Пасля таго, як закрылі тры пункты пропуску на межах Беларусі і ЕС, чэргі з грузавікоў на выезд у Еўропу выраслі. Але ўплывае не толькі гэта.
Літоўскі кірунак самы напружаны
Па стане на 16 гадзін 20 кастрычніка, на выезд з Беларусі ў ЕС сабраліся больш за 1800 грузавікоў.
Найбольш загружаны пункт пропуску — «Каменны Лог». Там сабралася больш за 740 грузавікоў. На другім месцы ідуць «Беняконі», дзе заезду на тэрмінал чакаюць больш за 580 вялікагрузаў. У «Прывалцы» — болей за 190, у «Катлоўцы» — 110.
На адзіным дагэтуль адкрытым пункце пропуску з Латвіяй — «Грыгароўшчыне» — у чарзе на выезд з Беларусі сабралася больш за 160 грузавікоў.
Беларускія памежнікі вінавацяць ва ўсім сваіх балтыйскіх калег, паколькі тыя прапускаюць праз мяжу нашмат менш транспарту, чым прадугледжана нормай.
Так, напрыклад, за мінулыя суткі, праз пункт пропуску «Камены Лог» праехала 54 грузавікі. Гэта каля 11% ад нормы. Днямі праз яго праехала ўсяго 48 вялікагрузаў, што не дацягвае і да 10% ад нормы. Гэты пункт пропуску здольны прапускаць па 500 грузавікоў цягам сутак.
На «Прывалцы» за суткі аформілі 75 грузавікоў пры прапускной магутнасці ў 230 машын. На астатніх пунктах пропуску на мяжы з Літвой і Латвіяй за апошнія суткі супрацьлеглы бок аформіў каля 50-57% ад нормы.
Пагранічны камітэт Беларусі сцвярджае, што цягам тыдня кантрольныя службы пункта пропуску «Медзінінкай» («Камены Лог») у сярэднім афармлялі 14% транспарту ад нормы. У трох іншых пераходах на мяжы з Літвой штодзень праязджала каля 35% грузавікоў ад нормы.
На латвійскім кірунку за тыдзень заехала 48% фур ад нормы.
А што на мяжы з Польшчай?
Адметна, што на польскім кірунку чарга фактычна адсутнічае. У «Казловічах» перад пунктам пропуску налічваецца больш за 20 грузавікоў. І гэтаму ёсць цалкам лагічнае абгрунтаванне. За мінулыя суткі польскі бок прыняў 669 грузавікоў.
У цэлым цягам апошняга тыдня, лічба грузавікоў, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу, вагаецца ад 601 да 849 машын. То-бок праз адзіны адкрыты грузавы пункт пропуску на мяжы з Польшчай, за суткі праязджае больш грузавікоў, чым праз пяць пунктаў пропуску на мяжы з Літвой і Латвіяй разам узятыя.
Калі за апошнія суткі праз «Казловічы» праехала 669 грузавікоў, то праз пяць астатніх пунктаў пропуску, прыдатных для руху грузавога транспарту, — 501.
Як закрыццё межаў уплывае на чэргі
Днямі беларускі Пагранічны камітэт падвёў вынікі працы пасля таго, як прайшоў месяц з моманту закрыцця Латвіяй пункта пропуску «Селенэ» («Урбаны» з беларускага боку) і два месяцы з моманту закрыцця двух пунктаў пропуску Літвой. За два месяцы чэргі транспарту ў Літву выраслі ў 2,3 раза, у Латвію — у 5,8 раза.
«Найбольш загружаны маршрут у краіны ЕС па-ранейшаму праходзіць праз літоўскі «Мядзінінкай» («Каменны Лог»). Яго кантрольныя службы на працягу апошніх двух месяцаў штосутачна афармлялі каля 39% грузавога і легкавога транспарту», — гаворыцца на сайце ведамства.
Што тычыцца менавіта легкавога транспарту, то па стане на 16 гадзін 20 кастрычніка чэргі з легкавікоў ёсць толькі ў пунктах пропуску «Прывалка» і «Беняконі». Там заезду на тэрмінал чакаюць 40 і 30 аўто адпаведна.
Каментары