Унучка Лукашэнкі вучыцца ў Расіі на юрфаку МДУ. Вось што пра гэта вядома
У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка расказваў, што яго ўнучка «бліскуча» здала іспыты ў маскоўскі ўніверсітэт. Два гады таму высветліць, на які менавіта факультэт паступіла дзяўчына, так і не ўдалося. Цяпер «Люстэрка» вывучыла сайт МДУ і даведалася, што ўнучка Лукашэнкі вучыцца на трэцім курсе юрыдычнага факультэта.
Анастасія — сярэдняя дачка Дзмітрыя і Ганны Лукашэнка (усяго ў сужэнцаў трое дзяцей). Дзмітрый шмат гадоў узначальвае «Прэзідэнцкі спартовы клуб». Маці Анастасіі пад псеўданімам Ганна Сялук піша тэксты для патрыятычных песень (сярод яе «хітоў» — трэкі «Ах, Аляксандр» і «Бульба-дэнс»).
Анастасія вучылася ў Ліцэі БДУ, але забрала дакументы незадоўга да заканчэння. У 2021 годзе дзяўчына здавала Адзіны дзяржаўны іспыт (расійскі аналаг беларускага ЦТ) у МДУ. Па рускай мове яна набрала 90 балаў, па грамадазнаўстве — 60. Які трэці экзамен быў — невядома.
На сайце МДУ ў загадах аб залічэнні студэнтаў у 2021 годзе на ўсе формы навучання Анастасія Лукашэнка не фігуруе. Затое імя дзяўчыны можна знайсці на сайце юрыдычнага факультэта МДУ. Анастасія Дзмітрыеўна Лукашэнка лічыцца ў спісе студэнтаў 3-га курса бакалаўрыята.
А таксама ўваходзіць у каманду настаўнікаў першакурснікаў — студэнтаў, якія дапамагаюць пачаткоўцам адаптавацца ва ўніверсітэце. Сцвярджаецца, што імі «становяцца лепшыя студэнты 3-4-га курсаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскай, навуковай, спартовай і творчай дзейнасці юрыдычнага факультэта і ўніверсітэта, якія адрозніваюцца высокай камунікабельнасцю, добразычлівыя і адкрытыя. Акрамя таго, яны паспяхова вучацца — студэнты, якія жадаюць стаць настаўнікамі, не павінны мець пераздач па выніках апошняй сесіі».
Скрыншот відэасустрэчы настаўнікаў з удзелам Анастасіі ёсць на сайце ўніверсітэта — па выяве можна зразумець, што на юрфаку МДУ вучыцца менавіта ўнучка Лукашэнкі, а не яе поўная цёзка.
Звестак аб спецыяльнасці, на якой вучыцца ўнучка Лукашэнкі, знайсці не ўдалося. Затое на сайце юрфака «Люстэрка» выявіла інфармацыю аб двух мерапрыемствах, у якіх удзельнічала дзяўчына.
У снежні 2021 года яна танчыла са сваім аднагрупнікам Саідам Ізарыпавым на Зімовым балі і нават выйшла ў фінал танцавальнага конкурсу.
У лютым 2023 года яна прыняла ўдзел у канцэрце, прысвечаным Дню роднай мовы.
Падчас мерапрыемства студэнты МДУ «чыталі вершы на нацыянальных мовах народаў Расіі і свету». Анастасія Лукашэнка пад акампанемент балалайкі прачытала верш Якуба Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы!».
Між тым, сястра Анастасіі Дарʼя — больш медыйная персона. У мінулым годзе яна вяла перадачу «Героі» на «Беларусь 1». Шоу праходзіла пад патранажам «Прэзідэнцкага спартовага клуба», якім кіруе яе бацька. На старце сезона Дарʼя дала кароткія інтэрвʼю дзяржаўным СМІ.
Дзяўчына расказала, што вучыцца на эканамічным факультэце. Але не ўдакладніла, у якой ВНУ і якой краіне. Сёлета стала вядома, што на «Беларусь 1» стартуе другі сезон шоу «Героі» пад назвай «Героі. Перазагрузка». Яго таксама будзе весці Дарʼя Лукашэнка. І зноў дзяўчына дала інтэрвʼю дзяржСМІ, у якім расказала аб недахопе часу на сацсеткі і аб справядлівасці.
Малодшая сястра Анастасіі і Дарʼі Аляксандра пакуль вучыцца ў школе. Ёй 9 гадоў.
Усяго ў Аляксандра Лукашэнкі сямёра ўнукаў. Яго старэйшы сын Віктар разам з жонкай Ліліяй выхоўвае чацвярых дзяцей: дачок Вікторыю і Валерыю, сыноў Аляксандра і Яраслава.
Каментары