Грамадства2020

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

Пакуль за мяжой шукаюць лекі ад невылечных хваробаў і новыя крыніцы энергіі, чым жывуць беларускія навукоўцы? «Наша Ніва» пагутарыла з вучонымі пра сітуацыю ў Акадэміі навук. На нашы пытанні адказалі генетык Марына Шаптурэнка, хімік Сяргей Бесараб і яшчэ адзін навуковец, які займаецца прыродазнаўчымі даследаваннямі.

«Расійская абаронка стала асноўнай крыніцай прыбытку тэхналагічных кірункаў у акадэміі»

Наш першы суразмоўца — Сяргей Бесараб, хімік, былы старэйшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цяперашнюю сітуацыю ў НАН Бесараб характарызуе як плато:

«Гутарыў з адным чалавекам наконт сітуацыі ў беларускай навуцы, дык ён сказаў, што ў 90-я было цяжэй, а цяпер нармалёва».

У матэрыяльным плане ў Акадэміі ўсё ў парадку, па словах Сяргея: дысертацыі абараняюцца, людзі атрымоўваюць прыкладна тыя ж грошы, што і тры гады таму, асабліва тыя, хто працуе з Расіяй.

І да таго беларускае акадэмічнае кола больш супрацоўнічала з Расіяй, чым з Еўропай. Цяпер гэты адсотак расійскіх грошаў павялічыўся ў разы, расійская абаронка стала асноўнай крыніцай прыбытку тэхналагічных кірункаў у акадэміі. 

Ля галоўнага корпуса Акадэміі навук. Фота: Sckeeter / commons.wikimedia.org

Паводле Бесараба, шмат беларускіх тэхнічных і прыродазнаўчых навуковых устаноў працавалі на расійскую абаронную замову яшчэ да 2020 года. Дактары інстытутаў з гонарам кажуць, маўляў, у нас сотні праектаў выконваюцца для расійскай абаронкі. Машынабудаўнічыя і фізіка-тэхнічныя ўстановы ганарыліся тым, што выконваюць для Расіі мноства абарончых замоваў, а цяпер яны сталі цалкам працаваць на вайну.

«І пры гэтым застаюцца беспакаранымі, — кажа Сяргей Бесараб. — Некаторыя прадпрыемствы кшталту «Пеленга» ці «Планара» трапілі пад санкцыі, але ні адна ўстанова з Акадэміі навук, ні адзін дырэктар пад імі не аказаліся. Аднак самі беларускія навукоўцы мала кажуць публічна пра свае вайсковыя распрацоўкі — баяцца санкцый», — мяркуе Бесараб.

«Мае знаёмыя робяць у акадэміі разлікі для расійскіх ракет, «Іскандэраў», і для мадэрнізацыі старых ракет. Яны ведаюць, што робяць разлікі. Пытаўся ў іх — маўляў, ты разумееш, што ты зараз робіш тое, што забівае ўкраінцаў? А чалавек мне адказвае: «Не, гэта проста навука, ніякай розніцы няма».

Але калі гэтая ракета заб’е ў Дняпры 70 чалавек, хто будзе вінаваты і стане забойцам? Той, хто фарбаваў ракету, рабіў разлікі аэрадынамікі ці запускаў? Кажа: «Той, хто запускаў».

Вось такое стаўленне паўсюль у Акадэміі. Каб з’ехаць за мяжу і рэалізавацца там як навуковец, патрэбнае веданне мовы і шмат розных акалічнасцей. А тут можна заплюшчыць вочы, не чытаць навін і проста хадзіць на працу, людзі так і працуюць», — бядуе навуковец.

Вучоны мяркуе, што цяпер Акадэміі выгадна, каб вайна ва Украіне працягвалася, бо для яе гэта зорны час.

«Акадэмія навук даўно разглядае ананімкі»

Яшчэ адна характарыстыка сучасных беларускіх навукоўцаў — гэта страх, лічыць Марына Шаптурэнка, былая галоўная навуковая супрацоўніца Інстытута генетыкі і цыталогіі, звольненая летам 2021-га. Таксама жанчына ўзначальвала секцыю прыродазнаўчых навук дзяржаўнай экспертнай рады, якая займаецца атэстацыяй навукоўцаў.

Утойлівасць экс-калег адзначалі і іншыя нашы суразмоўцы, і Марына тлумачыць, адкуль яна бярэцца:

«У Акадэміі навук працуе кантрактная сістэма, і пасля 2020-га кантракты практычна з усімі заключаюць на адзін год. То-бок пасля заканчэння кантракту няма праблемы звольніць непажаданага супрацоўніка: кантракт не падаўжаецца і чалавек трапляе на вуліцу, а навукоўцу ў Беларусі няма дзе ўладкавацца.

Таксама ўсе супрацоўнікі акадэміі падчас заключэння ці перазаключэння кантрактаў мусяць падпісваць Кодэкс прафесійнай этыкі працаўніка НАН. Там прапісана шмат што: патрыятызм, тое, што супрацоўнікі НАН мусяць спрыяць фарміравання нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, не разбураць імідж акадэміі, не публікаваць у сацсетках нешта, што «ганьбіць мундзір супрацоўніка». То-бок праз гэты кодэкс яны забаранілі выказваць любыя меркаванні, нават непалітычныя.

Але Акадэмія навук даўно разглядае ананімкі, там ёсць адпаведны аддзел».

Генетык адзначае, што мала хто з беларусаў цяпер зможа адказаць, што ж такое гэтая «дзяржаўная ідэалогія». Але для ўсіх відавочна — гаворка пра захаванне ў краіне цяперашняй дыктатуры, і яму зараз мусяць спрыяць беларускія навукоўцы

Цяперашні стан акадэміі Марына называе дэградацыяй, але адзначае, што гэта пачалося ўжо даўно. Пасля перабудовы былі разбураныя навуковыя школы, інстытуты страцілі фінансаванне. Акадэмія выжывала за кошт людзей, якія не маглі знайсці сябе ў іншых сферах, і нейкі час яны захоўвалі ранейшыя напрацоўкі. Бывалі перыяды добрага фінансавання, і гэта дазволіла, напрыклад, Інстытуту генетыкі адкрыць новыя цэнтры і набыць сучаснае абсталяванне, добрыя ўмовы прыцягнулі маладых супрацоўнікаў.

Пасля 2020-га усё гэта страчанае, тлумачыць Марына.

«Засталося дарагое абсталяванне, якое вельмі хутка састарваецца, бо тэхналогіі развіваюцца дужа шпарка. Ва ўмовах санкцый немагчыма абслугоўваць гэтае абсталяванне і набываць для яго матэрыялы, таксама цэны ўзляцелі. То-бок мы не можам выкарыстоўваць той тэхнічны патэнцыял, што маем, не кажучы пра тое, што сышлі людзі, якія валодалі гэтымі тэхналогіямі.

Не думаю, што адміністрацыйная надстройка Акадэміі — гэта базіс беларускай навукі, базіс — людзі, інтэлектуальны капітал, які яшчэ трохі застаўся ў інстытутах. Большасць інтэлектуальна развітых супрацоўнікаў Акадэміі былі звольненыя, людзі мусілі выехаць з краіны. Чым вышэйшы інтэлект у чалавека, тым больш для яго відавочная палітычная і эканамічная сітуацыя, тым лепш ён разумее перспектывы, у тым ліку ў навуцы. У Акадэміі няма перспектываў, а ў інстытутаў з іх патэнцыялам гэтыя перспектывы цяпер мінімальныя».

Паказчыкам стану Акадэміі і кадравай сітуацыі ў ёй з’яўляецца тое, хто займае кіруючыя пасады, тлумачыць Шаптурэнка. Гістарычна інстытутамі кіравалі як мінімум дактары навук, па званнях гэта былі член-карэспандэнты ці акадэмікі. А цяпер інстытутам генетыкі кіруе доктар сельскагаспадарчых навук, інстытутам біяфізікі — кандыдат медыцынскіх навук, не доктар, хаця гэта біялагічнае аддзяленне Акадэміі і заканамерна, каб ім кіраваў доктар біялагічных навук, батанічным садам кіруе доктар сельскагаспадарчых навук. У Беларусі ёсць біёлагі высокай кваліфікацыі, але па нейкіх параметрах яны не задавальняюць кіраўніцтва Акадэміі, і таму на пасады прызначаюць людзей, якія па сутнасці прыйшлі з іншых аддзяленняў. 

Цэнтральным батанічным садам цяпер кіруе доктар сельскагаспадарчых навук. Фота: Bunker by / commons.wikimedia.org

Што да фінансавай сітуацыі, Марына прадказвае, што да 2025 года усё будзе няблага:

«Навуковыя праграмы і этапы ў іх пачаліся ў 2022-м і скончацца збольшага ў 2025-м. Тады будзе цікава паназіраць за трансфармацыямі ў Акадэміі і інстытутах. Ведаю, што там ужо праходзіць аптымізацыя, у першую чаргу колькаснага складу, то-бок Акадэмія ўжо рыхтуецца да гэтых рэчаў. Імаверна, бюджэт шмат на што будзе ўрэзаны, у тым ліку на навуку, і ў гэтага будуць наступствы.

Калі казаць пра генетыку, мы скачваемся ў эпоху, калі яна была класічнай колькаснай: навукоўцы вырошчвалі расліны, ставілі на іх эксперыменты і праводзілі вымярэнні, аналізавалі вынікі з дапамогай матэматычнай статыстыкі. Навука з тых часоў моцна скокнула наперад, і хутка ў Беларусі ў нас не будзе магчымасці выконваць пэўныя тонкія даследаванні, або яны будуць праводзіцца толькі ў асобных навуковых цэнтрах. Для гэтага трэба дужа дарагія расходнікі, якія раней трэба было набываць за мяжой. Цяпер іх спрабуюць прывозіць з Расіі, але не ведаю, наколькі гэта паспяхова».

Раней, кажа навукоўка, на сайце акадэміі можна было прагледзець колькасць і характар публікацый у членаў і членаў-карэспандэнтаў, бо публікацыі навукоўца — гэта ўвогуле галоўная яго характарыстыка. Цяпер гэтай інфармацыі там няма, і каб даведацца, што апублікаваў канкрэтны акадэмік ці член-карэспандэнт, трэба шукаць гэта ў сеціве індывідуальна. Гэта кажа пра тое, лічыць Марына, што багата хто з людзей, якія сёння атрымоўваюць гэтыя званні, не могуць іх пацвердзіць якаснымі публікацыямі. 

«Абмеркаванні ў прэзідыуме Акадэміі нагадваюць нарады ў Лукашэнкі»

Мы пагутарылі пра сітуацыю ў Акадэміі навук з яшчэ адным абазнаным суразмоўцам, які пажадаў застацца ананімным. Гэты навуковец звязаны з прыродазнаўчымі даследаваннямі ў Акадэміі. Паводле яго, найвялікшая праблема НАН тычыцца яе кіравання:

«У апошнія гады Акадэмія ператварылася ў сваеасаблівае міністэрства, і гэта адкрыта дэкларавалася. У сценах яе прэзідыума пануюць не навуковыя і акадэмічныя настроі, а хутчэй чыноўніцкія. Напрыклад, для ўсіх, хто прыходзіць на пасяджэнні прэзідыума, рэкамендуецца афіцыйна-дзелавы стыль адзення.

Абмеркаванні ў прэзідыуме нагадваюць нарады ў Лукашэнкі — ці дакладней тое, як яны паказваюцца па тэлебачанні. Чалавек, якога там згадвалі, павінен адразу ўскочыць, і з ім гутараць не надта ветліва, але хаця б не на ты. Усё астатняе амаль як у Лукашэнкі: адна крытыка, публічныя разносы дырэктароў і намеснікаў дырэктароў інстытутаў перад усім кіраўніцтвам. Гэта зусім не акадэмічная традыцыя»,

— упэўнены суразмоўца.

Кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. Фота: БелТА

Суразмоўца называе яшчэ адну праблему айчыннай навукі. У беларусаў зусім невялікая колькасць навуковых публікацый у замежных выданнях, нават калі параўноўваць з Польшчай ці Літвой, ды і з Украінай.

Ёсць прызнаныя міжнародныя базы навуковых артыкулаў, Scopus і Web of Science, і там можна паглядзець, колькі беларусы маюць публікацый. Напрыклад, у Scopus Беларусь знаходзіцца на 15-м месцы з 23-х краін Усходняй Еўропы з 2777 публікацыямі за 2022 год. Калі ж казаць пра сусветны рэйтынг, там мы на 86-м месцы. 

У рускамоўных навуковых выданнях, мяркуе суразмоўца, беларусы друкуюцца часцей: «Можа, пісаць па-англійску ім перашкаджае ўнутраны бар’ер, можа, справа ў няведанні англійскай мовы, або ў зашоранасці і местачковасці, якая сустракаецца нават у выдатных навукоўцаў. Не хочуць публікавацца па-англійску, і гэта праблема. Магчыма, нешта выбітнае публікуюць і ў рускамоўных выданнях, але іх ніхто не ведае. Вядома, ізаляцыю ўмацоўвае палітычная сітуацыя.

Рашэнні ў Акадэміі прымаюць не маладыя і амбіцыйныя вучоныя, якія ведаюць англійскую мову, а людзі сталага ўзросту,

якія не ў стане і не ў настроі паехаць на замежную канферэнцыю. Не ведаю, свядома ці не, але яны абрубаюць тэндэнцыі па ўключэнні беларускай навукі ў міжнародны кантэкст». 

Таксама ў Акадэміі, адзначае навуковец, пацярпела сфера міжнародных праектаў, супрацоўніцтва з Украінай і ЕС. З міжнародных сувязей для НАН збольшага засталася толькі Расія, бо Кітай таксама трэба нечым зацікавіць, каб з ім працаваць.

Гэта пацвярджае і Сяргей Бесараб. Паводле яго,

кантакты з сусветнай навуковай супольнасцю маюць вырашальнае значэнне, бо вызначаюць узровень навукі ў краіне. Рэч і ў міжнародных праектах, якія Беларусь, маленькая краіна, не пацягне сама па сабе: даследаванне космасу, Антарктыды, праца з Вялікім адронным калайдарам.

Вялікую цікаўнасць на Захадзе раней выклікалі праекты, звязаныя з вывучэннем беларускай біяразнастайнасці, прытым гэта ішло на карысць і Беларусі, і заходнім навукоўцам. Гэта фундаментальная навука, праекты, якімі займаецца ўвесь свет, і раней мы да іх мелі дачыненне, а цяпер гэта ўсё адрэзалася. 

ATLAS — адзін з дэтэктараў Вялікага адроннага калайдара. Фота: CERN

Засталася прыкладная навука, расказвае Сяргей: «Апошнія падзеі граюць на руку Уладзіміру Гусакову, старшыні прэзідыума НАН, які ўвесь час казаў — маўляў, нам трэба прыкладная навука, а не фундаментальная, больш распрацовак, якія прыносілі б грошы.

Цяпер навукоўцы робяць менш інавацыйныя рэчы, але тыя, за якія рускія гатовыя ім плаціць. Тыя мае знаёмыя навукоўцы, хто мог нешта распрацаваць, у горшым выпадку перайшлі ў ІТ, а ў лепшым — знайшлі ці яшчэ шукаюць працу ў заходніх установах». 

70-гадовы Уладзімір Гусакоў — доктар сельскагаспадарчых навук, ягоныя палітычныя погляды некаторыя называюць сталінісцкімі.

«У многіх беларускіх навукоўцаў, якіх я сустракала, няма софт-скілоў»

Цяперашнюю беларускую навуку Сяргей называе ідэалагізаванай на сто адсоткаў. Маўчанне — гэта хай і невялікія, але грошы, тлумачыць ён.

Пра яшчэ адну праблему беларускай навукі нам расказала Святлана Волчак, былая выкладчыца фізікі на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій у БДУ. Паводле Волчак, у Беларусі няма навуковай супольнасці, бо супольнасць не можа існаваць без гарызантальных камунікацый паміж яе ўдзельнікамі, без абмену ведамі і досведам: 

«У многіх беларускіх навукоўцаў, якіх я сустракала, няма софт-скілоў — весці гутарку пра навуковыя тэмы, задаваць пытанні, пра тое, што яны не ведаюць, казаць, што яны штосьці не ведаюць, вучыцца адно ў аднога, весці гарманічны дыялог, успрымаць іншага навукоўца не як канкурэнта, а як калегу, разам з якім можна рабіць адкрыццё».

Святлана тлумачыць, што калі паміж выкладчыкамі ВНУ ці супрацоўнікамі Акадэміі навук і адбываецца камунікацыя, то гэта аперацыйная камунікацыя — загады і справаздачы пра іх выкананне, ці міжасабовая камунікацыя — проста пра тое, як справы. У ВНУ няма мыслення, бо яно магчыма толькі, калі ёсць для яго месца і свабода.

Паасобку навукоўцы ў Беларусі могуць рабіць нейкія навуковыя працы і штосьці адкрываць, але гэта адбываецца не з-за таго, што яны ставяць для сябе мэту развіцця, а з-за аглядкі на заходні стандарт цытавання артыкулаў, упэўненая навукоўка.

«Навука, якая будзе называцца «беларускай», пачне развівацца толькі праз супольнасць. І таму я з калегамі і каляжанкамі пачынаю яе ствараць праз навукова-папулярны зін [часопіс] «Pamylka», — падсумоўвае Святлана. 

«Праблема Акадэміі ў тым, што кіраваць ёю паставілі людзей, якія не жывуць інтарэсамі навукі»

Што ў будучыні? Сяргей Бесараб бачыць перспектыву ў развіцці камерцыйных навукова-даследчых інстытутаў накшталт амерыканскага Bell Labs, куды маглі б пайсці працаваць таленавітыя навукоўцы. Ён мяркуе, што навука можа таксама пачаць актыўней развівацца ў беларускіх ВНУ.

«На маю думку, праблема Акадэміі ў тым, што кіраваць ёю паставілі людзей, якія не жывуць інтарэсамі навукі. Імі кіруюць карыслівыя інтарэсы, кар’ерызм, доступ да прэферэнцый. У нас шмат разумных навукоўцаў, але для апошняга часу характэрнае засілле спецыялістаў нізкага ўзроўню. Кіраўнікі Акадэміі не маюць інтэлектуальнага ўзроўню, неабходнага для вырашэння задач, якія заўсёды стаялі перад Акадэміяй навук, — падсумоўвае Марына Шаптурэнка.

— Калісьці нехта будзе пісаць дысертацыю па гэтым часе ў Акадэміі навук, і тады можна будзе падлічыць тыя інтэлектуальныя страты, якія панесла Акадэмія за час чыстак з 2020-га да 2023-га», — дадае яна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Гэта можа выклікаць рак». Навуковец б'е трывогу адносна таго, што ў Беларусі пачалі апраменьваць прадукты радыяцыяй

«Гіпербалоід інжынера Гарына». Беларусь і Расія анансавалі, што ствараюць «вельмі магутную» лазерную зброю супраць беспілотнікаў

Невычэрпная крыніца энергіі? Навукоўцы паўтарылі прарыўны эксперымент па тэрмаядзерным сінтэзе. Магутнасць выйшла яшчэ большая

Каментары20

  • mikola
    01.10.2023
    Jak davedalisja ? Razbaltali ? Geta sakretna infarmacyja !
  • Митя
    01.10.2023
    Фейки это всё, никто не раскажет про ракеты просто так. Чушь
    Я сам лесник, дело ракетно знаю
  • Бобр
    01.10.2023
    Я делал все ради науки- разработчик ракет США, бывший ученый рейха Вернер фон Браун. Чем Академики хуже?

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Усе навіны →
Усе навіны

«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі10

Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па Беларусі не лічыць працэс атрымання польскіх візаў складаным і дарагім8

У пад'ездзе віцебскай шматпавярхоўкі на людзей кідаюцца пацукі1

Лукашэнка падпісаў праўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Што мяняецца?1

Новы міністр Чарнецкі збіраецца паляваць на ворагаў у беларускай культуры10

Марзалюк: Калі хто кажа, што Мураўёў ледзь не стваральнік беларускай дзяржавы, то гэта поўная лухта25

У Магілёве сілавікі наведваюць адрасы прапіскі тых, хто выехаў з Беларусі

Вядомы гомельскі сілавік судзіцца з УУС і МУС1

Лукашэнка адмаўляе, што Беларусь акупаваная Расіяй44

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Галоўнае
Усе навіны →