«Новая Беларусь» абвясціла конкурс ідэй. Вось куды беларусам у эміграцыі прапануюць пералічыць падатак
За першы тыдзень на конкурс дасланыя 20 ідэй. Большасць скіраваная на працу з дзецьмі. Адметнасць сёлетняга конкурсу ў тым, што ён стаў даступным не толькі для беларусаў з Літвы і Польшчы.
Летась было сабрана блізу 47 000 еўра
У мінілым годзе праект «Будуй сваё» быў апрабаваны ўпершыню. Яго запусцілі на платформе лічбавага самакіравання «Новая Беларусь».
Беларусам з Польшчы і Літвы прапанавалі скінуцца падаткамі для рэалізацыі ідэй-пераможцаў адмысловага конкурсу.
Рэч у тым, што ў гэтых краінах частку падатка можна накіраваць туды, куды сам абярэш. У Літве распарадзіцца можна 1,2 працэнта ад агульнай сумы даходаў (вы іх сплачваеце ў любым разе), а ў Польшчы — 1,5 працэнта.
Летась больш за 265 беларусаў у рамках праекта заданацілі блізу 47 000 еўра. Іх спачатку збіраліся патраціць на падтрымку Палка Каліноўскага, але нацыянальнае заканадаўства краін, якія ахопліваў конкурс, не дапускае закуп зброі. Такі падатак можна пускаць толькі на дабрачыннасць і ў краінах, дзе яго збіралі: Польшчы і Літвы.
У сёлетнім конкурсе, які стартаваў з сакавіка, удзельнічаць могуць беларусы з іншых краін. Для іх на платформе ўведзеная опцыя «Global».
За першы тыдзень на конкурс было даслана два дзясяткі праектаў.
Літва
Летась у «літоўскай суполцы» перамагла ідэя стварэння «Чытальні». Беларускую бібліятэку ў Вільні прэзентавалі 24 студзеня 2024 года. Чытачам даступна 3000 кніг.
Сёлета ў суполцы пакуль тры ідэі.
Прапануецца стварыць «Прастору для творчай самарэалізацыі беларусаў».
Пляцоўка паспрыяе сацыяльнай інтэграцыі беларусаў у новай краіне і дасць магчымасці для ўзаемадзеяння з мясцовым насельніцтвам.
«Дзіцячы клуб» задуманы, каб дзеці эмігрантаў некалькі гадзін пабылі ў беларускамоўным асяроддзі.
З гадаванцамі клуба будуць працаваць беларускамоўныя спецыялісты.
Ініцыятары задумы «Анлайн-часопіс дзіцячых казак» лічаць, што ён прывабіць дзяцей да вывучэння беларускай мовы і культуры.
Польшча
Летась у скарбонку «польскай суполкі» было сабрана 28 500 еўра, а пераможцам стаў праект стварэння сайта па гісторыі Беларусі на англійскай і беларускай мовах.
З-за нюансаў падатковага заканадаўства Польшчы сродкі на яго былі пералічаныя толькі ў студзені 2024 годзе, таму ён яшчэ знаходзіцца на этапе запуску.
За першы тыдзень сёлетняга конкурсу суполка папоўнілася 11 ідэямі.
«Кансьерж-сервіс па пытаннях рэлакацыі».
Аўтары запэўніваюць, што ён дапаможа суайчыннікам уладкаваць жыццё ў эміграцыі.
Стварэнне «Дзіцячага клуба».
Аўтары лічаць, што гэта ініцыятыва сфармуе беларускамоўнае асяроддзе для дзяцей і дазволіць наладзіць камунікаванне між іх бацькамі.
Ідэя «Наш бяспечны калектыўны блог».
Ініцыятары абяцаюць стварыць для беларускамоўных аўтараў калектыўную пляцоўку з «цвярозай бяспекай і мадэрацыяй», каб яны «пісалі свабодна». Паводле аўтараў задумы, такой платформы цяпер не існуе.
Ідэя «GTA — Mensk City».
Яна прадугледжвае стварэнне 3D-мадэлі Мінску для разнастайных аперацый.
Аўтары яшчэ адной задумы прапануюць усталяваць паблізу беларускай мяжы інфармацыйныя стэнды для суайчыннікаў.
На іх будзе напамін праверыць, ці знаходзяцца яны ў спісах невыязных ды выдаліць крамольную інфармацыю з сацыяльных сетак. Гэта дазволіць зменшыць пагрозу затрымання, даводзяць ініцыятары ідэі.
Сярод задумаў і стварэнне некамерцыйнай платформы для пошуку спецыялістаў з пэўнымі прафесійнымі навыкамі для далейшага ажыццяўлення розных творчых і іншых задумаў.
Прапануецца ідэя правесці па ўсім свеце беларускія каляды.
Іншыя аўтары хочуць стварыць у Беластоку батлейку, каб у ёй паказваць дзецям калядныя прадстаўленні.
Ёсць і ідэя арганізаваць для дзяцей беларусаў летнік на Падляшшы.
Чакае падтрымкі ідэя зрабіць аркадную гульню або квіз пра Вялікае Княства Літоўскае, каб у гульнявым фармаце заахвоціць беларусаў вывучаць гісторыю.
Global
У суполку пакуль даслана 6 ідэяў.
«Гістарычная архітэктура ў «AR/VR».
Аўтары абяцаюць стварыць 3D-мадэлі гістарычных помнікаў для выкарыстання іх у адукацыйных, культурных і забаўляльных кантэкстах.
«Сэкс-адукацыя для падлеткаў на беларускай мове».
Аўтары прапануюць адукацыйны курс па сэксуальнай асвеце моладзі.
«Лічбавая ілюстраваная кніга казак» з элементамі квіза, іншых інтэрактываў, а таксама магчымасцямі вывучэння беларускай мовы.
Аўтары запэўніваюць, што іх ідэя дапаможа дзецям лепей ведаць беларускую мову
На конкурс дасланая ідэя па стварэнні «Анлайн-выставы беларускіх твораў».
Аўтары яшчэ адной ідэі хочуць стварыць «Беларускую сетку» для аб’яднання і каардынацыі дзеянняў беларусаў па ўсім свеце на аснове калектыўнага самакіравання з платным сяброўствам.
Прапанавана ідэя зрабіць анімацыйны мультфільм пра выбітных дзяячак беларускай даўніны.
Сярод меркаваных гераінь — Еўфрасіння Полацкая, Сафія і Ганна Радзівіл. На думку аўтараў, гэта дазволіць папулярызаваць беларускую культуру і «ажывіць гістарычную спадчыну Беларусі» праз анімацыю.
***
Адбор заявак на конкурс ідэй будзе закрыты бліжэй да лістапада. Фінансаванне пераможцаў пачнецца ў Літве пры канцы 2024 года. У Польшчы сродкі будуць выдзяляцца ў 2025-ым.
Аўтары праекта «Будуй сваё» адзначаюць, што суперсіла беларусаў і беларусак — яны самі. І сабраўшыся разам, яны могуць самастойна, за свае грошы, без дапамогі фондаў, грантаў ці донараў, запускаць праекты, якія вырашаюць агульныя праблемы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
Афіша, сэрвісы, беларускі ютуб — дзесяць карысных сэрвісаў праграмы «Новая Беларусь»
Каментары
Што за адмазка, абы не данаціць ПКК?
Хіба хто з валанцёраў закупае для ПКК зброю????
Не канечне! Палку перадаюць аўтамабілі, ежу, лекі, бялізну, шкарпэткі - гэта не зброя! Гэта ўсё гуманітарныя рэчы!
Зброю дае ЗСУ.