Падзеі адбываліся 8 мая. 39-гадовы жыхар Гомеля сеў за руль легкавіка і з пяццю пасажырамі накіраваўся ў бок вёскі Лапічы Буда-Кашалёўскага раёна. На закругленні мужчына не справіўся з кіраваннем і аўтамабіль пратараніў будынак бульбасховішча.
Высветлілася, што мужчына ўвесь дзень выпіваў, а калі алкаголь скончыўся, адправіўся «па дабаўку». Разам з ім у алкатрып адправілася і яго сям'я: жонка і дзеці ва ўзросце 3, 6 і 12 гадоў, якія, дарэчы, перавозіліся без дзіцячых утрымлівальных прылад, паведамляюць «Моцныя навіны».
Усе пяцёра пацярпелі ў аварыі: двое атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні, сярод іх — 3-гадовае дзіця. Канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві кіраўніка сямейства склала не менш за 2,58 праміле.
Мужчыну пакаралі чатырма гадамі з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, на тэрмін 8 гадоў. Таксама яго прымусова будуць лячыць ад алкагалізму.
Але і на гэтым гісторыя не скончылася. Пракуратура вырашыла больш дэталёва праверыць, у якіх умовах растуць дзеці. Аказалася, што бацькі ўжо траплялі ў поле зроку адпаведных органаў. Непаўналетніх дзяцей прызналі як тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, сям'я пастаўлена на кантроль і з ёй праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы.
Каментары