Кампанія аматараў BMW, якая ездзіць па Гомелі з чырвона-зялёнымі сцягамі, зноў трапіла ў поле зроку сілавікоў. Раней у аднаго з кіроўцаў забіралі аўто.
Гомельскія сілавікі зацікавіліся кіроўцам, які зладзіў дрыфт на BMW на цэнтральнай плошчы. Экстрэмалы апублікавалі відэа ў сацсетках, дзе ролік знайшлі супрацоўнікі ДАІ.
На відэа дрыфтуе BMW з чырвона-зялёным сцягам, устаноўленым у заднім акне. За рулём знаходзіўся 21-гадовы жыхар Брэсцкай вобласці. Наяўнасць дзяржсцяга не выратавала. На кіроўцу склалі некалькі пратаколаў, у тым ліку за стварэнне аварыйнага становішча, рух па ходніках, утойванне рэгістрацыйных знакаў, парушэнне правілаў манеўравання і іншыя. Па паведамленні міліцыі, яму пагражала пазбаўленне правоў на два гады.
Дарэчы, у паведамленні гомельскай міліцыі няма згадкі пра тое, што кіроўца дрыфтаваў са сцягам. Пры гэтым на відэа яго можна разгледзець.
Аказалася, дрыфтар — удзельнік кампаніі, якая любіць ганяць па гомельскіх вуліцах з чырвона-зялёнымі сцягамі. Пра гэтую кампанію стала вядома летам, ДАІ забрала машыну ў гамяльчаніна Арцёма Карпенкі, які з сябрамі зладзіў гонкі па горадзе са сцягамі, каб «падняць патрыятызм».
Машыну Карпенку неўзабаве вярнулі, і кампанія працягнула ладзіць розныя перфомансы за гранню правілаў дарожнага руху. Адным з іх і стаў Дрыфт на цэнтральнай плошчы.
«Флагшток» даведаўся, што дрыфтара зваць Мікіта Дорах. Акрамя дзяржсцяга ў заднім акне, на яго аўтамабілі ёсць і дзяржаўны герб: ён наляпіў яго на нумар пад сцягам. Перад дрыфтам хлопец, праўда, задні нумар зняў — за гэта на яго склалі асобны пратакол.
Мяркуючы па запісах у сацсетках, правы ў Дораха ўсё ж такі забралі. Ён апублікаваў фота з аўтамабілем на штрафстаянцы і плануе разыграць BMW сярод падпісчыкаў.
Каментары