Беларуса Іллю Шкурына назвалі найлепшым гульцом лістапада ў польскім чэмпіянаце
Ілля, які выступае за футбольны клуб «Сталь», забіў чатыры галы ў трох матчах, прычым у адным з паядынкаў быў хет-трык.
«У сукупнасці, калі гэты гулец трапляе ў сетку, яго каманда не прайграе (у мінулым месяцы яна выйграла двойчы). Беларус выключна ўніверсальны, бо толькі грэк Эфціміс Кулурыс (са шчэцінскай «Пагоні») таксама можа пахваліцца трыма галамі (…) у лістападзе», — тлумачыць выбар на карысць беларускага легіянера афіцыйны сайт польскай Экстракласы.
Выбар гульца робіцца капітанамі васямнаццаці каманд вышэйшай лігі польскага чэмпіянату, таксама голас належыць заўзятарам у сацсетках.
За Іллю прагаласавала большасць прысяжных, завяршыўшы тым самым серыю перамог іспанца Эрыка Экспазіта з уроцлаўскага «Шлёнска». Іспанец атрымліваў узнагароду тры месяцы запар.
Усяго Ілля забіў восем галоў з пачатку сезона. Наступны матч «Сталь» правядзе ў суботу супраць «Краковіі».
У 2020 годзе Ілля першым з беларускіх спартоўцаў публічна заявіў, што адмаўляецца выступаць за колеры нацыянальнай каманды на знак салідарнасці з дэмакратычнымі пратэстамі ў Беларусі.
Каментары