У Мінску затрымалі юрысконсульта. Яго маглі адшукаць праз Tinder — расказваем пра яшчэ адну небяспеку сэрвісу
Чалавеку пагражаюць «крыміналкай» за каментары.
Арцёму Алексяёнку 28 гадоў. Ён з Калодзішчаў, гэта пасёлак пад Мінскам, каля Уручча.
Мужчына спачатку вывучаў юрыспрудэнцыю, а пасля — паліталогію ў Беларускім інстытуце правазнаўства.
Апошнім часам ён працаваў юрысконсультам у кампаніі «Белспортзабеспячэнне», якая арганізоўвае спартовыя мерапрыемствы і трымае гасцініцу «Спорт» на мінскай вуліцы Якуба Коласа.
Арганізацыя належыць Міністэрству спорту і турызму.
У відэа ГУБАЗіКа паказваецца інтэрфейс праграмы Tinder, праз якую нехта спрабуе пазнаёміцца з Арцёмам. І, хутчэй за ўсё, на іншым канцы сілавік. Дыялог абрываецца на фразе «Давай знаёміцца, Арцёме».
Акаўнт у тэлеграме Арцёма не бачны па ягоным нумары тэлефона, але абаронены не вельмі надзейна — у 2019—2020-м ён карыстаўся ўласным імем і нікнэймам. Таму незразумела, адшукалі яго праз Tinder або непасрэдна па акаўнце.
Але магчымая такая схема: з чалавекам знаёмяцца, а пасля прапануюць вывесці размову ў «тэлеграм». Людзі ў праграмах для знаёмстваў звычайна не хаваюць твару і сваіх даных, ды і створаныя яны для жывых зносін. Такім чынам сілавікі маюць магчымасць звязаць чалавека і ягоны акаўнт нават у тым выпадку, калі ён добра абаронены.
Такую магчымасць варта ўлічваць. Мы раім не даваць незнаёмцам ваш асноўны, а тым больш пратэсны тэлеграм-акаўнт і распавядаць асабістыя падрабязнасці вашага жыцця або тым больш палітычнай дзейнасці.
Зараз, згодна з інфармацыяй ад губазікаўцаў, Арцёму пагражае крымінальная справа за каментары ў тэлеграм-чатах.
Нагадаем, што масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
Лукашысты пераследуюць усіх, хто публічна выступаў супраць іх кіравання і супраць расійскага кантролю над Беларуссю.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць таксама за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
Згодна з падлікамі праваабаронцаў, за гэты час у краіне адбылося не менш за 55 тысяч палітычна матываваных затрыманняў. Па інфармацыі пракуратуры, заведзена не менш за 12 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць палітычнага характару. Але і першая, і другая лічба, хутчэй за ўсё, няпоўная. Палітычна матываваных спраў можа быць нашмат больш, як і людзей, якія прайшлі праз затрыманні.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Когда вы мозги начнёте включать, сограждане?
Посмотри на себя в зеркало, мачо! Кому ты нужен, кроме губошлепика?)