Гэта стала першым выпадкам батулізму ў вобласці ў 2024 годзе.
Напярэдадні Калядаў 38-гадовы жыхар Бераставіцкага раёна пакаштаваў кансерваванае хатняе леча і адчуў недамаганне. Яго ванітавала, у страўніку было адчуванне цяжару. Мужчына звярнуўся да медыкаў, і толькі своечасовая дапамога выратавала яго ад смерці, піша Blizko.by.
Гэта стала першым выпадкам батулізму ў вобласці ў 2024 годзе.
Батулізм — гэта харчовае атручванне прадуктамі, заражанымі батулатаксінамі. У такіх рэчываў няма ні смаку, ні колеру, ні паху, таму вызначыць іх «на вока» нельга. Хатнія закаткі, заражаныя батулатаксінам, могуць выглядаць цалкам нармальна.
Падхапіць батулізм можна пры ўжыванні кансерваў (агароднінных, мясных, грыбных, рыбных), асабліва прыгатаваных у хатніх умовах, а таксама вэнджанай і салёнай рыбы, вяндліны, каўбасы і іншага.
Таксіны батулізму ўстойлівыя да замарозкі і высушвання, у кансервах яны могуць жыць гадамі. Апынуўшыся ва ўмовах, дзе няма паветра, споры пачынаюць вылучаць таксіны, якія ў 375 тысяч разоў мацнейшыя, чым яд грымучай змеі.
Каб не падвяргаць сваё жыццё небяспецы, медыкі раяць выконваць простыя правілы:
- не купляць хатнія кансервы «з зямлі», на стыхійных рынках і ў іншых не прызначаных для гандлю месцах;
- не ўжываць кансервы з прыкметамі ўздуцця і мутным расолам;
- старанна мыць і апрацоўваць прадукты перад выкарыстаннем;
- не кансерваваць «старую» гародніну, садавіну і грыбы;
- пры падазрэнні на атручэнне неадкладна звяртацца да дактароў і не займацца самалячэннем.
Каментары