У міжнароднай выставе арт-шкла ва Уроцлаве ўдзельнічае твор беларускага мастака Паўла Вайніцкага
Учора ва ўроцлаўскай Geppart Gallery адкрылася выстава па выніках Міжнароднага конкурсу шкла імя Збігнева Харбова (Horbowy International Glass Competition). У лік паўсотні прац — фіналістаў спаборніцтва быў адабраны і твор беларускага мастака Паўла Вайніцкага — Négritude, піша Reform.by.
На выставе прадстаўлены працы мастакоў, якія раскрываюць магчымасці такога матэрыялу, як шкло, — як пластычнасць, дэкаратыўнасць, актуальнасць і вобразнасць. Тэмы, на якія выказваюцца ў сваіх працах мастакі, — ад прапаганды да расавых праблем.
У прыватнасці, Négritude Паўла Вайніцкага ўяўляе сабой наступную кампазіцыю: на рознакаляровых частках канструктара як на спартыўным пастаменце стаяць тры шкляныя галавы-формы — белая, чорная і белая.
«Распачаты ў першае дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя Négritude быў антыкаланіяльным культурным і палітычным рухам за адраджэнне афрыканскай культуры і ўвогуле каштоўнасці чарнаскурых людзей. Усяго стагоддзе таму было не так відавочна тое, што сёння ёсць аксіёмаю: свет не належыць выключна беласкурым, усе людзі роўныя. Мая праца іранічна ставіць пад сумнеў канцэпцыю белага (каланіяльнага і посткаланіяльнага) панавання», — распавёў пра свой твор Reform.by Павел Вайніцкі.
Конкурс імя Збігнева Харбова скіраваны на прамоцыю мастацкага шкла і дызайну як традыцыі рэгіёна Ніжняя Сілезія і Уроцлава. У мэтах арганізатараў — пабудаваць мост паміж гісторыяй і будучыняй праз медыум гэтага ўнікальнага віду мастацтва.
Куратарам выставы ў Geppart Gallery выступіў доктар Мар'юш Лабінскі.
Каментары