Стан здароўя 64-гадовага палітвязня, мастака Генадзя Драздова ў няволі «моцна пагоршыўся», паведаміла абазнаная крыніца выданню «Позірк».
Паводле слоў суразмоўцы, мужчыну пастаянна змяшчаюць у карцар.
«[Перакідваюць] з карцара ў карцар, прамярзае, мае завысокі ціск, а таблетак не даюць», — адзначыла крыніца. Яна дадала, што «мастак зусім ў крытычным стане, нават складае тастамент».
Генадзь Драздоў — былы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» ў Беларускім саюзе мастакоў, нядаўна ліквідаванай.
Быў затрыманы ў жніўні 2022 года і арыштаваны на 15 сутак. Пасля арышту не выйшаў на волю — у дачыненні да яго завялі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Пасля абвінавачанне было перакваліфікаванае на «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361 КК).
4 траўня 2023 года палітвязня прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Разам з тым, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», мастак адбывае тэрмін у магілёўскай турме № 4.
Каментары