Што будзе, калі вас раптам укусіць здаравенны павук, які бегаў па вуліцах Магілёва?
Ці трэба баяцца павука-здаравяка, якога бачылі ў Магілёве? Яго фота і відэа шмат каго ўразілі.
Пра нечаканую сустрэчу сайту tochka.by паведаміла чытачка. «Наша Ніва» спытала ў чалавека, які разбіраецца ў павуках, што ж гэта за «звер» быў і чаго ад яго чакаць. Імя эксперта не называецца ў мэтах бяспекі.
Суразмоўца адказаў, што расфарбоўка павука падобная да звычайнага для Беларусі Tegenaria domestica — гэты павук часта селіцца ў дамах (адсюль яго другая назва — дамавы павук). Хутчэй за ўсё на відэа самка, бо яны звычайна ў паўтара-два разы большыя за самцоў.
— Само цела ў іх невялікае, але дзякуючы доўгім нагам памеры могуць уразіць. Tegenaria domestica не з’яўляецца небяспечным для людзей ці хатніх жывёлін. Як і іншыя павукі, гэты від мае атруту, але яе дастаткова, толькі каб забіць нейкае невялікае насякомае. Увогуле ад чалавека яны будуць спрабаваць уцячы, калі сустрэнуць.
Калі раптам усё ж укусяць — напрыклад, таго, хто спрабуе злавіць, то хутчэй за ўсё чалавек адчуе толькі невялікі дыскамфорт. У рэдкіх выпадках магчымыя спецыфічныя рэакцыі — месца ўкусу крыху апухне і будзе балець. Але нават у гэтым выпадку ўсё пройдзе само максімум праз некалькі дзён.
Калі казаць пра атрутных павукоў, то ў 2013 годзе навукоўцы паведамлялі аб тым, што ў сувязі з пацяпленнем клімату ў Беларусі сталі актыўна расселяцца павукі-тарантулы — яны аблюбавалі поймы рэк Прыпяць, Дняпро і Сож.
Каментары