаў ужо быў за кратамі.

Рэжым пазбавіў волі чалавека, поўнага жадання працаваць на карысць беларускай навукі, толькі за тое, што ён адгукнуўся на чужую бяду. 

Каментары

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным16

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскае «Дынама» адмовілася ад падтрымкі фанатаў на гасцявых матчах Лігі канферэнцый у Польшчы і Фінляндыі3

Пад Пінскам наклалі арышт на бацькоўскую хату кіраўніка «Белсата»5

Расійскія войскі ўвайшлі ў Тарэцк на Данбасе6

На ЗША ідзе звышмагутны ўраган самай апошняй катэгорыі. З-за яго могуць увесці новую класіфікацыю3

Памёр Аляксей Тамілаў

У Луганскай вобласці загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію10

Брытанская лабараторыя прапануе паслугі па кланаванні хатніх гадаванцаў3

З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну7

Бітва за час: хто першы ўсталюе гадзіннік на Месяцы?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным16

Аляксандр Лукашэнка пацалаваў ордэн, уручаны яму Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →