Усяго патроху22

«Людзі з Тайваня і Карэі пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь». Актывістка прайшла сотні кіламетраў па Іспаніі з расказам пра палітвязняў

Беларуска Аляксандра Мамаева прайшла 315 км па шляху Святога Якуба — старажытным пілігрымскім маршруце ў Іспаніі. Падчас дарогі яна расказвала пра Беларусь і палітвязняў. Пагутарылі з ёй пра тое, як гэта было.

Аляксандра Мамаева. Фота: архіў суразмоўцы

Аляксандра жыве ў Славеніі і працуе каардынатаркай Народных амбасадаў Беларусі, а таксама ўжо шмат гадоў арганізуе вандроўкі на парусных яхтах.

Цяперашняе яе падарожжа — ужо пяты яе прыезд на Camino de Santiago, першы раз яна там апынулася ў 2012 годзе. Існуе некалькі маршрутаў шляху Святога Якуба, і Аляксандра паспрабавала на сабе некалькі з іх:

«Прайсці гэтым шляхам было маёй вельмі даўняй марай, я тады яшчэ жыла ў Беларусі і гэта падавалася чымсьці недасягальным — трэба і грошы знайсці, і візу атрымаць. Я прачытала пра шлях Святога Якуба ў кніжцы Паўла Каэлья «Дзённік мага» і пасля гэтага захацела яго прайсці. У 2012-м я змяняла працу і ў мяне аказалася тры тыдні вольнага часу, і я паехала на Каміна. Два тыдні праходзіла яго адна, потым на тыдзень да мяне далучыўся мой будучы муж.

Для мяне гэта засталося адной з самых цікавых вандровак. На наступны год мы прайшлі па партугальскім маршруце «Каміна» ад Порту да Санцьяга-дэ-Кампастэла. У Славеніі ёсць свой пешы шлях Jakobova Pot, мы хадзілі і па ім». 

Апошні раз Аляксандра адна праходзіла Каміна ў 2019 годзе, выбрала французскі маршрут ад пачатку ў Сан-Жан-П'е-дэ-Пор да Бургаса. Яна расказвае, што не абавязкова праходзіць шлях цалкам, тым больш што некаторыя з варыянтаў Каміна вельмі доўгія — на іх спатрэбіцца некалькі тыдняў. Хопіць і двух тыдняў, каб адчуць атмасферу шляху, адпачыць і трохі пераключыцца ад побытавых спраў.

Фота: архіў суразмоўцы

Цяпер, у 2024-м, яна зноў выбрала французскі маршрут, але з фіналам у Санцьяга-дэ-Кампастэла — горадзе, куды вядуць усе маршруты Каміна:

«Гэты маршрут ідзе ад мяжы з Францыяй па паўночнай частцы Іспаніі. Я ішла кавалак ад горада Леон да Санцьяга-дэ-Кампастэла, атрымалася 315 кіламетраў, гэта адзін з папулярных маршрутаў.

У мяне была мэта не толькі адпачыць і прайсці гэты шлях, а і крышку прыцягнуць увагу да тэмы Беларусі і нашых палітвязняў. Таму я адмыслова выбрала той шлях, на якім больш пілігрымаў і адпаведна больш магчымасцяў даносіць людзям інфармацыю.

Да Каміна вельмі пажадана рыхтавацца, так будзе прасцей яго праходзіць. Раяць загадзя трэніравацца шмат хадзіць пешшу ці даваць сабе фізічную нагрузку, каб, калі прыедзеце на шлях, быць у нармальнай форме. Але нават калі рыхтуешся, першыя два-тры дні ісці цяжка, пакуль мускулы не звыкнуцца з нагрузкай. Проста ў гэты раз у мяне было шмат спраў перад паездкай, таму прыехала туды без падрыхтоўкі».

Асноўныя рэкамендацыі — браць на Каміна добры разношаны абутак, збіраць лёгкі заплечнік і быць у нармальнай фізічнай форме. Пажадана, каб заплечнік важыў 6—7 кг, не больш, расказвае жанчына.

Фота: архіў суразмоўцы

Шлях у Аляксандры заняў 13 дзён, і штодзень яна праходзіла прыкладна 25 км. Максімум за дзень — 32 км, усяго ўдалося прайсці 315 км. Але гэта толькі пройдзенае па шляху, бо калі ўвечары засяляешся ў альберге і прымаеш душ, усё роўна ідзеш гуляць па горадзе. Такім чынам, кажа Аляксандра, яна «нагуляла» яшчэ недзе 50 км.

Беларуска расказвае, што Народныя амбасады запусцілі эстафету Voices across Borders, каб распавядаць замежнікам пра сітуацыю ў Беларусі і саму краіну. Было б складана арганізаваць адпаведнае мерапрыемства ў Славеніі, бо гэта невялікая краіна, і беларусаў там няшмат. Таму Аляксандра вырашыла сумясціць адпачынак на Каміна з удзелам у акцыі і назвала гэта «Каміна для Беларусі»:

«Павесіла на заплечнік плакат з QR-кодам, там быў надпіс на англійскай і іспанскай мовах, што я іду па Каміна ў падтрымку беларускіх палітзняволеных. Па QR-кодзе можна было перайсці на адмысловую старонку праекта, пачытаць пра гэтую ініцыятыву і сітуацыю з палітзняволенымі ў Беларусі, а таксама зрабіць данат. Плюс у мяне былі маленькія лістоўкі пра сітуацыю ў Беларусі — я іх выстаўляла ў альберге, прышпіляла на інфармацыйныя дошкі і раздавала людзям, каму было цікава. 

Бачыла, што людзі сканавалі QR-код, чыталі, што напісана на плакаце. Мне выказвалі словы падтрымкі, адзін пілігрым сказаў, што ён абавязкова памоліцца за беларускіх палітвязняў. Штодзень знаходзілася некалькі чалавек, якія падыходзілі і пыталіся — маўляў, распавядзіце, што адбываецца цяпер у Беларусі, мы ведаем, што там былі пратэсты. Людзі з Тайваня ці Паўднёвай Карэі пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь і што там адбываецца». 

Фота: архіў суразмоўцы

Цяперашні шлях Аляксандры праходзіў праз горы ля іспанскага горада Леон. Але збольшага маршрут, па якім яна ішла, пралягае праз маленькія вёскі.

Аляксандра тлумачыць, што Каміна — гэта добры спосаб зразумець краіну:

«Ты ідзеш не толькі праз турыстычныя мясціны, але і праз спальныя раёны, вёскі, палі, вінаграднікі. Было цікава глядзець, як змяняецца ландшафт. Калі ішла ад Леона, яшчэ не прыбралі вінаград, і было вельмі прыгожа. Мне падаецца, кастрычнік — увогуле вельмі прыгожы час [у Іспаніі]: рознакаляровыя лясы, залатыя палі, чырвоныя вінаграднікі і плюшч — дужа маляўніча, тым больш што пашанцавала з надвор’ем.

Таксама цікава было глядзець, як змяняецца архітэктура. Да Леонскіх гор на ўсіх вясковых хатах была чырвоная дахоўка, а калі перайшлі за горы, пачаліся дахі з чорнага сланцу, гэта ўжо зусім іншыя па адчуваннях месцы. Вінаграднікі там змяніліся на пашы — там пасвіліся каровы, авечкі і коні, і стаялі адпаведныя пахі. Не ведаю іншага спосабу настолькі пагрузіцца ў краіну».

Колькі гэта каштуе? Аляксандра згадвае, што яна выдаткавала на двухтыднёвае падарожжа каля 800 еўра — гэта з білетамі, харчаваннем і пражываннем. Білеты каштавалі каля 250 еўра: жанчына ехала на аўтобусе да Мілана са Славеніі, з Мілана ляцела да Аўеда і з Аўеда ехала на аўтобусе да Леона, дахаты дабіралася гэтаксама. 

Фота: архіў суразмоўцы

Дзе жыць — ёсць розныя варыянты. Самы танны — альберге, спецыяльныя хостэлы для пілігрымаў. Каб туды засяліцца, трэба паказаць крэдэнсіяль, пашпарт пілігрыма, які купляеш у пачатку вандроўкі. Туды трэба ставіць штампы ў альберге, кафэ і цэрквах на шляху — гэта пацверджанне, што ты не проста турыст, а прайшоў гэты шлях. Па ім пры канцы вандроўкі выдаюць пасведчанне, што ты прайшоў Каміна.

Ёсць некалькі катэгорый альберге, тлумачыць Аляксандра:

«Яны могуць быць царкоўныя ці муніцыпальныя, і там звычайна начуеш за ахвяраванне: колькі чалавек мае грошай ці не шкадуе, столькі ён можа пакласці. Відаць, калі з грашыма зусім дрэнна, чалавек можа начаваць бясплатна ці пакласці ўмоўна 2—5 еўра.

Часцей за ўсё начлег у альберге каштуе каля 10—12 еўра. У больш дарагіх альберге, дзе большая зона для адпачынку і менш ложкаў у пакоі, кошт недзе 15—18 еўра за начлег. Там ёсць ложак у агульным памяшканні, кухня, душ, нейкая грамадская зона, можа быць сад. Мне такога дастаткова, тым больш там можна пазнаёміцца з новымі людзьмі. І калі ты праходзіш 25 км, табе ўжо не так важны камфорт, патрэбны проста нармальны адпачынак.

Ёсць апартаменты, дзе асобны пакой можа каштаваць 25—30 еўра, а нумар з душам і туалетам можа каштаваць 40—60 еўра».

Калі хочацца сэканоміць на харчаванні падчас шляху, трэба купляць прадукты ў краме і гатаваць самастойна. Амаль ва ўсіх альберге ёсць кухня, посуд, часта там пакідаюць макарону, масла, цукар, соль, гарбату — тое, чаго набылі шмат і не хочуць з сабой несці. 

У тамтэйшых рэстаранах прапануюць «меню пілігрыма» — гэта каштуе ад 12 да 20 еўра. Там ёсць закуска ці паста, гарачая страва, дэсерт, а таксама вада ці віно. Таксама ў кавярнях можна набыць сняданак: гэта кава з бутэрбродам ці пірагамі, можа быць тарцілля — іспанскі амлет. Кава з круасанам можа каштаваць тры еўра, аднойчы Аляксандра заплаціла за сняданак 13 еўра — столькі каштавалі разам велізарны амлет, кава, свежаспечаны хлеб с джэмам і маслам.

Яшчэ заўжды ёсць неспадзяваныя выдаткі.

«Напрыклад, я набыла маленькі паўэрбанк, бо забыла свой паўэрбанк дома, пластыры, сонечныя акуляры. Таксама можна выдаткоўваць грошы на пранне: можна праць рэчы самастойна, але восенню яны сохнуць не так хутка, таму можна заплаціць 5-6 еўра, каб іх папраць і хутка пасушыць.

Амаль не набываю там сувеніраў, бо ўсё гэта трэба несці на сабе, а пасля 20 км ты адчуваеш кожныя 100 грамаў. Мае сувеніры — гэта крэдэнсіяль, у які я ставіла штампы, сертыфікат, што я прайшла Каміна, і таксама я набыла прыгожую мапу ўсяго шляху, каб можна было планаваць наступнае падарожжа. Яшчэ можна набыць ракавінку — сімвал Каміна».

Фота: архіў суразмоўцы

Аляксандра адзначае, што ў падарожжах па Каміна амаль не трэба нічога планаваць. Калі арганізуеш звычайнае падарожжа, мусіш браніраваць жыллё і шмат прадумваць загадзя. Але на Каміна, як мінімум на французскім маршруце, пануе свабода: проста купляеш білет, прылятаеш туды і ідзеш. На кожныя 2—3 км ёсць вёска, дзе можна паесці, кожныя 5 км — апартаменты ці альберге. 

Ці гатовая Аляксандра пайсці па Каміна ў шосты раз? Анягож, кажа яна:

«Ішла і думала, як я хачу пайсці на Каміна з мужам, запамінала добрыя рэстараны і прыгожыя гарадкі. Можна паспрабаваць іншы маршрут — ёсць такі Каміна Прымітыва, яму недзе тысяча гадоў і ён праходзіць праз горы. Таксама ёсць шмат іншых пешых маршрутаў, ёсць з чаго выбраць. Мару, што калі дзеці падрастуць, бо толькі падлеткам на шляху камфортна, пройдзем па Каміна ўсёй сям’ёй.

Мне падаецца, што ідэя расказаць такім чынам пра палітвязняў спрацавала. Для мяне рабілі персанальны QR-код, і пакуль не ведаю, ці шмат данатаў туды пералічылі. Але для мяне галоўным было размаўляць пра Беларусь, разумець, як шмат замежнікі ведаюць пра нас. Усведамляю, што трэба больш намаганняў, каб інфармаваць і палітыкаў, і простых замежнікаў пра тое, што ў нас адбываецца. Жыхары Італіі, Славеніі не ведаюць, якая цяпер сітуацыя ў Беларусі і колькі там палітзняволеных, што ў нас за кратамі нобелеўскі лаўрэат. Гэта трэба змяняць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Антось
    12.11.2024
    Вот это круто! Вдохновила меня - пойду печь самый большой драник в мире, с которым пойду по европе шляхам святой элжбеты и святого кшыштофа, буду адламываць по кусочку и рассказывать людям пра ВКЛ и ВКПБ.
  • ДД
    12.11.2024
    Той выпадак, калі простая жанчына зрабіла больш, чым некаторыя нобелеўскія лаўрэаты...

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?28

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску людзі ўначы выстройваюцца ў чэргі, каб купіць рэдкія манеты

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

Літоўская мытня чарговы раз ускладніла ўмовы для транзіту аўто з ЗША ў Беларусь. Якія аўто цяпер могуць захраснуць у порце Клайпеды?5

У кафэ ў Брэсце можна разлічыцца лісцем2

МТЗ правёў краш-тэст сваёй сякеры: інструмент пераехалі трактарам ВІДЭА7

Даляр узяў адзнаку 3,4 рубля

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?28

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Галоўнае
Усе навіны →