Жыхар Навагрудка паспрабаваў купіць у фэйсбуку кватэру ў Турцыі. Але ўсё пайшло не так
У канцы сакавіка 53-гадовы жыхар Навагрудка наткнуўся ў фэйсбуку на рэкламу агенцтва, якое ажыццяўляе продаж нерухомасці ў Турцыі. Ён перайшоў па спасылцы на сайт, дзе неабходна было пакінуць свае кантактныя дадзеныя для сувязі. Праз дзень з ім звязаўся мужчына, які прадставіўся рыэлтарам і прапапанаваў дапамогу ў пошуку жылля, расказвае гродзенская міліцыя.
На працягу месяца прадстаўнік агенцтва прапаноўваў варыянты нерухомасці, якія можна набыць. З патэнцыйным пакупніком яны размаўлялі праз WhatsApp, перапісваліся і стэлефаноўваліся. Нарэшце мужчына абраў прыдатныя для яго апартаменты, кошт якіх склаў 25 тысяч еўра. Пакупніка нічога не насцярожыла, кошт яго задавальняў, і ён перайшоў да афармлення здзелкі і заключэння дагавора.
Праўда, неабходна было ўнесці перадаплату ў памеры 10% ад кошту нерухомасці.
Псеўда-рыэлтар быў вельмі пераканаўчым. Ён скідаў дакументы, якія пацвярджаюць яго асобу, дагавор на здзелку і неаднаразова стэлефаноўваўся з пацярпелым па відэасувязі, паказваючы свой твар. Таму ніякіх сумневаў у пацярпелага не было.
У выніку ж пасля пераводу грашовых сродкаў на рахунак зламыснік перастаў выходзіць на сувязь, а пацярпелы звярнуўся па дапамогу ў праваахоўныя органы.
Заведзеная крымінальная справа па артыкуле «махлярства».
Каментары