Культура88

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца

Выстаўка, якая праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, нагадала пра амаль невядомы сёння твор найвыдатнейшага мастака. Між тым сучаснікі, сярод іх Ян Булгак, адзначалі яго ў ліку найлепшых у творчасці мастака. Разам з Рушчыцам «Дажынкі» прайшлі праз пакуты непрыняцця чужака расійскай публікай і трагедыю падзеленай Радзімы.

Рушчыц і страчаныя «Дажынкі». Каларызавана нейрасеткай. Калаж: Наша Ніва

У галоўным музеі краіны працягваецца выстаўка «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939—1957», якая расказвае пра гісторыю фарміравання і дзейнасці даваеннай Дзяржаўнай карціннай галерэі ў Мінску, трагічны факт яе разграблення і вывазу каштоўнасцей у час нямецкай акупацыі, а таксама гісторыю будаўніцтва галоўнага корпуса музея, які быў адкрыты ў 1957-м.

Пра самы драматычны год існавання Дзяржаўнай карціннай галерэі, 1941-ы, распавядае зала-інсталяцыя пад назвай «Рабаванне». Немцы вывезлі з галерэі амаль усе каштоўныя творы мастацтва, пакінуўшы на сценах голыя рамы. У экспазіцыі тыя творы, якія так і не вярнуліся ў Беларусь пасля вайны, пазначаны такімі ж пустымі рамамі, якія суправаджаюць этыкеткі з невялікай ілюстрацыяй страчанага твора і кароткім апісаннем.

Сярод пустых рам на выстаўцы наведвальнікі заўважылі і раму з этыкеткай твора Фердынанда Рушчыца, пра які мала што вядома і нават фотаздымак адшукаць няпроста. Гэта карціна пад назвай «Дажынкі».

Рама на месцы страчанай у час вайны карціны «Дажынкі» пэндзля Фердынанда Рушчыца. Фота: з сацсетак

Доўгі час у краіне захоўваўся ўсяго адзін твор Рушчыца, які вялікую частку жыцця прысвяціў роднаму краю і ягонай культуры, — карціна «Ля касцёла», напісаная ў 1899 годзе. І нават яна — пасляваенны здабытак. У Дзяржаўны мастацкі музей карціна «Ля касцёла» паступіла ў 1957 годзе ад ленінградскага архітэктара і калекцыянера мастацтва Абрама Шустара.

Толькі ў 2015 годзе ў Беларусі з'явіліся іншыя карціны беларускага мастака. Тады ў карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка, якім кіраваў Віктар Бабарыка, набылі яшчэ дзве карціны — «Пуня і азярод» (1899) і «Пейзаж. Вілія», а ў 2016 годзе таксама карціну «Маёнтак у Багданаве».

Этыкетка з выявай страчанай у час вайны карціны «Дажынкі» пэндзля Фердынанда Рушчыца. Фота: з сацсетак

Але на страчаныя «Дажынкі» быццам усе і забыліся. Інфармацыі на этыкетцы, што суправаджае пустую раму на выстаўцы, таксама мінімум — чорна-белая рэпрадукцыя, імя і гады жыцця аўтара, назва карціны і дата яе напісання — 1902 г., матэрыял — палатно, алей, і «месцазнаходжанне невядома». Нічога пра тое, як твор увогуле патрапіў у музей і калі быў адабраны немцамі для вывазу ў Германію.

Зрэшты, трохі інфармацыі пра страчаны твор адшукаць усё ж удалося. У сваім дзённіку, часткова перакладзеным на беларускую мову, мастак, знаходзячыся ў родным Багданаве пад Валожынам, робіць такі запіс за 7 жніўня 1899 года (19 жніўня па новым стылі):

«Малюю жніво. Увечары дажынкі пад месяцам і пры ліхтарах. Скокі». Хутчэй за ўсё, ён малюе тую самую карціну, якую калісьці вывезлі з музея ў Мінску, бо на ёй, наколькі дазваляе меркаваць рэпрадукцыя, гараць агні ліхтароў і вогнішчаў, а побач скачуць фігуры людзей.

Будынак Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў на плошчы Малахоўскага ў Варшаве, дзе ў 1900 годзе на выстаўцы ўпершыню былі выстаўлены «Дажынкі». Фота: Wikimedia Commons

Праз год у дзённіку ўсплывае ўжо гатовае палатно «Дажынкі». 27 кастрычніка 1900 года мастак піша, што высылае для выставы з нагоды адкрыцця новага будынка Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў на плошчы Малахоўскага ў Варшаве, якое мусіла адбыцца 15 снежня па новым стылі, тры свае карціны — «Старыя яблыні», «Ясны дзень», «Дажынкі» — і 6 эцюдаў. На ўрачыстым адкрыцці будынка Рушчыц прысутнічаў асабіста. 

Пад канец снежня 1900 года Рушчыц прыязджае ў Пецярбург, каб паўдзельнічаць у яшчэ адной выстаўцы. Гэтым разам у трэцяй выстаўцы аб’яднання «Мир искусства», якую арганізоўвалі Валянцін Сяроў, Аляксандр Бенуа і Сяргей Дзягілеў. «Мир искусства» адыграла выключную ролю ў развіцці рускага мастацтва канца XIX — пачатку XX стагоддзя, стаўшы важным цэнтрам мастацкай культуры і авангарду таго часу. Дзейнасць аб’ядання ўзбагаціла рускае мастацтва і вывела яго на новы ўзровень, упісаўшы яго ў сусветнае мастацтва. Праўда, Рушчыц пры сустрэчы з «Миром искусства» заўсёды адчуваў, які ён ім чужы, што яны ніколі не сыдуцца.

«Старыя яблыні», напісаныя ў 1900 годзе, пэўны час падарожнічалі з выстаўкі на выстаўку разам з «Дажынкамі». Сёння ў калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве. Фота: Wikimedia Commons

Да Рушчыца перад выстаўкай наведаўся ягоны стары настаўнік, Архіп Куінджы, які фактычна забракаваў дзве з трох карцін, прывезеных мастаком з Варшавы: «Ясны дзень» ён параіў адкласці на пазней, а «Старыя яблыні» ўвогуле яму не спадабаліся. У той жа дзень, да яго завіталі Сяргей Дзягілеў і Аляксандр Бенуа, якім ён ужо ў цемры паказваў свае творы.

Найбольш ім спадабаліся эцюды, але з карцін Дзягілеў адзначыў «Вілейку» («Вечар»), а Бенуа — «Дажынкі». Урэшце на выставу адабралі 16 эцюдаў і карціны «Вілейка», «Грэбля» і «Дажынкі». Выстаўка адкрылася 10 студзеня 1901 года.

Выстаўка была суцэльнай катастрофай для Рушчыца. Куінджы раскрытыкаваў яго за тое, што ён выставіў «Старыя яблыні», якія ён асабіста забракаваў, а таксама эцюд з сінімі ценямі. Дасталася таксама і сябру Рушчыца, латышу Вільгельму Пурвіту за тое, што ён выставіў занадта шмат карцін. Рушчыц спрабаваў яго абараніць, але безвынікова.

«Адусюль нейкая незадаволенасць намі. Увесь час нас толькі абвінавачваюць — Пурвіта і мяне заўжды крытыкуюць, і ніхто не лічыцца з тым, што з калегаў толькі мы ўдвух працуем бесперапынна».

Выстаўка карцін «Мир искусства» ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў у 1901 годзе. Фота: Дзяржаўны Рускі музей

Штодзённая газета «Россия», увесь поспех якой, як пісалі, грунтаваўся на бойкіх і сенсацыйных фельетонах, відаць, у сваім чарговым нумары напісала разгромны водгук на творы Рушчыца і Пурвіта. «Няхай гэтыя людзі пасля не адважваюцца залічаць мяне да сваіх. Самі пішуць, што я ім чужы, што маю ў сабе «что-то такое чуждое, что мало трогает нас», — запісаў мастак у сваім дзённіку. Яшчэ адзін удар — з боку «Нового времени».

Расійская публіка ўсё нападала і нападала на Рушчыца, толькі іншы беларускі мастак, Казімір Стаброўскі, заўважыў, што некаторым на выставе зроблена крыўда. 

Зрэшты, адказ на пытанне, чаму так хваравіта варожа творчасць Рушчыца і Пурвіта ўспрымалі ў Пецярбургу, здаецца ёсць у дзённіку самога мастака. Яшчэ падчас мінулай выстаўкі «Мир искусства» да іх падыходзіў Ісак Левітан, каб спытаць, ці не вучыліся за мяжой, бо «знаходзіць адчувальны ўплыў замежных мастакоў». Творчасць Рушчыца, відаць, аказалася занадта нерасійскай для расійскай публікі.

Асмяяны і маральна знішчаны ў Пецярбургу, Рушчыц вяртаецца ў родны Багданаў. Два з паловай месяцы ён не піша нічога, нават не робіць запісаў у дзённік. «Не можа спявак спяваць, калі яму свядома адмаўляюць у апладысментах альбо нават выходзяць, калі хоча спяваць», — прызнаецца мастак у адным з першых пасля доўгага перапынку запісаў.

У Багданаў з ім вярнулася і карціна «Дажынкі». Яе ў ліку 14 работ Рушчыц ізноў выставіў на VII выставе таварыства Sztuka, якая праходзіла ў лістападзе-снежні 1903 года ў Кракаве.

На жаль, на беларускую мову была перакладзена толькі частка дзённіка Рушчыца да 1904 года, неахопленымі засталіся перыяды жыцця ў Варшаве, Кракаве, Вільні і ў час Першай сусветнай вайны. Магчыма, у неперакладзенай дагэтуль частцы дзённіка ёсць звесткі пра тое, як і калі «Дажынкі» пакінулі Багданаў. 

Але нават перакладзены фрагмент прыводзіць да пытання, а ці правільна ў музеі карціна датаваная 1902 годам, калі ў дзённіку ён ужо выстаўляў карціну з такой назвай у 1900 годзе? Акрамя таго, у канцы лета 1899 года Рушчыц пісаў, што малюе жніво і дажынкі.

Эскізы да карціны «Дажынкі». Унізе аднаго з іх пазначана дата — 31.XII.01. Фота: Нацыянальны музей у Варшаве

Яшчэ больш пытанняў выклікае адшуканы ў калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве алоўкавы эскіз да «Дажынак». Кампазіцыя на эскізе пазнавальная і раскрывае трохі больш дэталяў, чым чорна-белая рэпрадукцыя карціны. На вялікім дрэве злева вісіць ліхтар, які на рэпрадукцыі можна памылкова прыняць за вогнішча. Ліхтар асвятляе доўгі стол на пярэднім плане, за якім засталося няшмат людзей, адзін увогуле ляжыць упіты на стале. Большасць жа людзей на эскізе (і на палатне) сышліся ў карагодзе.

Няма сумневу, што гэта эскіз да той самай страчанай карціны, а таксама тая ж сцэна дажынак «пад месяцам і пры ліхтарах» і скокаў, якую пісаў Рушчыц у 1899 годзе.

Але. Пад самім эскізам пазначана дата — 31.XII.01. У дзённіку ж у канцы 1901 — пачатку 1902 года мастак піша, што змяняе свой «Млын» і пачынае палатно «Эмігранты», не згадваючы ні пра якія «Дажынкі» ці нешта падобнае па сюжэце.

Яшчэ больш пытанняў выклікае інфармацыя ў пасмяротным выданні, прысвечаным Рушчыцу. «Мастацкі дыктатар Літвы» і яе «эстэтычнае сумленне», Фердынанд Рушчыц, памёр у 1936 годзе, ва ўзросце 65 гадоў, перажыўшы параліч і цяжкае аднаўленне на працягу некалькіх гадоў.

Фотаздымак краявіду з балкона дома Рушчыца ў віленскім Зарэччы, зроблены ягоным сябрам Янам Булгакам. Фота: Wikimedia Commons

Праз тры гады пасля яго смерці, у 1939 годзе выйшаў зборнік «Фердынанд Рушчыц: жыццё і творчасць» (Ferdynand Ruszczyc: życie i dzieło), у якім вялікі раздзел пра мастака напісаў ягоны блізкі сябар, віленскі фатограф Ян Булгак. Булгак змясціў у зборніку каляровыя і чорна-белыя здымкі яго твораў, даўшы ім сваё апісанне. Сярод іншых змешчаны і «Дажынкі», якія датаваныя ўжо 1903 годам — гэта ўжо чацвёртая вядомая дата напісання карціны. Зрэшты, «Старыя яблыні», якія Рушчыц выстаўляў ужо ў 1900 годзе, Булгак датуе 1901 годам. Ёсць у кнізе і адзіныя вядомыя звесткі пра памер карціны «Дажынкі» — 120 X 150 см.

«Дажынкі», «Яблыні» (маюцца на ўвазе «Старыя яблыні») і «Берагі Вілейкі», як прызнаваўся Булгак, асабліва запомніліся яму сярод твораў у майстэрні сябра і сталі прадметам яго доўгага роздуму.

Рэпрадукцыя карціны «Дажынкі» ў пасмяротным зборніку, прысвечаным Фердынанду Рушчыцу. Ян Булгак пазначыў, што карціна была напісана ў 1903 годзе. Фота: Ferdynand Ruszczyc: życie i dzieło

Рушчыц у сваіх драматычных пейзажах акцэнтаваў увагу на элементарных сілах прыроды, паказаных у фарбах і формах. Большасць яго пейзажаў — гэта ўвасабленне самой прыроды, якая пануе непадзельна і прамаўляе ўладарна за сябе і за чалавека. Толькі ў «Эмігрантах» і «Дажынках» Булгак знаходзіў больш выразную прысутнасць чалавечых фігур, і толькі ў апошняй выразна абазначаны сюжэт. Булгак робіць падрабязнае апісанне гэтай карціны:

«Дажынкі», пышныя каляровыя, пераліваюцца водбліскам распаленых вогнішчаў, поўныя постацямі танцуючых пар, якія застылі ў хахловай абраднасці нейкіх паганскіх святаў. Ізноў першародны кліч зямлі выбухае з кожнага мазка карціны. Пад развесістай бярозай, за сталамі старэйшыя размаўляюць і дрэмлюць, а на схіле пагорка згуртаваная разам моладзь уліваецца ў вір святочных скокаў.

На выразным абрысе гарызонту, на фоне бледнага начнога неба вылучаюцца дзве пары контурамі свавольных выкрутаў, а над усёй грамадой узносіцца сакральны павеў, які ідзе ад зямлі і ад неба. Ад зямлі, якая дала людзям плён лета і з матчынай паблажлівасцю прыглядвае за забавамі сваіх сейбітаў і жняцоў. Ад неба, што над шчыльным парасонам чорнай сасны пачынае прасвечваць ранішняй зарою і растварае працяг кароткай ночы ў салядынах і сапфірах узыходу. 

Унізе яшчэ гараць чырвоныя агні дажынак, але ўжо на небе адбываюцца новыя светлавыя дзівы. Залатыя і ружовыя пасмы пераліваюцца паміж дрэвамі і прадказваюць блізкі надыход сонца. Пераломная хвіля світання сваім цудоўным змаганнем дня і ночы падкрэслівае моц вечных стыхій».

Булгак дадае, што такое падрабязнае апісанне ён робіць таму, што гэтай карціны, хутчэй за ўсё, больш не існуе — яна, як ён піша, была страчана ў Мінску ў час бальшавіцкага ўварвання.

Мяркуючы па 1939 годзе, калі выйшла кніга, можна спачатку падумаць, што гаворка ідзе пра пачатак Другой сусветнай вайны, але насамрэч кніга была выдадзена ў маі 1939 года, а яе падрыхтоўка пачалася ў ліпені 1938 года. Напэўна, Булгак мае на ўвазе падзеі савецка-польскай вайны і савецкі наступ улетку 1920 года, калі бальшавікі занялі Мінск і дайшлі да самай Варшавы.

Фердынанд Рушчыц у Багданаве. Фота Яна Булгака

Хутчэй за ўсё, карціна не была на той момант страчаная, як думалі ў Польшчы, не без падстаў дэманізуючы савецкую дзяржаву, а трапіла ў музейныя фонды. У неперакладзеных запісах дзённіка Рушчыца міжваеннага перыяду адшукаўся цікавы запіс за 5 студзеня 1929 г.:

«На Шубравіі [сходзе Таварыства шубраўцаў] размаўлялі пра Коўна, а таксама пра Мінск, куды ездзіў па збор архіўных дакументаў Вейтка (Вацлаў Вейтка (1861—1940), віленскі архівіст і калекцыянер старажытнасцей. — НН) з Віленскага дзяржаўнага архіва. У каталогу музея я фігурую, падобна, разам з Рустэмам, Семірадскім і Сестранцэвічам як беларускі мастак. Напэўна, там жа мае «Дажынкі».

У гэтым запісе адчуваецца пэўная зацікаўленасць Рушчыца ў тым, што ў Мінску, дзе ён правёў свае маладыя гады, нават пры савецкай уладзе яго прызнаюць за свайго мастака, чаго ён не адчуваў у Пецярбургу, Кракаве і Варшаве. Гэта пасяляе ў ім надзею, што дарагая яму карціна не страчана, а зберагаецца ці можа нават экспануецца ў музеі.

Сапраўдны ж лёс карціны невядомы, але калі яе выява трапіла на выстаўку «Страты і вяртанні», то, відаць, яна сапраўды захоўвалася да вайны ў калекцыі Дзяржаўнай галерэі. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, напэўна, мог бы расказаць больш, але пакуль дае наведвальнікам толькі пустую раму, чорна-белую рэпрадукцыю і дату, якая выклікае шмат пытанняў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Мопс
    28.11.2024
    Gorliwy Litwin , ды хоць бы кансервавай банкай сябе называлі. Іхняй волі мы не ведаем, а па вызначэнні беларускія, бо адсюль, тут жылі і працавалі. Рушчыца вунь пры жыцці беларускім мастаком называюць. Ён піша пра гэта ў дзённіку, яго гэта яўна цікавіць, але ён гэтаму ніяк не пярэчыць і не кажа, што бальшавіцкія падонкі скралі ў яго ідэнтычнасць.
  • Богуш
    28.11.2024
    Gorliwy Litwin , Пан Алесь, ну шо ж вам няймецца? Беларускімі = літвінскімі.
    Мяжа тонкая. Яны былі нашымі з тутэйшай шляхецкай і каталіцкай сьвядомасьцю.
    Такая траціна Беларусі.
  • Gorliwemu panu
    28.11.2024
    Gorliwy Litwin , супраць сваёй волi яны нарадзiлiся на тэрыторыi сённяшняй Беларусi?
    Вы ж разумееце, што гэта спрашчэнне для публiцыстычнага тэксту.

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →