Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова арыштавалі сёмы раз запар
Міхаіл Лапуноў днямі мусіў выйсці на волю, але яго зноў арыштавалі. Трэцяга лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля прайшоў чарговы суд над ім паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суддзя Віктар Казачок прызначыў яму чарговыя 15 сутак, піша «Гомельская Вясна».
Міхаіл быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна ўтрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Агулам мужчына правядзе за кратамі больш за тры месяцы.
Сын Лапунова — Мікіта Залатароў — адзін з наймалодшых затрыманых палітвязняў у выніку пратэстаў 2020 года. Агульны тэрмін пакарання для яго склаў чатыры з паловай гады выхаваўчай калоніі.
Каментары