Пра прынятае рашэнне аб запаволенні еўраінтэграцыі да 2028 года абвясціў прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ, паведамляе тэлеканал Mtavari.
«Сёння мы прынялі рашэнне не ставіць пытанне аб адкрыцці перамоў з Еўрасаюзам на парадак дня да канца 2028 года […] Акрамя таго, да канца 2028 года мы адмаўляемся ад любых бюджэтных грантаў Еўрасаюза», — заявіў Кабахідзэ.
Ён назваў абмеркаванне перамоў з ЕС «інструментам для ціску і расколу грамадства».
Варта адзначыць, што яшчэ ў ліпені пасол ЕС у Грузіі Павел Герчынскі заявіў, што сам Еўрасаюз прыпыніў працэс далучэння Грузіі да блоку. Прычынай гэтага назвалі прыняцце закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», які выклікаў пратэсты ў краіне.
26 кастрычніка ў Грузіі прайшлі выбары ў парламент. ЦВК краіны абвясціў, што на іх перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара», прадстаўніком якой у тым ліку выступае Іраклій Кабахідзэ.
Апазіцыйныя партыі заявілі пра фальсіфікацыі і адмовіліся прызнаць вынікі выбараў. Пасля гэтага ў краіне прайшла серыя мітынгаў. Пратэстоўцаў сярод іншых падтрымлівае прэзідэнтка краіны Саламе Зурабішвілі.
Сёння, 28 лістапада, Еўрапарламент сваім рашэннем таксама не прызнаў вынікі кастрычніцкіх выбараў у Грузіі і заклікаў правесці новыя пад міжнародным наглядам. Акрамя таго, ён заклікае ўвесці персанальныя санкцыі за «адступленне ад дэмакратыі» супраць прэм'ер-міністр Іраклія Кабахідзэ, мэра Тбілісі і генеральнага сакратара партыі «Грузінская мара» Кахі Каладзэ, спікера парламента Шалвы Папуашвілі і былога прэм'ер-міністра ды алігарха Бідзіны Іванішвілі.
Рэзалюцыя Еўрапарламента была прынятая 444 галасамі супраць 72-х. 82 дэпутаты ўстрымаліся.
Нягледзячы на ўнутраныя і знешнія пратэсты, дэпутаты кіроўнай партыі «Грузінская мара» сёння аднагалосна 84 галасамі выказалі давер ураду на чале з прэм'ерам Іракліем Кабахідзэ. Апазіцыя, якая не прызнае вынікі парламенцкіх выбараў і легітымнасць парламента, у галасаванні не ўдзельнічала.
Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст
Прэзідэнцкія выбары ў Грузіі прызначылі на 14 снежня, яны пройдуць па новай сістэме
У Тбілісі апазіцыя перакрыла Плошчу Герояў да 22:00
Грузінская паліцыя разагнала акцыю пратэсту апазіцыі і знесла намётавы гарадок
Кіраўніка ЦВК Грузіі на заключным пасяджэнні аблілі фарбай
Каментары