«Страшылі непрыемнасцямі, калі звольніцца». Што яшчэ вядома пра суіцыд кіраўніцы раённай суполкі БРСМ
Кіраўніцы Зэльвенскай раённай арганізацыі БРСМ Вераніцы Палубок было 20 гадоў. Дзяўчыну знайшлі павешанай у лесе. «Вераніка казала, што стамілася і хоча адпачыць», — згадвае знаёмая.
На сайце Зэльвенскага райвыканкама ў раздзеле пра БРСМ Вераніка Палубок застаецца пазначанай «першай сакратаркай» раённай арганізацыі. Гаварыць у ёй пра нябожчыцу адмовіліся.
У абласной арганізацыі БРСМ больш за 10 хвілінаў вырашалі, што сказаць журналісту, неаднаразова гаворачы яму «пачакайце». Урэшце паклалі слухаўку і адключылі тэлефон.
Пра смерць кіраўніцы раённай арганізацыі БРСМ паведаміў у сваім тэлеграм-канале толькі праз некалькі дзён пасля таго, як навіна з'явілася ў СМІ — позна ўвечары 23 жніўня са спасылкай на пошукава-ратавальны атрад «Анёл». У некралогу гаварыцца аб «заўчасным сыходзе з жыцця» Веранікі Палубок.
«Вераніка была сапраўдным прафесіяналам, выканаўчым работнікам, спагадным чалавекам і добрым сябрам!» — адзначана ў паведамленні.
Знаёмая дзяўчыны ў перапісцы з «Нашай Нівай» расказала, што Вераніка хацела звольніцца з кіроўнай пасады ў БРСМ, бо не звязвала сваёй будучыні з гэтай арганізацыяй і іншымі ўладнымі структурамі.
Па словах жанчыны, з Веранікай нібыта дамовіліся, што яна будзе ўзначальваць бээрэсэмаўскую суполку толькі год. У Гродзенскім жа абкаме БРСМ настойвалі, каб дзяўчына заставалася на пасадзе і страшылі непрыемнасцямі, калі звольніцца.
«Вераніка казала, што стамілася і хоча адпачыць. Што тое, чым займаецца, ёй не падабаецца», — расказала знаёмая Палубок.
Кіраваць раённай суполкай БРСМ Вераніку Палубок паставілі ў ліпені 2022 года. Датуль яна працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Дзярэчынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе.
Па словах іншай суразмоўніцы, незадоўга да смерці Вераніка стала заўважна прыгнечанай і маўклівай, а гэта не было падобна да яе.
«Што хавала на душы, Вераніка нікому не казала, але было відаць, што з-за нечага яна перажывае», — заўважыла знаёмая нябожчыцы.
Па факце смерці Палубок следчымі праводзіцца праверка. Афіцыйна пра смерць супрацоўніцы БРСМ не паведамлялася.
Сувязь з Веранікай Палубок знікла 21 жніўня. У гэты дзень яна выехала з вёскі Князева, што ў Зэльвенскім раёне, на аўтамабілі ў Масты. 23 жніўня ў сацыяльных сетках пошукавага атрада «Анёл» з'явілася інфармацыя, што дзяўчына знойдзеная нежывой.
«Люстэрка» напісала, што Вераніка ў развітальным паведамленні бацьку прасіла нікога не вінаваціць і не шукаць яе. Крыніцы выдання дапусцілі, што накласці рукі на сябе дзяўчына магла з-за праблемаў на працы.
Дзяўчына родам з вёскі Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна. У 2021 годзе яна з чырвоным дыпломам скончыла Ваўкавыскі каледж ГрДу імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «замежная мова (нямецкая)», а пасля паступіла на завочнае аддзяленне ў МДЛУ.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
У Кобрыне скончыў жыццё самагубствам 34-гадовы афіцэр міліцыі, бацька чатырох дзяцей
Скончыў жыццё самагубствам намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама — BELPOL
«Нармальныя хлопцы, нармальныя дзеці не страляюцца». У часці ў Печах пацвердзілі суіцыд салдата
Каментары