Палітзняволенаму Аляксею Кузьміну прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
У Мінскім гарадскім судзе 18 верасня абвясцілі прысуд палітзняволенаму былому менеджару МТС і салісту музычнага гурта «Закон гуку» Аляксею Кузьміну. Ён праходзіў па гучнай справе «Чорнай кнігі Беларусі». Суд вынес той самы прысуд, які прасіў пракурор — 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Нягледзячы на тое, што ў ліпені палітвязень вымушана даў прапагандыстам інтэрв'ю з «пакаяннямі», яго ўсё адно судзілі за «дапамогу ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці групай асоб» і «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». А прысуд не адрозніваецца ад тых, якія звычайна выносяцца па падобных абвінавачваннях.
Аляксея затрымалі 26 кастрычніка 2022 года і змясцілі пад варту. Згодна з версіяй абвінавачання, з 9 жніўня 2020 года да 8 красавіка 2021 года ён, займаючы пасаду начальніка аддзела сістэм прадбілінгу і тарыфікацыі кіравання тэлекам-рашэнняў Дэпартамента інфармацыйных тэхналогій СТАА «МТС» і маючы доступ да асабістай інфармацыі кліентаў аператара мабільнай сувязі, «зліваў» яе ў тэлеграм-каналы «Чорная кніга Беларусі», «Карнікі Беларусі», «Все нарушения!».
Па справе праходзілі не менш за 57 «пацярпелых»: сілавікі, праўладныя журналісты, чыноўнікі, суддзі, пракуроры і члены іх сем'яў. Сярод іх — прапагандыстка Людміла Гладкая, дэпутат Сяргей Клішэвіч, праўладны бізнэсмен Яўген Алексяюк.
Таксама палітвязня судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту, доказам якога з'яўляецца ягоны фотаздымак на дарозе.
На судзе Аляксей віну прызнаў цалкам і «раскаяўся» ў здзейсненым. Справу разглядаў суддзя Сяргей Хрыпач.
Каментары