Культура22

Памёр Кастусь Верабей

Ён пражыў 92 гады. Да самага апошняга ён чытаў «Нашу Ніву» і актыўна адгукаўся на матэрыялы папяровымі лістамі.

Кастусь Верабей

10 студзеня на 93-м годзе жыцьця ў Нью-Ёрку памёр беларускі грамадзкі дзеяч Кастусь Верабей (1931—2024), паведамляе Беларускі інстытут навукі і мастацтва.

Кастусь Верабей нарадзіўся 25 верасня 1931 г. у вёсцы Іванкавічы (цяпер Баранавіцкі р-н). Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Бацька быў солтысам.

Пра жыццё пад савецкай уладай спадар Кастусь згадваў: 

«На тыя часы жылі мы даволі заможна, пры канцы 1930-х мелі чатыры каровы. Былі ў спісе на вываз у Сібір, насушылі пяць мяхоў сухароў, прыгатавалі два мяхі з сырамі. І калі б не вайна, паехалі б услед за тымі чатырма-пяццю іванкавіцкімі сем’ямі».

У часе нямецкай акупацыі з вёскі давялося перабрацца ў Баранавічы, каб унікнуць ціску партызанаў. Ва ўспамінах захаваўся такі эпізод:

«Тры партызаны разам прыйшлі ў нашую хату па бацькавы боты. Матка прынесла ім боты, адзін пачынае іх абуваць, а другі крычыць: «У яго ёсць лепшыя! Няхай аддае лепшыя!» Матка нясе лепшыя. «Аддавай зброю, што дасталася табе ад саветаў!», — не супакойваюцца нязваныя госці. Ніякай зброі ў нашай хаце, вядома, не было, але на гэтым здзекі не скончыліся: «Аддавай свайго нямецкага каня!» Маці пачынае даказваць, што конь сваёй гадоўлі, хоць і вялікі, але ніякі не нямецкі! Усё роўна аддавай! Забралі яны таго каня, але доўга на ім не праехалі: ён скінуў зь сябе партызана й вярнуўся да нас».

У час вайны разам з бацькамі Кастусь Верабей выехаў на Захад. Па сканчэнні вайны апынуўся ў беларускім лагеры DP у Ватэнштэце. Вучыўся ў беларускай гімназіі, браў удзел у скаўтынгу. З успамінаў:

«Менавіта ў Ватэнштэце я бліжэй пазнаёміўся з беларускай гісторыяй, мовай, літаратурай. Гэта былі незабыўныя часы ахвярнай і адданай працы на беларускай ніве. Тыя ж настаўнікі, якія вучылі нас у школе й гімназіі, працавалі задарма. … Збудавалі царкву, мелі пяць святароў, але ніхто не згаджаўся служыць у царкве па-беларуску. Пагадзіўся толькі адзін расеец Ражановіч, які да расійскіх словаў прымешваў крышачку беларускіх»…

У 1951 г. Кастусь Верабей з бацькамі прыехаў у ЗША. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. Спачатку працаваў «на ферме», потым на фірме па вырабе вокнаў. Шмат гадоў працаваў на дзяржаўнай працы: касіў траву, папраўляў дарогі, пілаваў дрэвы, чысціў снег і г.д. 

Спадар Кастусь быў актыўным у беларускім царкоўным жыцці. Ён згадваў:

«Да беларускага жыцця я далучаўся паволі. Чытаў абвесткі ў «Беларусе», дапамагаў у розных справах. Так, разам з іншымі маладымі хлопцамі прыводзіў да парадку будынак бруклінскай царквы, які спачатку быў у занядбаным стане. Вазіў па Нью-Ёрку япіскапа Васіля».

І яшчэ:

«Я быў сведкам усіх тых спрэчак, скандалаў, што ўнеслі раскол у беларускае рэлігійнае жыццё. Аднак сам удзелу ў іх ня браў. Як раней, так і цяпер прыязджаю на службы ва ўсе беларускія прыходы, не зважаючы на назвы, прывязкі да таго ці іншага патрыярхату».

Кастусь Верабей пісаў зацемкі ў розныя эміграцыйныя перыёдыкі, найперш, газету «Беларус». Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА). У 1982—1993 гг. быў сябрам управы Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі. Доўгі час быў распаўсюднікам бюлетэня «Весткі й паведамленні Ньюёркскага аддзелу БАЗА».

Кастусь і Марыя Вераб'і яшчэ пры жыцці замовілі сабе надмагільны помнік. Фота: БІНІМ

Кастусь Верабей быў пахаваны 20 студзеня на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Іст-Брансвіку побач з жонкай.

Успаміны спадара Кастуся на пачатку 2000-х запісаў журналіст Аляксандр Адзінец для сваёй кнігі «Беларуская эміграцыя: скрыжаванні лёсаў».

Кастусь Верабей быў падпісчыкам і фундатарам «Нашай Нівы», дасылаў нам зацемкі пра беларускае жыццё ў ЗША. Да самага апошняга ён чытаў «Нашу Ніву» і актыўна адгукаўся на матэрыялы папяровымі лістамі.

Каментары2

  • Дзед
    24.01.2024
    Госпадзе, прымі душу добрага Беларуса ў царства тваё нябеснае.
  • ВІТАЎТ
    26.01.2024
    Памятаю Кастуся Вераб’я і як добра ён з жонкай калісь польку танцавалі.
    Вечная яму памяць.

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня9

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Усе навіны →
Усе навіны

Як каманда Ціханоўскай вяла перамовы з адміністрацыяй Вучыча13

У Рызе дэмантавалі помнік расійскаму фельдмаршалу Барклаю-дэ-Толі13

У аэрапорце Барселоны затапіла тэрмінал і ўзлётна-пасадачную паласу1

У Мінску адкрылася кавярня, у якой «працуюць» біглі2

Вароны памятаюць крыўду 17 гадоў4

У Малдове завяршылі падлік галасоў: у Санду 55,33%5

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Канапацкай, Бобрыкава і Сыранкова, а Кавалёвай і Куляша — не31

«Пад домам сабраўся натоўп». Дзяўчына нечакана здала кватэру-«паўфабрыкат» у «Мінск-Свет» за лічаныя хвіліны11

Стала вядома, колькі будзе каштаваць беларускі электраровар2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня9

Арыштаваны спявак Дзядзя Ваня

Галоўнае
Усе навіны →