«Абмяркоўвалі з нявольнікамі ChatGPT». Навуковец адседзеў за палітыку, а цяпер будзе зарабляць у ІТ $100 тысяч на год
Вячаслаў (імя змененае) адседзеў два гады за кратамі за крытычныя каментары ў сацыяльных сетках. Навуковец дзеліцца назіраннямі пра турэмшчыкаў і вынікамі сацыялагічнага даследавання, якое правёў у няволі.
«Пачварнае і хітрае вынаходніцтва рэжыму»
Вячаслаў мае кандыдацкую ступень. Ён больш за два дзясяткі гадоў працуе ў ІТ-галіне.
У няволю трапіў у 2021 годзе, калі ўзнялася першая хваля масавых затрыманняў за крытыку рэжыму ў інтэрнэце. У яго каментарах угледзелі «абразу Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальванне сацыяльнай варажнечы».
Вячаслаў кажа, што допісы былі рэакцыяй на тое, што дзеялася ў краіне. Ён абураўся абыходжаннем з палітвязнямі.
«У нармальнай дзяржаве я б такога не пісаў, бо не было б нагоды, — даводзіць навуковец. — Але калі б там нават выйшаў з плакатам да рэзідэнцыі прэзідэнта, то мяне проста адагналі б ці завялі ў пастарунак і максімум далі штраф».
Паводле яго, пакаранні за допісы ў чатах і сацыяльных сетках — пачварнае і хітрае вынаходніцтва рэжыму, каб захаваць сваю ўладу.
Для нармальнага чалавека такія ноу-хау неадэкватныя, бо абмяжоўваюць канстытуцыйнае права на свабоду выказванняў. У беларускіх жа рэаліях такая выдумка дзейнічае для пераследу нязгодных.
«Некаторыя турэмшчыкі шкадуюць, што не могуць прыстрэліць нас»
Вячаслаў кажа, што толькі ў адной калоніі, дзе ён адбываў пакаранне, сядзяць некалькі дзясяткаў айцішнікаў, з якіх можна сфармаваць IT-роту. Акрамя праграмістаў, там няволіцца нямала інжынераў і іншых высокакваліфікаваных спецыялістаў.
«Раней на зоне зэкі пад чыфір расказвалі пра свае крымінальныя справы, а цяпер інтэлектуальны ўзровень зняволеных павысіўся. Там можна пачуць інтэлектуальныя размовы», — згадвае ён.
Былыя заслугі Вячаслава ў навуцы не давалі бонусаў у зняволенні. На ўсіх палітычных пісалі рапарты аб спагнаннях ці кідалі ў ШІЗА ці ПКТ. Прэсінгавалі палітвязняў хвалямі, якія накатвалі бессістэмна.
Вячаслаў дапускае, што турэмшчыкі выконвалі загады начальства.
Аднойчы ён упікнуў супрацоўнікаў, што «на іх Сталіна няма». Яны здзівіліся.
Вячаслаў патлумачыў, што нават у ГУЛАГУ ў пасляваенныя часы беражліва ставіліся да кваліфікаваных спецыялістаў. Яны працавалі ў «шарашках» — навукова-даследчых інстытутах закрытага тыпу (ствараліся спецаддзелам МУС СССР, праз іх прайшлі знаныя навукоўцы і канструктары).
«Нават у сталінскіх катаў хапала розуму, каб выкарыстоўваць іх для вырашэння розных тэхналагічных праблемаў. А ў беларускіх турмах такія спецыялісты займаюцца некваліфікаванай працай», — згадвае гутарку з турэмшчыкамі былы палітвязень.
На яго заўвагу турэмшчыкі прапанавалі звярнуцца з такой прапановаю да Наталлі Качанавай, якая адказвае за працу са зваротамі грамадзян.
У асяроддзі турэмшчыкаў Сталін паважаная асоба, працягвае Вячаслаў. У кабінетах некаторых начальнікаў вісіць партрэт Фелікса Дзяржынскага, і яны ганарацца гэтым.
«Па вачах некаторых бачна, што яны шкадуюць, што не могуць прыстрэліць нас на месцы», — адзначае ён.
Па яго словах, сярод турэмшчыкаў няшмат прынцыповых садыстаў, пераважаюць бесхрыбетныя людзі.
Адзін з начальнікаў даводзіў, што яму паабяцалі кватэру, таму лёс арыштантаў яго не хвалюе, бо, працуючы на заводзе, ён не заробіць на жытло.
«Не думаю, што ў турмы прыходзяць толькі тыя, хто з катоў скуру здзіраў, але бяруць туды тых, каго лёгка можна вымуштраваць і ў галаву ўліць усё, што хочаш. Напрыклад, што НАТА напала на Расію ці спрабавала зрабіць пераварот у Беларусі. Людзям з пустой галавой можна наліць любы кампот. Будзе новая ўлада — яны стануць планктонам пры ёй. Ім усё роўна», — лічыць Вячаслаў.
Былога палітвязня тым не менш уражвае, як турэмшчыкі сталі такімі, бо ў школах вучылі адно і тое ж, але ў жыцці паводзіны людзей настолькі розныя.
«Напрыклад, таго ж Дастаеўскага праходзілі, які па сваім часе быў экстрэмістам. Яго нават прыгаварылі былі да пакарання смерцю і адмянілі яго ў апошні момант. Можна казаць, што асудзілі за тыя ж каментары, калі браць цяперашні час. Ён быў у гуртку людзей, якія марылі пра свабоду для тагачаснай Расіі. Ці беларускія народныя паэты, пісьменнікі. Каго з іх не вазьмі, то бэчэбэшнік. Але, на жаль, школа не дала ім такога разумення і цяпер для іх герой не Кастусь Каліноўскі, а Мураўёў-вешальнік», — дзівіцца Вячаслаў.
«Выбар — ці каровам хвасты круціць у калгасе, ці працаваць у месцы пазбаўлення волі»
Вячаслаў кажа, што яму дасылалі шмат кніг, і ён іх штудзіраваў. Бывала, што ахоўнікі цікавіліся, чым ён займаецца.
Некаторыя маладзейшыя кантралёры выпытвалі, якую мову праграмавання трэба вучыць найлепей. Казалі, што хацелі б з працы ў турме сыходзіць у ІТ-галіну.
Пытанні ахоўнікаў палітвязня здзіўлялі. Для яго праца ў турме была вялікай адмецінай таго, што маладыя людзі не знайшлі сабе годнага занятку, акрамя як ахоўваць зняволеных і што з чалавекам нешта не тое, бо ён стаў катам.
«Можа, сваёй працаю яны былі расчараваныя, а можа, грошай хацелі больш», — заўважае Вячаслаў.
Сярод кантралёраў шмат моладзі. У блізкім асяроддзі нявольнікаў абмяркоўвалі такі феномен.
Пераважала меркаванне, што гэта хлопцы з райцэнтраў, з няпоўных сем'яў, сіроты, у якіх быў выбар, ці каровам хвасты круціць у калгасе, ці на заводзе працаваць за мізэрны заробак, ці пайсці працаваць у месцы пазбаўлення волі і, нічога асаблівага там не робячы, мець сваю тысячу рублёў.
«Хадзіць па калідоры, грукаць у дзверы і правяраць нявольнікаў. Хіба гэта праца?» — рытарычна пытаецца Вячаслаў.
«У кожнага зняволенага навукоўца ў калоніі свая бібліятэка»
Вячаслаў кажа, што інтэлігентны чалавек пазнаецца ў няволі па паходцы, твары, манеры гаварыць і выказванні думак.
Нявольнікі яго інтэлектуальнага ўзроўню абменьваліся кніжкамі, бо амаль у кожнага была свая бібліятэка, сабраная з выданняў, дасланых з волі. Часта інтарэсы палітвязняў перакрыжоўваліся і пра іх можна было паразмаўляць у клубе ці на працы.
Зняволеныя навукоўцы абмяркоўвалі навіны з галін, у якіх былі занятыя на волі. Пра іх даведваліся з лістоў родных ці ў тэлефанаваннях.
«Абмяркоўвалі ChatGPT, нейрасеткі, даследаванні мозга. Гэта было цікава людзям з вышэйшай адукацыяй», — адзначае ён.
Вячаслаў прыгадвае, як супрацоўнік калоніі сабраў гурток са зняволеных з вышэйшай адукацыяй. У ім правялі некалькі сустрэч, дзе ўдзельнікі дыскутавалі, абмяркоўвалі навіны навукі. Глядзелі фільмы.
Але сваю ініцыятыву турэмшчык не ўзгадніў з начальствам і атрымаў па шапцы.
«А нас разагналі. Скончылася ўсё добра, нікога не пасадзілі ў ШІЗА», — згадвае былы палітвязень.
Паміж сабою гаварылі арыштанты і пра неабходнасць стварэння адмысловага фонду, які б дапамагаў уладкоўваць навукоўцаў з краінаў, дзе пануюць дыктатарскія рэжымы. Гэта дало б магчымасць пазбаўляць дэспатыі будучыні.
«Гэта б спрыяла перамозе цывілізацыі над варʼятамі, — лічыць Вячаслаў. — Трэба забраць у іх навуку і тэхналогіі. Ідэйных лукашыстаў сярод навукоўцаў нязначны адсотак. Думаю, у Расіі таксама большасць разумных людзей супраць вайны».
Сацыялагічнае даследаванне ў камеры: толькі адзін падтрымаў Расію
Пра поўнамаштабную агрэсію Расіі супраць Украіны Вячаслаў даведаўся з выпуску навінаў па тэлебачанні. Вайна стала шокам для яго і сукамернікаў.
Ён кажа, што на наступны дзень прынеслі «даваенны нумар» газеты «СБ. Беларусь сегодня». Яна даходзіла да арыштантаў з тыднёвым спазненнем. Нумар быў прысвечаны абвяржэнню таго, што Расія хоча напасці на Украіну.
«У газеце Лукашэнка, Пуцін і іх служкі ў адзін голас заяўлялі, што ніякай вайны не будзе. Маўляў, рускія першыя не пачынаюць вайны. Так выйшла, што газета з мінулага часу выкрывала хлусню тых заяваў. Мы бачылі па тэлевізары іншую карцінку: вайну», — падкрэслівае Вячаслаў.
У яго камеры было 14 нявольнікаў і толькі ён адзін палітычны.
Навуковец правёў апытанне сярод сукамернікаў, якое паказала, што толькі адзін з іх быў за Расію. Ён прыхільна ставіўся да «рускага свету», яму падабалася біць жанчын. Зрэшты, яго і пасадзілі за нявыплату аліментаў і збіццё жонкі.
Па словах Вячаслава, неўзабаве пасля пачатку вайны палітвязням перасталі прыходзіць лісты ад сяброў.
«Як абрубіла, — згадвае ён. — Калі мы пыталі, што здарылася, то адказвалі, што нам ніхто не хоча пісаць, бо мы нікому не патрэбныя».
Пра Мінск і цяперашняе жыццё
Пасля вызвалення Вячаслаў звярнуў увагу, што ў Мінску на вакзале і крамах паболела ваенных. Горад стаў панурым і ранейшай ажыўленасці не адчувалася.
Наведаная ім Зыбіцкая аказалася бязлюднай.
«Людзі майго інтэлектуальнага ўзроўню, з якімі я камунікаваў, перажываюць з таго, што надышлі змрочныя часы. Засталася чарната. Аптымізму не відаць. Шмат людзей зʼехала. У 2020 годзе нават уявіць было складана, што столькі людзей зʼедзе за два гады. Тыя ж, хто застаўся, проста не могуць зʼехаць», — гаворыць былы палітвязень.
Для Вячаслава стала неспадзяванкай, што ён стаў невыязным. Яму не назвалі прычыны такога рашэння, хоць ён намагаўся высветліць.
Да зняволення Вячаслаў працаваў у буйной тэхналагічнай карпарацыі, прадстаўніцтва якой пакінула Беларусь пасля пачатку вайны, эвакуяваўшы сваіх супрацоўнікаў. Вячаславу было гарантаванае ў кампаніі працоўнае месца.
«Працаваць там — вялікі гонар для любога навукоўца, — зазначае ён. — Ёсць магчымасць займацца сучаснымі тэхналогіямі і навукай. У Беларусі кампаній такога ўзроўню на сёння не засталося. І мяне чакалі ў кампаніі мары. Але, аказалася, што пакідаць краіну мне забаронена».
У міліцыі былому палітвязню наказалі, каб ён знайшоў сабе занятак, іначай страшылі пакараннем. Неяк далі накіраванне ў службу занятасці, дзе яго сустрэла «цётка з начосам».
«Я ёй сказаў, што праца мне не патрэбная і працаваць на гэтую дзяржаву не збіраюся. Яна пацікавілася, за што сядзеў, і калі пачула, што па палітычных артыкулах, то адказала, што на дзяржаўныя прадпрыемствы мяне не возьмуць. На начальніцкія пасады таксама, і можа прапанаваць толькі нізкакваліфікаваную працу», — расказвае Вячаслаў.
У даведцы супрацоўніца напісала, што былы арыштант адмовіўся працаўладкоўвацца. Паперчыну Вячаслаў у міліцыю не панёс, а здолеў пакінуць радзіму.
Вячаслаў хутка мае выйсці на працу ў кампаніі, якая чакала яго два гады, каб «рухаць цывілізацыю наперад». Яго заробак складзе больш за 100 тысяч даляраў на год.
Былы палітвязень залечвае артроз плечавых суставаў, які яму «падарылі» у ШІЗА.
Вяртацца ў Беларусь, пакуль там не зменіцца ўлада, Вячаслаў не збіраецца і разглядае эміграцыю як «квіток у адзін канец». На яго думку, перамены ў Беларусі адбудуцца, але калі тое будзе, прагназаваць не бярэцца.
«Эмігранты з ранейшых хваляў таксама думалі, што на некалькі гадоў зʼязджаюць, але выйшла так, што назаўжды. Аптымізму ў мяне няма, хоць хочацца верыць у лепшае, — падсумоўвае ён. — Жыццё не такое доўгае, як гістарычныя перспектывы. Але ж цяпер і інтэрнэт ёсць, і свет адкрыты як ніколі, таму абрынанне рэжыму павінна адбыцца хутчэй, чым распад Савецкага Саюза».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай
Як выглядае ўрачысты сход у Інстытуце гісторыі ў цяперашняй Беларусі. Спойлер: нявесела. Фотафакт
Два гады, як загінулі Андрэй Зельцэр і Дзмітрый Федасюк. Як выглядае месца пахавання кадэбэшніка
Сілавікі прымусілі затрыманага мінчука «прызнацца» ва ўдзеле ў стачцы
Каментары
...кожны бачыць у́ артыкуле тое, што хоча пабачыць...