«Знайшлі павешанай у лесе». Сакратарка БРСМ у Зэльве ўчыніла суіцыд, магчыма, праз праблемы на працы
Увечары 21 жніўня 20-гадовая Вераніка Палубок паехала з Зэльвенскага раёна ў суседні горад і перастала выходзіць на сувязь. Сёння дзяўчыну знайшлі павешанай у лесе. На думку мясцовых жыхароў, дзяўчына звяла рахункі з жыццём праз канфлікт на працы — Вераніка ўзначальвала ячэйку БРСМ у Зэльве, піша «Люстэрка».
У панядзелак, 21 жніўня, дзяўчына знаходзілася ў аграгарадку Князева Зэльвенскага раёна. Каля 16-й вечара яна паехала на машыне ў Масты і перастала выходзіць на сувязь. Пазней аўтамабіль знайшлі, але актывісткі БРСМ у ім не было.
Каля 13:00 23 жніўня з'явілася інфармацыя, што Вераніку знайшлі мёртвай. Праз тры тыдні ёй споўніўся б 21 год. Афіцыйная прычына смерці не паведамляецца.
«Да ўсяго таго, што адбылося, Вераніка напісала развітальнае паведамленне свайму бацьку, дзе прасіла нікога не вінаваціць і не шукаць яе, — расказала «Люстэрку» сяброўка загінулай. — Яшчэ ходзяць чуткі, але гэта не дакладная інфармацыя, што ў яе былі сур'ёзныя праблемы на працы».
Падобнае меркаванне і ў мясцовых жыхароў: яны думаюць, што на такі крок сакратарка ячэйкі моладзевай арганізацыі магла пайсці праз ціск на працы.
«Яна раней працавала ў школе, але яе адтуль «вырвалі» ў БРСМ, — распавяла чытачка «Люстэрка». — Хацела звольніцца, але не давалі. Кажуць, прычынай суіцыду і стала праца (па словах знаёмых, яна з ёй не спраўлялася). Вераніка сама па сабе вельмі спакойная, ніякіх праблем з псіхікай у яе не было».
Вераніка Палубок родам з вёскі Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёна. У 2021 годзе яна з чырвоным дыпломам скончыла Ваўкавыскі каледж ГрДу імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «замежная мова (нямецкая)», а пасля паступіла на завочнае аддзяленне ў МДЛУ.
З 2021 года дзяўчына працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Дзярэчынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. А ў ліпені 2022 года яна ўзначаліла першасную ячэйку БРСМ у Зэльве.
Каментары