У Аргенціне ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў выйшаў кандыдат, які вёў агітацыю пераважна ў тыктоку
Але не толькі гэта здзіўляе ў прэзідэнцкіх выбарах у гэтай краіне.
Пасля падліку большасці галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у Аргенціне ультраправы кандыдат Хаўер Мілей, які прыцягваў да сябе шмат увагі, саступае міністру эканомікі Серхіа Маса. Ні той ні іншы, аднак, не атрымалі абсалютнай большасці, таму яны сустрэнуцца ў другім туры праз чатыры тыдні, піша Бі-бі-сі.
У выніку падліку амаль 90% бюлетэняў Маса лідзіруе з вынікам больш за 36%. Мілей пакуль набірае крыху больш за 30%. Трэцяя кандыдатка, кансерватар Патрысія Булрыч, выбывае з гонкі з 23,8% галасоў.
Для перамогі ў першым туры кандыдат павінен набраць больш за 45% галасоў альбо 40%, але пры ўмове, што ён апярэджвае найбліжэйшага суперніка не менш чым на 10 працэнтных пунктаў.
Другі тур павінен прайсці 19 лістапада.
Апытанні да выбараў паказвалі на перамогу Мілея, але ў Аргенціне яны вядомыя сваёй недакладнасцю. У прыватнасці, калі Мілей перамог на праймерыз у жніўні, апытанні гэтага не прадказвалі.
Мілей вёў агітацыю пераважна праз тыкток і зрабіў некалькі гучных заяў.
Так, на адным з мітынгаў ён з'явіўся з бензапілой: гэта быў сімвал «адразання» дзяржаўных выдаткаў, каб аздаравіць эканоміку краіны. Таксама ён прапанаваў адмовіцца ад песа і перайсці на амерыканскі даляр, каб перамагчы інфляцыю. Інфляцыя ў краіне складае 140%.
Таксама Мілей адмаўляе вялікую колькасць ахвяр вайсковай дыктатуры ў 1976—1983 гадах, хоць вядома, што тады знікла 30 тыс. чалавек. Ён сцвярджае, што гэта колькасць куды меншая — 8 753 (такую лічбу называла сама хунта).
У 1990-я Мілей, дарэчы, іграў у рок-групе, якая выконвала пераважна каверы «Ролінг Стоўнз».
Напярэдадні выбараў сцены і рэкламныя шчыты былі завешаныя плакатамі з усмешлівымі кандыдатамі. Але ні на адным з іх не было твару Хаўера Мілея.
Мілей вёў кампанію пры дапамозе цэлай арміі інфлюэнсераў, якія вядуць агітацыю ў асноўным праз тыкток.
22-гадовы Іньякі Гут'ерэс звярнуўся да Хаўера Мілея і пераканаў яго, што кандыдату трэба актыўна працаваць у сацыяльных сетках. З тых часоў Іньякі і яго дзяўчына ўзначалілі кампанію ў тыктоку і здабылі велізарную базу фаловераў.
«Больш не патрэбныя грувасткія структуры, каб займацца палітыкай. [Для правядзення кампаніі] не трэба ездзіць па розных гарадах — з дапамогай тэлефона можна за некалькі гадзін выйсці на сувязь з усёй краінай і пагутарыць з усімі», — казаў Іньякі.
Праўда, Мілей збіраў і шматтысячныя мітынгі і афлайн. Людзі выстойвалі шмат гадзін у чарзе, каб трапіць на мітынг.
«Прыхільнікаў Мілея можна знайсці на ўсіх сацыяльна-эканамічных узроўнях», — лічыць палітолаг Ана Іпарагірэ.
Аднак пакуль Мілей другі.
Дзіўны не толькі яго вынік, але і той факт, што першае месца ў першым туры заняў міністр эканомікі — гэта ў краіне, дзе інфляцыя цяпер складае 140%.
У гэтыя чатыры тыдні да другога тура Аргенціну чакае вялікая нявызначанасць. І хто б ні перамог, яму трэба будзе разбірацца з цяжкай эканамічнай сітуацыяй, якая настройвае аргенцінцаў супраць цяперашняга палітычнага істэблішменту.
Каментары